Кажу гэта не столькі ва ўкор старому чалавеку, якога, трэба думаць, даўно няма на свеце (Патупчык ужо тады меў пенсійны ўзрост), колькі для таго, каб падкрэсліць, наколькі важныя настаўніцкая апантанасць, уменне педагога заахвоціць сваіх выхаванцаў, выклікаць у іх захапленне тым прадметам, які ён выкладае. Сёння такая апантанасць, падзвіжніцтва асабліва неабходныя выкладчыку роднай мовы і літаратуры і ўсіх іншых вучэбных дысцыплін, якія стымулююць абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, бо ўрэшце ад гэтага залежыць будучыня нашай дзяржавы і самога беларускага народа.
У Магілёўскім педвучылішчы беларуская мова і літаратура выкладаліся нецікава, яўна горш за рускую. Наш класны кіраўнік Марыя Самуйлаўна Собаль, у адрозненне ад ліберальна-абыякавага беларусаведа, ад якога ў маёй памяці засталіся толькі шыкоўныя вусы ды яшчэ тое, як ён бясконца мусоліў куляшоўскі «Сцяг брыгады», вынішчаючы жывое дыханне выдатнага твора, ніколі не даравала нявывучаных урокаў па рускай мове і літаратуры. I гэта давала свой плён, а ў канчатковым выніку прымушала паважаць і выкладчыцу, і яе прадмет.
Зрэшты, навучэнцамі мы былі не самымі ўдзячнымі. Прыгадваецца, што не толькі на першым курсе многія з нас увогуле марылі пакінуць педвучылішча і ўладкавацца дзе-небудзь у іншым месцы. Была пагалоска пра нейкія шафёрскія курсы. Яны нам здаваліся больш перспектыўнымі, чым наша будучая спецыяльнасць. Але трапіць туды нікому з нас чамусьці не ўдалося.
Затое мне пашанцавала, не пакідаючы асноўнай вучобы, паступіць у аэраклуб. Ён меў на мэце падрыхтаваць юнакоў для паступлення ў лётнае вайсковае вучылішча. Я прафесійным вайскоўцам станавіцца не збіраўся, а палятаць хацелася.
Аднак лятаў я з прыгодамі. Пры самым першым палёце, у задачу якога ўваходзіла праверка таго, як чалавек пераносіць вышыню, у мяне выйшаў канфуз з прывязнымі рамянямі. Яны сцягваліся ў вузел адмысловым замком. Я той замок зашчоўкнуў, але рамяні пад зажым не трапілі. Сказаць пра гэта інструктару, які сядзеў на месцы пілота ў пярэдняй кабіне, не было як: перагаворны механізм працаваў толькі ў адным напрамку — ад інструктара да курсанта, які займаў другую кабіну. Заставалася чакаць канца палёту і спадзявацца, што ён не стане для мяне апошнім. Як назло, у галаву лез анекдот пра лётную практыку Хаймовіча і Абрамовіча. Калі іхні самалёт прызямліўся, Хаймовічу паднеслі кветкі. Але ён сказаў: лепш бы падалі не кветкі, а свежыя кальсоны. Заўвагу адносна ягонай негераічнасці ў палёце Хаймовіч парыраваў так: з Абрамовічам атрымалася яшчэ горш, яго ўвогуле выкінула на першым павароце.
Мне свежыя кальсоны не спатрэбіліся, бо сапраўднага страху я не адчуў. А думка пра тое, як утрымацца ў кабіне, была. Таму пры моцным крэне нашага «кукурузніка» (афіцыйна ён называўся «По-2») я нахіляўся да супрацьлеглага борта. Вышыню, як высветлілася, я пераносіў добра, а тэорыю ведаў слаба. А каб вывучыў яе лепш, дык і ўвогуле мог бы дужа не турбавацца і не зважаць на сумніцельныя анекдоты: верагоднасць выкінуцца з «кукурузніка» пры спакойным палёце нязначная, бо сустрэчны паветраны паток прыціскае чалавека да кабіны, а не выштурхоўвае з яе. Прывязваюцца ж для перастрахоўкі — на выпадак непрадбачаных абставін.
Пасля пасадкі я добрасумленна і, можа, нават з пэўным гонарам, што насуперак інструкцыі застаўся жывы, далажыў аб сваёй прамашцы інструктару. Ён абмежаваўся ёмістым мацюком, пасля якога з прывязкай у мяне ўсё наладзілася.
Але непрыемныя гісторыі здараліся і пазней. Перад самым выхадам на працяглыя самастойныя палёты наш аэраклуб прыехаў правяраць высокі воінскі начальнік, здаецца, генерал. З усіх курсантау я быў самы нізкарослы. Генерал якраз з мяне і пачаў праверку, мабыць, рашыўшы, што калі ўжо такі заморак навучыўся лятаць, дык за астатніх можна не хвалявацца. Але пахвалявацца яму давялося моцна.
Узляцеў я нармальна, а потым павёў той у асноўным фанерны «По-2» не па загадзя вызначаным квадраце — каробачцы, а з вялікімі зігзагамі ажно за Днепр, прызямліўся з яўным спазненнем, разы ў два ці больш перабраўшы палётны час.
Генерал выбраўся са сваёй кабіны не скажу што белы як палатно, але абураны і накінуўся на інструктара з лаянкай: маўляў, што гэта ў вас за курсанты? Гэты ж мяне ледзь не ўгробіў...
Зразумела, што мае палёты пасля гэтага скончыліся. Але я не бедаваў, а толькі радаваўся: не будуць націскаць, каб паступаў у лётнае вучылішча.