Выбрать главу

Мне шанцавала больш. Але без казусаў не абыходзілася і ў маіх безбілетных вандроўках. Адна з іх запомнілася назаўсёды. Тады я пакутаваў ад моцных боляў жывата. Даведаўшыся, што дадому з Мінска прыехаў брат Яфім, я наважыўся падлячыцца ў яго. Кінуў сярод тыдня заняткі і падаўся на вакзал, але ў чалавечай мітусні ўбіўся ў цягнік, які ішоў не на Крычаў, а на Оршу. Трапіў у воінскі вагон. У такіх вагонах звычайна правяралі менш. I я, сцішыўшыся як мыш пад венікам, патроху кімарыў, радуючыся, што хутка буду на сваёй станцыі. А тут чую размовы пра Оршу... Вось табе і ўдача!

Вяртацца назад у Магілёў? Гэта здалося крыўдным і недарэчным. А яшчэ была апаска, ці застану брата дома, калі залішне праваждаюся ў дарозе. I я наважыўся нейкім таварняком ехаць з Оршы на Крычаў, спадзеючыся адтуль дабрацца да свайго Асаўца пасажырскім, які вечарам ішоў на Магілёў. Аднак і ў Крычаве мне не пашанцавала — пакуль я туды дабіраўся, магілёўскі цягнік ужо даўно прайшоў. А наступны будзе толькі праз суткі. Столькі чакаць было рызыкоўна. I я па шпалах, занесеных свежым снегам, топаў цэлую ноч да сваёй станцыі, а ўжо адтуль дабіраўся ў Сычык.

Адлегласць не такая і вялікая. Нейкіх дваццаць кіламетраў з хвосцікам. Але ж я быў хворы і зусім знясілены. Ды яшчэ і страху набраўся як ніколі. Па дарозе надыбаў на нейкі гурт п’яных хлопцаў, якія каля самай чыгункі палілі вогнішча. Я здуру падышоў пагрэцца. Хлопцы спачатку паводзілі сябе досыць мірна, а потым сталі чапляцца. Давялося ўцякаць. Яны далё­ка не гналіся, але страляць па мне ці, прынамсі, у мой бок спрабавалі. Ды неяк абышлося. Не зрабілі шкоды і ваўкі, вочы якіх амаль праз усю дарогу свяціліся ў блізкіх хмызняках. Казалі, што гэтыя звяры за вайну навучыліся нападаць на людзей. Гэтая акалічнасць таксама паддавала страху.

Дадому, наглытаўшыся ад смагі і болю мокрага снегу, я прыклыпаў позняй раніцай. I тут высветлілася, што мае пакуты дарэмныя — брат паехаў яшчэ ўчора.

Праляжаўшы на цёплай печы некалькі дзён, я ўсё ж мусіў вяртацца ў Магілёў. А там давялося класціся ў бальніцу, дзе мне ў часе дэзынфекцыі адзення спалілі шапку-вушанку, пашытую з вырабленай аўчыны... Вось так адно няшчасце накладвалася на другое.

Шмат праблем узнікала з атаварваннем прадуктовых картак, па якіх тады жыла краіна. Хлеб (яго нам адпускалі па 500 грамаў) трэба было выкупляць кожны дзень, бо назаўтра талон на прапушчанае чысло ўжо не дзейнічаў. Ствараліся вялікія бязладныя чэргі, у якіх перамагалі мацнейшыя. Я да мацнейшых не належаў і таму часам заставаўся без сваёй законнай пайкі.

У канцы 1947 года карткі адмянілі. Чэргі сталі яшчэ большымі, а хлеб значна даражэйшым (па картках прадукты былі вельмі таннымі). Затое ў выпадку ўдачы і пры наяўнасці грошай, якіх заўсёды не хапала, можна было купіць цэлую буханку і наесціся ўволю.

Словам, неяк жылі. Мне, акрамя маці, пасля сканчэння свайго інстытута зрэдку дапамагаў брат Яфім, а найбольш Іван. Ён час ад часу прысылаў трохі грошай, а калі па службе здаралася быць у Магілёве, дык прывозіў прадук­ты — то мех ці торбу бульбы, то які кілаграм круп, то крыху макаронаў, якія тады здаваліся надзіва смачнымі.

А аднойчы, мусіць, ужо на другім курсе, кожнаму з навучэнцаў, якія жылі ў інтэрнаце, выпала па харчовай пасылцы ад ЮНРРА. Там былі какава (маленькі пакет), жавальная гумка, ладная бляшанка павідла з мандарынаў і некалькі плітак шакаладу. Такая раскоша раней і не снілася...

Праўда, потым, калі халодная вайна стала набіраць абароты, нам растлумачвалі, што гэтыя пасылкі не што іншае, як прапагандысцкія буржуйскія штучкі, якія маюць на мэце ўводзіць у зман савецкіх людзей... Нам жа было шкода, што тыя штучкі больш не паўтарыліся.

Здаралася ў вучылішчы на Быхаўскай нямала і іншых прыемных ці про­ста вясёлых гісторый. Часам смешнымі здаваліся і некаторыя настаўнікі. Асабліва вылучаўся ў гэтых адносінах выкладчык матэматыкі Патупчык. Дзверы ў халодную аўдыторыю ён адчыняў нагою, нагою ж іх і зачыняў, а рукі, каб яны не мерзлі, трымаў у кішэнях. Класны журнал ён вытрасаў з падпахі і разгортваў яго далёка не адразу. На ўроках Патупчык любіў расказваць роз­ныя гісторыі, часта цытаваў «Новую зямлю», асабліва радкі пра тое, як, даядаючы верашчаку, Міхал з Антосем дзялілі апошнюю скварку, а дзеці «аладкі кроілі ў квадраты (хоць геаметрыі не зналі) і на відэльцы іх чаплялі». Усё гэта было цікава само па сабе, але не мела дачынення не толькі да тэмы ўрока, але, калі не лічыць упамінання пра квадраты, і да матэматыкі ўвогуле.

Вучэбны матэрыял Патупчык падаваў з такой занудлівай абыякавасцю, што ўрэшце выклікаў у большасці з нас стойкую непрыхільнасць да свайго прадмета. Я ў школе любіў дакладныя навукі, у тым ліку алгебру і геаметрыю, а з-за Патупчыкавага выхавання і ягонай непатрабавальнасці да нашых ведаў страціў гэтую любоў.