Выбрать главу

Мы вырашылі, што дванаццатага студзеня будзе днём пачатку апэрацыі. Мы распачалі агітацыю на кухні й знайшлі трох чалавек, якія захацелі да нас далучыцца. Яны пагадзіліся здабыць ежы на шэсьць дзён (сыр, хлеб, кілбасу) у абмен на тое, што мы гарантуем ім надзейныя ўцёкі. Мы паспрабавалі стварыць у іх пазітыўнае стаўленьне да нашай задумы, пераканаць у тым, што мы ўсё здолеем і што яны даведаюцца пра ўсе дэталі за два дні да ўцёкаў.

Сьнег на той час быў глыбокім, а адлегласьць паміж бліжэйшым баракам і агароджай была каля дзьвюхсот футаў і знаходзілася паміж дзьвюма вышкамі з ахоўнікамі й кулямётамі. У адпаведнасьці з плянам, мы павінны былі абкруціцца прасьцінамі з нашых саламяных ложкаў, прапаўзьці па сьнезе да агароджы, перарэзаць яе, потым — другую й у спрыяльны момант уцячы. Галоўнай перашкодай былі рэйкі на ўзвышшы. Мяне непакоіла тое, што калі сьнег занадта глыбокі, мы ня здолеем ускараскацца на насып, зрынемся й будзем застрэленыя. Аднак у нас не было выбару, бо гэнае месца было найбольш зручным праз сваю набліжанасьць да баракаў. Нарэсьце мы прызначылі дакладны час: 9 вечара, 20 студзеня 1940 г.

Сямнаццатага студзеня ў мяне падскочыла тэмпература ажно да 40 градусаў. Мяне адправілі ў лазарэт, дзе пад наглядам немцаў працавалі польскія лекары. Яны падазравалі, што ў мяне запаленьне лёгкіх. Але я пачуваўся не так ужо й дрэнна. У мяне балела ўсё цела, галава, вочы — бы гарэлі, але я мог нармалёва дыхаць.

Я ведаў, што мне трэба выбірацца са шпіталю, і я пераканаў сябе, што да дваццатага мушу паздаравець.

Васямнаццатага тэмпэратура была ўсё яшчэ высокай. Да мяне неяк падышоў адзін польскі афіцэр і спытаўся, ці не прыгнечаны я нечым. Я адказаў, што ў мяне ўсё ў парадку, але на самой справе я быў моцна расчараваны.

Дзевятнаццатага тэмпература панізілася да 38,5 градусаў. Да палудня я прыняў рашэньне, што, што б ні здарылася, мы будзем уцякаць дваццатага. Косьцік прыйшоў наведаць мяне ў шпіталі й прапанаваў адкласьці нашую апэрацыю, але я настаяў на тым, што наш плян мусіць застацца нязьменным. Косьцік паведаміў мне, што повар і ягоныя два памочнікі таксама да ўцёкаў. Косьцік сказаў, што яны робяць уражаньне надзейных, сытых, моцных і крэпкіх людзей. Ён павінен быў запэўніць іх, што ўцёкі будуць удалымі і што, калі нас зловяць, нам нічога не пагражае. Пакуль на нас уніформа, немцы нічога ня могуць нам зрабіць, акрамя як вярнуць у лягер. Канечне, яны могуць нас неяк пакараць за спробу зьбегчы, але не забіць. Аднак, калі мы здолеем уцячы і будзем апранутыя ў цывільнае, яны ўжо будуць уважаць нас за шпіёнаў і расстраляюць. Мы праверылі ўсе нашыя прыстасаваньні й вынайшлі, што нам патрэбны чырвоны ліхтарык, бо ягонае сьвятло ня гэтак заўважнае, як у звычайнага. Мы запыталі Вову наконт таго, ці можа ён нам дапамагчы.

Надышоў вечар, і лекар запытаўся ў мяне, ці не жадаю я згуляць у брыдж. Я ўжо крыху наўчыўся гэтай гульні да гэнага часу, але ня мог засяродзіцца на ёй, кінуў гуляць і пайшоў спаць. Лекар адчуваў, што я быў сам ня свой, і хацеў даведацца, што мяне турбавала. Я зманіў яму, што заклапочаны сваёй хваробай і хачу як мага хутчэй вярнуцца да сваіх сяброў у барак. Я быў упэўнены, што лекар мне ня верыць і што ён ужо зразумеў, што ў мяне іншыя пляны.

Я паклаўся ў ложак і паспрабаваў заснуць, але ня змог за думкамі пра ўцёкі. Я пракруціў іх у галаве сотні разоў. Я быў галоўным арганізатарам, адказваў за ўсіх астатніх і ня меў права памыліцца. Калі-нікалі я шкадаваў, што мы вырашылі ўзяць з сабой яшчэ трох палонных, бо зьбегчы ўпяцёх значна складаней, чым удваёх. Так ці йначай, але рашэньне ўжо было прынятае й усё мусіла быць добра арганізавана.

Я марыў пра тое, як патраплю нарэсьце дадому, дзе мяне пяшчотна сустрэне маці й я ўбачу сьлёзы ў ейных прыгожых вачах. Я быў нават няўпэўнены ў тым, ці ведае яна, што я жывы. Мы спрабавалі даслаць аб сабе весткі дадому, але невядома, ці дайшлі яны. У рэсьце рэшт я заснуў.

А сёмай раніцы нас пабудзілі на сьняданак, што мне ў гэным лазарэце вельмі падабалася. Потым, а дзевятай раніцы, прыйшоў нейкі ахоўнік, і я адчуў, што маё сэрца вось-вось спыніцца. Ахоўнік размаўляў з лекарам, а той ківаў галавой у знак згоды. Калі ахоўнік пайшоў, лекар сказаў мне, што мяне жадаюць бачыць у камэнданта. Я, відаць, зьбялеў на той момант, бо лекар спытаўся, як я пачуваюся. Я адказаў, што гэтая нечаканая сустрэча будзе, напэўна, вельмі непрыемнай. Лекар зразумеў мае падазрэньні й запэўніў, што ахоўнік быў даволі прыязным.