Лячылі яго спачатку ў Клімавічах. Туды колькі разоў хадзіла маці. Ад яе я і ведаю гэтую гісторыю, пацверджаную таксама хлопцамі, якія былі пад Чавусамі, але ў бой з ходу не трапілі, бо «танкістамі» быць не пажадалі. Яны і потым ацалелі. Адзін стаў на вайне сувязістам, у другога была грыжа, якую яму выразалі, а потым даўгавата залечвалі. Трэці ўвогуле быў маларослы, слабаваты здароўем. Дык яго неяк выбавілі бацькі, хоць спачатку і ён трапіў пад мабілізацыю.
З Клімавіч нашага Мішу завезлі ажно ў Тулу. Там ён яшчэ доўга лячыўся, больш за паўгода. I ўрэшце стаў-такі штрафніком, можна сказаць, на законнай падставе. За якія грахі — я не ведаю. З Тулы ён прысылаў шмат пісьмаў, часам з фотакарткамі, на адной з якіх красаваўся ў гімнасцёрцы з ордэнам. Але, хутчэй за ўсё, гімнасцёрка была з чужога пляча, бо пра сваё ўзнагароджанне ён нам нічога не пісаў. Ды і за што яго было ўзнагароджваць?
У апошнім лісце, які мы атрымалі ўлетку 1944 года, Міша паведаміў, што едзе на фронт абараняць радзіму. Гэтым паведамленнем ліст і заканчваўся. Напісаны ён быў, як і іншыя лісты, па-руску і, відаць, паспешліва, у вялікай узрушанасці, бо ў слове «родину» кідалася ў вочы грубая апіска — яно чыталася «роду».
А неўзабаве прыйшоў яшчэ адзін ліст, але ўжо не ад самога Мішы, а ад камандзіра ягонай штрафной роты ў складзе войскаў аднаго з украінскіх франтоў. Тут былі паперы, у якіх гаварылася, што прызнаецца не меўшым судзімасці Бугаёў Міхаіл Якаўлевіч, накіраваны ў штрафныя роты па прысудзе ваеннага трыбунала на падставе КК РСФСР Канкрэтна называліся і артыкулы, але я іх цяпер не памятаю, бо яны нам нічога не гаварылі пра сутнасць абвінавачвання, а самі дакументы не захаваліся. Мы іх, мусіць, здалі ў ваенкамат.
Пра Мішаву гібель у тым лісце з фронту не паведамлялася. Але і так было зразумела, што хлопец ужо загінуў. Усё ж маці на нейкі цуд яшчэ спадзявалася, хаця казала, што ёй прысніўся сон (выпаў здаровы зуб), які азначае няйначай як Мішаву смерць. Але хацелася ведаць усё дакладна. I таму мне было даручана звярнуцца да таго ж ротнага камандзіра з просьбай, каб ён паведаміў дадатковыя звесткі пра Мішу. Вядома, ніякага адказу на гэтую просьбу мы не дачакаліся. Ды і самі здагадваліся, што ў франтавога камандзіра штрафнікоў, калі ён яшчэ не загінуў і сам, хапае клопатаў і без нашага ліста.
З цягам часу за Мішу прызначылі пенсію. Было гэта яшчэ тады, калі пра калгасныя пенсіі ніхто і не заікаўся. Калі ж іх устанавілі, дык яны ўсё роўна былі меншыя, чым пенсія за загінуўшага сына, якую маці атрымлівала да самай смерці. Праўда, і гэтая пенсія была невялікая, у самым пачатку — сто рублёў, тагачасны кошт паўлітровай бутэлькі гарэлкі. Гэткіх грошай іншыя сяляне тады не атрымлівалі.
Увогуле, ад вайны і бальшавіцкіх рэпрэсій былыя быкоўцы пацярпелі вельмі моцна. Пералік чалавечых страт пачну з дальняга канца пасёлка. Крайнімі там былі Сцёсавы. У іх загінуў, як ужо ўпаміналася, сам гаспадар, рэпрэсіраваны за тое, што быў пры ранейшай уладзе стражнікам, і сын Мікалай, той, што не пажадаў пры немцах станавіцца старастам. Ён склаў сваю галаву ў мясарубцы пад Чавусамі разам з іншымі штрафнікамі.
Наступным было селішча Лагуновых. У іх быў рэпрэсіраваны галава сям’і Макар. I адзін з двух ягоных сыноў не вярнуўся з вайны.
За Макаравым ішло селішча Аўрамкі. Яго раскулачылі ў пачатку калектывізацыі і некуды вывезлі разам з усёй сям’ёю. На маёй памяці
Аўрамкі ў пасёлку ўжо не было, а толькі ўзвышаўся невялікі курганок на месцы былога двара ды зеўралі ладным прагалам Аўрамкавы соткі, якія засяваў калгас. Гэты прагал дзяліў Быкоўку на дзве няроўныя палавіны. Наша маці зрэдку згадвала Аўрамку, казала, што зусім дарэмна знішчылі чалавека і ягоную сям’ю.
Паміж Аўрамкавай і нашай сядзібамі размяшчаўся пляц Данілавых. Так іх называлі па дзеду, які яшчэ быў жывы. Але гаспадаром у іх лічыўся сын Мікалай. Гэта быў сельскі гумарыст, які любіў расказваць непрыстойныя анекдоты. Ён загінуў зноў жа пад Чавусамі. Мікалаева сястра Мар’я разам з рэпрэсіраваным мужам і дзецьмі апынулася ў Мурманску. У перадваенныя гады яны ўжо мелі магчымасць улетку прыязджаць на радзіму. У кожны свой прыезд яны абавязкова адзін раз частавалі цукеркамі быкоўскую малечу. Таму і мы заўсёды чакалі гэтага прыезду, як пэўнага свята. Апраналіся беларускія мурманчане ў чыстае гарадское адзенне і здаваліся нам забяспечанымі людзьмі. Але тую іхнюю забяспечанасць мы, відаць, перабольшвалі, успрымаючы яе на фоне сваёй галечы. А вось іхняя чалавечнасць і выхаванасць, далікатнасць у абыходжанні з малымі былі сапраўднымі і западалі не толькі ў памяць, але і ў душу.