Выбрать главу

У Бэрліне на «Weissensee» тры дні правёў на рапартах з палк. Езавітавым — сколькі людзей пакіну і дзе яны і т. д. Гэты прапанаваў мне ўступіць у новаарганізаваную ў Баварыі Беларускую Дывізію. Заядлыя дыскусіі — БНП прапанавала лепш скідаць уніформу й йсьці ў рабочыя лягеры, наклейваючы сабе значкі «Ostarbeiter»[19], каб у часе капітуляцыі быць сярод сваіх людзей і не пападаць у паніку. На нейкі час прыняў я камандаваньне нейкім «запасным батальёнам» у Бэрліне — гэта разьбіткі з БКА — шмат афіцэраў і падафіцэраў, але панавала там анархія і бесдысцыплінаванасьць. Далей, таму што ўпіраўся ня ўступаць у дывізію, папаў у няласку прэзыдэнта Астроўскага, які выкрасьліў мяне зь лісты павышэньня рангаў (на маёра), ня мог атрымаць Verpflegungskarte[20].

Ня ведаю, дзе ў гэты час Барыс боўтаўся. Сп. Ю. Сабалеўскі запрапанаваў мне разам зь Бяленічам быць інспэктарам па расьсяленьні бежанцаў у Нямеччыне, якіх часта пасялялі ў Ostarbeiterlagers[21].

Дастаў прымэльдаваньне й харчавыя картачкі. Пачаў езьдзіць па Нямеччыне, знайшоў сваю сымпатыю Вару М. у Турынгіі. Урэшце йзноў зьявіўся Барыс і заявіў мне, што нідзе ня выкруцішся. Дывізія ўжо зарганізавана й мне прапануецца камандаваньне афіцэрскай школы пры гэтай дывізіі. Атрымаў зялёную вайсковую ўніформу з пагонамі капітана і выехаў у Баварыю.

Тут пачаліся нармальныя заняткі ў школе і ў батальёнах «дывізыйных». Барыс прыпыніўся пры штабе гэнэрала Зыглінга як лучнік да дывізыі (Verbindungsoffizier).

За пару тыдняў прысылаюць у школу «Sturmbahnfüher’а» Marbach, які пераймае каманду школы, якую пераймяноўваюць у «падафіцэрскую школу (Unteroffizierschule). Мне прапануюць астацца, як «Verbindungsoffizier». Паўстала замяшаньне. Кадэты пачалі бунтавацца, ня прызнаючы нямецкага камандзера, а дэманстрацыйна здаючы мне рапарты і т. д., як, напр., Зьмітро Зыбайла (?). Немцы загадалі мне й некалькі афіцэрам-інструктарам больш не паяўляцца ў школе, а сядзець у асобным бараку да дальшага распараджэньня.

Ізноў зьяўляецца Барыс — забірае мяне ў штаб, дзе быў у нейкім замку на ўрачыстасьці з усім нямецкім гэнэралітэтам і даволі блізка абсэрваваў самога гэн. Зыглінга, які выдаваўся мне вельмі прыстойны, высокі й даволі сымпатычны. Атрымоўваем з Барысом паперы й напраўленьне на поўнач у Ростак. Гэта мне вельмі заімпанавала, бо вельмі ж калісь прагнуў папасьці ў нямецкую акадэмію ваенную.

Там школілі нас на камандзераў батальёнаў і брыгадаў. Ня было афіцэра ніжэй капітана, шмат маёраў і палкоўнікаў Ritterkreuzträgers[22].

З чужаземцаў было з намі пяць афіцэраў мадзярскіх. Вадзілі на палігоны, дэманстравалі панцэрфаўсты й панцэршрэкі.

На выкладах вучылі, як арганізаваць штаб батальёнаў і новыя дывізыі «45» з малою колькасьцю людзей, але вельмі сільнаю зброяй, кожны жаўнер з аўтаматам. Падкрэсьлівалі немцы, што ім не хапае добрага вышкаленьня ваяваць уночы і ў лясох г. зн. з партызанамі.

Вазілі нас ува ўнівэрсытэт у Ростак на цікавыя выклады й дыскусіі. У часе перарываў высокія афіцэры акружвалі нас пры перакурцы, распытвалі хто мы, бо мелі на шапках Пагоні, а на каўнерах ярылаўскія крыжы. Асабліва захопленыя былі Барысом, які сярод іх выглядаў молада, быў у ранзе маёра й бадзёра трымаўся. Я асабіста нейк слаба разумеў панямецку, ды агарнуў мяне пэсымызм, чуючы часта гарматныя стрэлы недалёка пад Штэтынам.

Пыталіся і радзіліся нас практычных заўвагаў пра барацьбу з партызанамі. Цікава, што часта заяўлялі, калі б нас (немцаў) аліянты пакінулі бамбіць і атакаваць з захаду, дык мы гэтым герояў чырвоных яшчэ здольныя былі б загнаць назад з-пад Бэрліна й Штэтына за Маскву.

Аднаго разу выгналі нас на пляц кашараў, пастроілі ў трыкутнік (чалавек каля пару тысяч). Зьяўляецца фэльдмаршал з булавою, якому здалі рапарт, а ён кажа:

«Спадары, на ўсходнім фронце дрэнна, таму што шмат дэзэрцыі. Я патрабую пару сотняў ахвотнікаў сярод вас, якіх мы кінулі-б на фронт каб устрымаць дэзэрцыю.

Ахвотнікі, прашу выступіць наперад».

Цішыня і ніхто не варушыўся. Фэльдмаршал ня гневаўся, а спакойна заявіў — я разумею, таму мушу сам вызначыць, і ідучы перад лініямі пастроеных паказваў булавою:

― «Вы-Вы-Вы», ― каб выступалі, і наткнуўся на Барыса, які заўсёды строіўся ў першы рад, а я за ім у другім раду. Барыс самлеў, а я ззаду

«Кажы, што Ausländer[23], дык ён мэльдуе, што з Беларускае Дывізіі, да якой ён хоча вярнуцца».

Маршал лепш прыгледзеўся да ягоных адзнакаў і загадаў:

― «Zurücktreten», ― адступі назад.

Зараз пад’ехалі аўтобусы й «ахвотнікаў» павязьлі недзе, а Барыс падзякаваў мне за параду.

вернуться

19

Усходні работнік (ням.).

вернуться

20

Харчовых картак (ням.).

вернуться

21

Лягерох для ўсходніх работнікаў (ням.).

вернуться

22

Кавалераў «Рыцарскага крыжа» (ням.).

вернуться

23

Замежнік (ням.).