Выбрать главу

Тым часам, 17 верасьня 1939 Чырвоная Армія акупавала Заходнюю Беларусь, і была ўтвораная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Гэная падзея была прадстаўленая як вызваленьне беларускага народу. Заходнікі не разумелі, што азначала гэная акупацыя. Яны думалі, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай і што пасьля ўзьяднаньня яны будуць уважацца за першарадных грамадзянаў сваёй уласнай краіны. Хутка пасьля акупацыі заможныя сяляне (кулакі) былі абвінавачаныя ў тым, што эксплуатуюць іншых людзей, каб зарабіць сабе багацьце. Саветы не трывалі фінансавай незалежнасьці, а таму саслалі тысячы «кулакоў» у Сібір, а астатніх сялянаў сагналі ў калгасы. З Усходняй Беларусі саветы запрасілі тых настаўнікаў і кіраўнікоў, якім давяралі. Трансфармацыя адбылася вельмі хутка, бо вельмі эфектыўна ўжываліся тэрор і падаўленьне ўсялякіх свабодаў. Людзі даволі хутка ўсьвядомілі, што любога кшталту пярэчаньне савецкім уладам прывядзе адное да імгненнага зьнікненьня пры дапамозе сакрэтных службаў. Што датычыцца беларускай інтэлігенцыі, то яна разглядалася як небясьпечны элемент і таксама была рэпрасаваная.

Да лягеру дайшла чутка, што ў Беларусі былі адчыненыя ўсе школы і што кожны мог вучыцца ва ўніверсітэце. Я пачаў марыць пра тое, каб вывучаць медыцыну. Маё жаданьне зьбегчы як мага хутчэй рабілася ўсё больш і больш моцным і з дэпрэсаванага чалавека пераўтварыла мяне ў энергічны, ваяўнічы дух. Я быў поўны надзеяў і нават зацікавіўся тым, як гуляць у брыдж! Калі выключалі сьвятло, мы з Косьцікам мармыталі нашыя пляны, і нас не пужала тое, што, як лічылася, зь лягеру, зь ягоным падвойным дротам, назіральнымі вышкамі, аховай і кулямётамі, немагчыма было зьбегчы.

У лягеры праз кожныя сто мэтраў праходжваліся паміж вышкамі ахоўнікі. Мы засеклі, колькі ім трэба часу, каб прайсьці гэтую адлегласьць, і падлічылі, колькі нам спатрэбіцца часу, каб разрэзаць дрот.

Спачатку ўцёкі былі заплянаваныя на снежань, але мы не знайшлі кусачкаў і мапы і таму сьвяткавалі Ражаство ў лягеры. Я думаў тады пра сваю маці. Уяўляў, як яна ўзгадвае пра мяне на сьвяты й плача, што я ня вольны. Гэныя думкі толькі ўзмацнілі мой намер уцячы.

У лягеры зь немцамі супрацоўнічалі эмісары, выбраныя з саміх палонных. Адзін зь іх неяк зьвярнуўся да нас з прапановай запісацца дабравольцамі да немцаў. Ён паабяцаў, што калі мы зробім гэта, нас выпусьцяць зь лягеру й мы будзем больш-менш вольнымі. Канечне, мы заставаліся б замежнікамі, але нішто не выдавала б на тое, і мы маглі б вольна перамяшчацца на пазначаных тэрыторыях. Мяне вельмі раззлавала гэная прапанова, і я сказаў, што дабравольцы мусяць саромецца саміх сябе й таго, што працуюць на ворага. Магчыма, яны думалі, што тое, што яны робяць, у рэсьце рэшт найлепш. Яны вызвалялі беларусаў, бо, відаць, думалі, што тыя будуць потым лепш падрыхтаваныя для выкананьня заданьняў, калі немцы заваююць Беларусь.

Мой сябар Вова таксама быў у тым самым лягеры, што й мы з Косьцікам. Вову лепш кармілі, ён меў большую свабоду перамяшчэньня й доступ да рознага кшталту прыпасаў. Я аднойчы сутыкнуўся зь ім і, пасьля таго, як ён запэўніў мяне, што яму можна давяраць, папрасіў дапамагчы нам ва ўцёках. Вова на гэна сказаў, што мы мусім быць вар'ятамі, бо камуністы й Савецкі Саюз не пакінуць нас на волі. Я запярэчыў, што яму, відаць, немцы ўжо прамылі мазгі, але ён настойваў на тым, што ведае, пра што гаворыць. Ён падкрэсьліў, што ў Савецкім Саюзе ня можа быць свабоды, бо чалавек тамака павінны сьлепа падтрымліваць партыйную лінію. Я быў крыху агаломшаны тым, што пачуў, але я ўжо болей ня мог заставацца ў палоне. Я хацеў вывучаць мэдыцыну й адчуваў, што калі ня здолею ўцячы, скончу жыцьцё самагубствам. Пабачыўшы, як я сумеўся, Вова пагадзіўся дапамагчы й раздабыць кусачкі, мапы й компас. Ён стрымаў сваё абяцаньне і дзясятага студзеня прыйшоў да мяне ў барак з усімі неабходнымі прыстасаваньнямі. Вова пабаяўся сесьці на салому, бо ў яго не было вошай, і просеў на драўляную лаўку. Ён сказаў, што мае тое, што нам патрэбна, і запіхнуў нешта мне ў кішэню. Потым пачаў распытваць мяне пра нашыя пляны, але я ўхіліўся ад адказу, бо разумеў, што нават калі ў яго былі й добрыя намеры, ня трэба нікому давяраць такую інфармацыю. Ён даў мне кусачкі, компас і мапы, як я й прасіў, і я пачаў вельмі моцна хвалявацца. Я ня мог спаць, бо галава мая была перапоўненая йдэямі. Я ўжо бачыў, як уцякаю зь лягеру й паначы крочу ўздоўж мяжы. Я ўяўляў сябе лекарам, разам са сваёй маці. Нарэсьце, я заснуў і сьніў сны пра нашыя ўцёкі.