Заставалася нямнога — даздаць некалькі прадметаў, каб выраўняцца са стацыянарнікамі другога курса (завочнікі тады вучыліся ў педінстытуце пяць гадоў, а дзённае аддзяленне асвойвала праграму за чатыры гады).
А яшчэ абавязкова трэба было атрымаць стыпендыю. З ёю і выйшла закавыка. Стыпендыяльны фонд быў размеркаваны яшчэ недзе ў чэрвені. I для мяне свабодных грошай ужо не засталося. З горкім расчараваннем прыйшлося вяртацца на сваё Палессе. Але Рыбачкін усё ж неяк выбіў дадатковую стыпецдыю і нават месца ў інтэрнаце, на якое я ўвогуле не разлічваў. Новыя сябры, якім я пакінуў адрас, хуценька паведамілі пра гэтыя навіны. І я, не без цяжкасці здаўшы ўсе справы, як на крылах памчаўся ў Магілёў.
Ах, як пела тады душа! Ды нядоўга. Бо даволі хутка высветлілася, што мяне можа напаткаць катастрофа з нямецкай мовай. Экзамен па ёй трэба было здаваць якраз на другім курсе і ўжо ў першым семестры. А я ведаў яе вельмі слаба. Загадчыца кафедры замежных моў З. М. Даўгяла, якая сама выкладала нямецкую, высветліла гэта на першых жа занятках. Тады яна ўвесь курс падзяліла на дзве групы: слабую і моцную. Слабакоў назвала пайменна і адправіла ў другую аўдыторыю — да іншай выкладчыцы. Мяне ж у спісах, відаць, яшчэ не было. Значыць, і прозвішча маё не называлася.
Такім чынам, я і застаўся з моцнымі. А калі стаў адказваць на нейкае пытанне, Даўгяла ад нечаканасці проста ахнула і запыталася, каму геноссе Бугаёў здаваў залік за першы курс. Я назваў выкладчыка. Гэта быў Катушаў.
Загадчыца ўсё зразумела і дазволіла мне перайсці да слабакоў. Я падумаў, што з імі многаму не навучышся, і папрасіў дазволу застацца тут. Даўгяла добра ведала, што яе баяцца і не любяць за патрабавальнасць. Таму маю просьбу яна, здаецца, не без прыемнасці задаволіла.
Катушаў жа прымаў у нас залікі так арыгінальна, як ніхто іншы. На апошніх занятках ён задаў нейкае пытанне і стаў падымаць завочнікаў. Спачатку аднаго. Той не ведаў. Ён яго не пасадзіў, а выклікаў другога. Вынік той самы. Пакінуў стаяць і гэтага. Так перабраў чалавек пяць ці шэсць. Апошнім аказаўся я. I таксама нічога не адказаў. Тады Катушаў загадаў нам падаць заліковыя кніжкі і ўсім, на наша вялікае здзіўленне, паставіў залік, але ўжо ў адваротным парадку: спачатку мне, потым таму, хто стаяў перада мною, апошнім стаў першы.
Больш я з Катушавым ніколі не сустракаўся і не ведаю, ці доўга ён яшчэ працаваў. Але хадзіла пагалоска, што яму можна здаць датэрмінова і экзамен за другі курс (далей экзаменаў па замежнай мове тады ў педінстытуце не прадугледжвалася). Але трэба ўзяць для заахвочвання некалькі бутэлек кефіру. Што такое кефір, я ў той час яшчэ не ведаў, думаў, што гэта нешта спіртное, і ўвогуле па-блатному нічога не здаваў. Таму і гэтая пагалоска мяне ў практычным плане мала цікавіла. Ды яна магла быць і проста студэнцкай выдумкай.
А ў Даўгялы напачатку было вельмі цяжка. Сама яна ставілася да мяне прыхільна, прынамсі, не так прыдзіралася, як да больш падрыхтаваных дзяўчат, якіх ганяла неміласэрна. Але ж мне трэба было з ходу, за адзін семестр, навярстаць чатырохгадовы прабел. Бо я не толькі «на дурніцу» атрымаў залік на завочным, але і ў педвучылішчы, як ужо казаў, замежную мову не вывучаў. А цяпер трэба было не проста здаць экзамен нароўні з усімі, але атрымаць не менш чацвёркі, бо ўжо пры адной тройцы стыпендыі тады не давалі.
Вось і сядзеў я цэлы семестр амаль над адной нямецкай мовай. Часам браў адчай, здавалася, што не адолею. Але патроху сёе-тое стала ўспамінацца з засвоенага ад выкладчыцы пры немцах. А галоўнае, што Даўгяла працавала з намі вельмі інтэнсіўна. I к канцу семестра я ўжо адказваў нармальна, а пераклад рабіў часам нават больш дакладны, чым дзяўчаты з групы.
Словам, сваю чацвёрку я ўсё ж зарабіў. Яна ў мяне была адзінай за ўсю вучобу ў педінстытуце.
Стараўся я не так сабе, а каб атрымаць імянную стыпендыю, якая тады, як і ўсё што-небудзь вартае, называлася сталінскай. Калі ўжо на выпускным курсе вырашалася пытанне, ці даць мне гэтую стыпендыю, Даўгяла афіцыйна, як загадчыца кафедры, прагаласавала «за» і яшчэ дадала, што і сама ў свой час хацела паставіць пяцёрку, ды перадумала, успомніўшы, з якім узроўнем падрыхтоўкі студэнт прыйшоў да яе на першыя заняткі.