Выбрать главу

Зрэшты, жылі мы ў тым падвале нядоўга — яго абсталявалі пад магазін, які абслугоўваў толькі вучылішча, а нас перасялілі наверх.

Наверсе было больш прывычна. Праз закратаваныя падвальныя вокны пад самай столлю мільгацелі толькі ногі пешаходаў, як адрэзаныя ад тулава. А тут усё глядзелася нармальна. Але затое даймаў холад. Паратунку ад яго шукалі самі. Сярод навучэнцаў (мы сябе называлі не навучэнцамі, а студэнтамі) у нашым пакоі знайшоўся ўмелец, які склаў цагляную печку з чыгуннай плітой. На гэтай пліце і ў самой печцы можна было гатаваць ежу, што мы звычайна і рабілі па чарзе.

I пліту, і цэглу для печкі, а таксама металічныя часткі ложкаў для тых, каму іх з-за спазнення не дасталося ад загадчыка гаспадаркі, падбіралі на месцы разбураных у вайну дамоў.

Трохі дроў выдаваў заўгас. Але для нармальнага ацяплення іх не хапа­ла. Недастачу мы кампенсавалі самі. Будучыя сейбіты «разумнага, добрага, вечнага» спачатку цягалі сырыя плашкі з дрывянога тэхнікумаўскага склада, а потым пайшлі на раздабыткі далей.

На адной з магілёўскіх сядзіб агледзелі штабель акуратна складзеных бярвенцаў — цэлую хату ці клець, прывезеную аднекуль з вёскі. Бярвенне было не вельмі тоўстае, а галоўнае — даўно высушанае сонцам і вятрамі. I мы яго без асаблівай натугі насілі ледзь не цэлую зіму.

Гаспадар з цягам часу заўважыў, што яго будучая хата, кажучы песеннымі словамі, растае, знікае. На месцы злачынства ён нас не захапіў, але дакладна вызначыў, што сляды вядуць у педвучылішча. Наспяваў вялікі скандал з перспектывай не толькі выключэння з вучылішча завадатараў, але і судовай справы ў дачыненні да іх.

Ад вялікіх непрыемнасцей выратаваў дырэктар Чарнякоў. Добрую прачуханку ён нам даў, сур’ёзна папярэдзіў на будучае, але па-чалавечы пашкадаваў. Не жадаючы ламаць лёс маладым дурням, ён угаварыў гаспадара папаленых бярвенцаў не падымаць вялікага шуму. Спрацавала і тая акалічнасць, што гаспадаром аказаўся поп. А ў дзяржаве абавязковага атэізму шкоду, прычыненую папу, відаць, можна было, стаўшы на шлях грубай палітычнай дэмагогіі, падаць і як пэўную праяву барацьбы з рэлігіяй.

Зрэшты, усе аргументы, якія выкарыстаў Чарнякоў для нашай абароны, мне дакладна невядомыя. Але тое, што мы пакрыўдзілі менавіта папа, нам дапамагло. Пра гэта гаварылася з усёй пэўнасцю.

Хоць да суда не дайшло, аднак пакараныя мы ўсё ж былі. Не ўладамі, а Богам ці выпадкам. Аднойчы мы так напалілі сваю печку дрывамі, нарыхтаванымі з паповай хаты, што ўзнік пажар — загарэўся абутак, які мы сушылі на пліце. Пакуль збольшага ачомаліся ад сну, сцямілі, што і дзе гарыць, дык сёе-тое і згарэла. У маіх валёнках сатлелі падэшвы. Халявы, на шчасце, яшчэ засталіся цэлыя. Але ж у адных халявах не паходзіш...

Прыйшлося тэрмінова ехаць дамоў, шукаць старыя, ужо не прыдатныя для носкі, валёнкі і выкройваць з іх падэшвы для сваіх гарэлікаў. Пасля майго няўмелага рамонту хадзіць у іх было не вельмі зручна — мулялі грубыя швы і моцна пахла паленай воўнай. Але з гэтым прыходзілася мірыцца, бо новага абутку маці мне справіць не магла.

Яна і так выбівалася з апошніх сіл. Жылі ж з аднаго прысядзібнага ўчастка памерам у паўгектара. Калгасныя заробкі былі чыста сімвалічныя. А дома заставалася яшчэ двое меншых — Лена і Аляксей. I я кожны выхадны прыязджаў за падмацаваннем.

Ездзіць даводзілася ў асноўным таварнякамі, а часам на тэндары пара­воза. Калі ж здараўся пасажырскі цягнік — дык без білетаў, на падножцы вагона, а то і на ягоным даху.

У цёплую пару на вагонным даху можна было ўладкавацца нават з пэўным камфортам. Трэба было толькі асцерагацца, каб пры пераездзе праз чыгуначныя масты не знесла галаву верхнімі перакрыццямі. Затое агляд адкрываўся выдатны. За ўсё астатняе жыццё я столькі не нагледзеўся на беларускія пейзажы, як у час верхатурных студэнцкіх паездак.

Часам удавалася, ашукаўшы пільных праваднікоў, прашмыгнуць у люд­ской мітусні і ў пасажырскі вагон, а там зашыцца ў які куток, забрацца на багажную полку ці нават пад лаўку, куды не заўсёды заглядвалі рэдкія адразу пасля вайны кантралёры. Пазней, калі на чыгунцы пачалі ўсталёўвацца больш жорсткія парадкі, кантралёраў паявілася шмат. I з безбілетнікамі яны не цацкаліся. Маглі са злосці выкінуць безабароннага «зайца» з вагона па ходзе цягніка, зусім не думаючы пра далейшы лёс чалавека. Смяртэльных выпадкаў са знаёмымі хлопцамі не памятаю. А пакалечаныя былі. Аднаму добраму юнаку з суседняга пасёлка Асінаўка ў выніку такой расправы адрэзала нагу. Сам ён цудам застаўся жывы.