Выбрать главу

Атрыманых у Даўгялы ведаў мне хапіла і для таго, каб здаць на пяцёрку экзамен у аспірантуру. Але там нямецкай мовай я ўжо амаль не займаўся, бо ў якасці замежнай здаваў польскую, без якой нельга сур’ёзна вывучаць нашу літаратуру мінулых стагоддзяў. А каб яшчэ трохі папацеў у спецыяліста такога класа, як Даўгяла, дык мог бы і практычна, а не толькі намінальна асвоіць мову Канта, Гётэ і Шылера.

Ды ў нас да рэальнага ведання замежных моў тады, як мне здаецца, і не імкнуліся, бо афіцыйна нават ад аспірантаў патрабавалася толькі чытанне і пераклад са слоўнікам.

А гэта не больш як яшчэ адна з тых фікцый, што панавалі ў вельмі многіх сферах нашага жыцця.

Сярод выкладчыкаў педінстытута высокім прафесіяналізмам вызначаліся многія. Але кумірамі ў нас былі Я. К. Усікаў, які загадваў кафедрай беларускай літаратуры, і П. Я. Юргілевіч, загадчык кафедры беларускай мовы. Дзякуючы перш за ўсё ім я і стаў адчуваць сябе беларусам не толькі па пашпарце, але і па пераконаннях. Да знаёмства ж з гэтымі людзьмі ў мяне, як і ў многіх іншых, пад уплывам агульнай атмасферы жыў недавер да ўсяго беларускага. Ён асабліва ўзмацніўся ў педвучылішчы. Таму ў педінстытут я паступаў на рускае аддзяленне, завочна вучыўся там, а на беларускае пайшоў вымушана, бо тут было месца. Спачатку шкадаваў, што трапіў да беларусаў, а потым радаваўся гэтаму. Ужо ў педвучылішчы, а затым настаўнікам у Крытышыне спрабаваў пісаць вершы, але таксама па­руску. Некаторыя з іх былі сатырычнымі і ў пэўнай меры хуліганістымі. Яны абыгрывалі камічныя здарэнні ў нашым інтэрнацкім і вучэбным жыцці і таму карысталіся поспехам, галоўным чынам скандальным. Вядома, друкаваць іх я не збіраўся, разумеў, што гэта немагчыма, але чытаў усім, хто жадаў слухаць. Жывой рускай мовы я, зразумела, не ведаў. І ўжо гэта, калі гаварыць пра паэзію ўсур’ёз, асуджала мае спробы на няўдачу.

Запісную кніжку, запоўненую вершаванымі практыкаваннямі на сур’ёзныя тэмы, я неяк паказаў С. Гаўрусёву, які таксама вучыўся ў Магілёўскім педвучылішчы. Дык ён толькі літаральна ў двух несатырычных вершах убачыў жывое пачуццё. Усе ж астатнія опусы ацаніў скептычна.

Але канчаткова вылечыў мяне ад паэтычнага свербу Якуб Усікаў. Яму я даў прачытаць прызначаную для насценнай газеты вершаваную пугу, па сутнасці, зарыфмаваную перадавіцу, у якой з пафасам сцвярджалася, як усё дрэнна ў Заходняй Беларусі і як добра ў Беларусі Савецкай. Словам, гэта быў выкладзены рытмічнай мовай набор тагачасных прапагандысцкіх штампаў, праз якія не прабівалася нічога з таго, што я ведаў пра рэальнае жыццё і на Піншчыне, і на Магілёўшчыне. I прабіцца не магло, бо я пісаў «правільна», так, як трэба было па тагачасных мерках. Усікаў пра відавочную разбеж­ку з жыццёвай рэальнасцю разважаць не стаў, больш таго, пацвердзіў, што напісана ўсё правільна і гладка, але паэзіі тут няма. I я супакоіўся. Тым больш што ў інстытуце хапала спраў і без версіфікатарскага словаблудства — я не толькі старанна грыз граніт навукі, але і меў шмат грамадскіх нагрузак.

Але асабліва цікава было ўдзельнічаць у дыялекталагічных экспедыцыях, да якіх нас рыхтаваў П. Юргілевіч. Запісваць беларускія дыялекты мне даводзілася ў цэлым шэрагу раёнаў, бо я займаўся гэтай справай і ў аспіранцкія часы, атрымліваючы накіраванне ўжо непасрэдна ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі.

Праца па зборы дыялектаў адкрывала вочы на многія праявы жыцця, якое было вельмі далёкім ад таго, што пісалася ў газетах і пра што бясконца трубілася па радыё. А яшчэ яна шмат давала для сапраўднага пазнання роднай мовы, яе багацця і прыгажосці.

Паэтычнае хараство беларускага літаратурнага слова да нас вельмі ўмела даносіў Усікаў, які на лекцыях і практычных занятках артыстычна чытаў не толькі вершы, але і цэлыя паэмы. Ён жа не раз дапамагаў і ў крытычных сітуацыях.

Так, за тры гады вучобы на стацыянары мяне двойчы збіраліся выключаць. Першы раз мы ўліплі ў непрыемную гісторыю з-за пацукоў. Яны ноччу гойсалі па інтэрнацкім пакоі. А мы сталі ганяць іх, падняўшы несусветны вэрхал. Не вытрымаўшы яго, да нас прыбег збялелы выкладчык, які таксама жыў у інтэрнаце, якраз пад намі. Найбольш напусціўся ён на мяне, бо я быў старастам пакоя. Спачатку ўвогуле спрабаваў выгнаць на холад у трусах і майцы, а потым апамятаўся, дазволіў вярнуцца ў пакой, але напісаў дырэктару (тады яшчэ рэктараў не было) дакладную, дзе патрабаваў выключэння злосных хуліганаў, мяне ў першую чаргу. На наша шчасце, пацукі даймалі і дырэктара. Таму ён злоснага хуліганства ў нашых дзеяннях не ўбачыў, а прыняў іх за самаабарону. Натуральна, што і да крутых мер ён не звярнуўся, а толькі абавязаў купіць стул замест таго, які мы як быццам паламалі, баронячыся ад пацукоў. На самой справе той стул нам дастаўся паламаным. Але з дырэкгарам спрачацца не выпадала. I мы для адчапнога нейкую табурэтку на базары купілі.