Другі раз я быў западозраны ў хуліганстве на адным са святочных вечароў. А хуліганства заключалася ў тым, што мой сусед залішне моцна крычаў «біс» з нагоды спеваў свайго дружбака на сцэне ў канцэрце мастацкай самадзейнасці. Наскочыў разгневаны парторг і выставіў гарачага прыхільніка самадзейнага мастацтва, а заадно і мяне. Партыйны бог быў імпульсіўны, круты і ў тонкасці звычайна не ўдаваўся.
На гэты раз зноў выручыла шчаслівае супадзенне. Пакуль думалі над інцыдэнтам, з міністэрства прыйшоў загад аб прызначэнні мне сталінскай стыпендыі. Даваць задні ход было ўжо няёмка. I дырэктар абвясціў суровую вымову майму дружбаку, а наконт мяне распарадзіўся: «указаць, што не змог паўплываць». Гэта было самае малое ўшчуванне, з якога мы на радасцях і, вядома, не пры начальстве доўга смяяліся.
Праўда, калі я паступаў у аспірантуру (мне выдалі накіраванне ў Мінскі педінстытут), дык выйшла прыкрая замінка з характарыстыкай і рэкамендацыяй. Іх у адпаведнасці з накіраваннем павінен быў выдаць вучоны савет нашага інстытута. Я ўжо здаў у Мінску ўсе экзамены, а гэтых папер усё не было. Блізкі да адчаю, аднойчы стаў машынальна перабіраць пошту, якую пакідалі каля інстытуцкага гардэроба. I тут мяне зусім неспадзявана сустрэла яшчэ адна вялікая ўдача — пісьмо ад Усікава. Ён паведамляў, што сам, як загадчык кафедры, напісаў характарыстыку, падмацаваную подпісам П. Юргілевіча, і выслаў яе ў АН Беларусі.
Туды праз Усікава ж сватаў мяне Міхась Лынькоў. Таму Якуб Кірылавіч і меркаваў, што я буду паступаць менавіта ў акадэмічную аспірантуру. Але ж накіраванне ў мяне было ў педінстытуцкую... Усікаў ад некага даведаўся, дзе я шукаю шчасця, і прыслаў тое выратавальнае пісьмо. Яно ў мяне захавалася. I сёе-тое з яго варта працытаваць. Назваўшы мой выбар «праяўленнем глупства», добры, але тады разгневаны настаўнік размашыстым почыркам пісаў: «Я здзіўляюся, як Вы не можаце зразумець, што Акадэмія навук гэта не педінстытут. Інстытут літаратуры АН БССР рыхтуе для сябе ст. навуковых супрацоўнікаў. Там Вы сапраўды займаліся б навуковай работай.
У Інстытуце літаратуры АН БССР — лепшыя сілы: Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка і інш. Там ёсць у каго вучыцца. Там навуковыя работнікі Пшыркоў, Барсток, Перкін, Вольскі выдалі свае кнігі. Каго Вы слухаецеся? Вас цягне “табунок” — хлопцы з педінстытута... Туды паступаюць тыя, хто наўрад ці змог бы паступіць у другое месца».
Значыць, наконт мяне ён не сумняваўся. Але затое сумняваўся я сам. Бо ў той год у акадэмічнай аспірантуры было ўсяго адно месца. I на яго ўжо сваталі, як мне сказаў Ю. Пшыркоў, пляменніка Якуба Коласа. Навукоўца з таго пляменніка, да якога, дарэчы, сам паэт ставіўся вельмі скептычна, не атрымалася. Але ж гэта высветлілася пазней, а тады яго ўзялі з вялікай ахвотай. Вылічыць гэта наперад няцяжка было любому правінцыялу.
Усікаўскія ўшчуванні я ўспрыняў як вялікую пахвалу. А самае галоўнае, што знайшлася характарыстыка. Яна чакала мяне ў акадэмічнай канцылярыі.
Інстытуцкія ж кіраўнікі з Магілёва патрэбных папер мне так і не выдалі, хаця пісьмо Якуба Усікава заканчвалася абнадзейлівай фразай: «Мы пастараемся, каб вучоны савет нашага інстытута выслаў Вам рэкамендацыю».
Ягоных старанняў на гэты раз аказалася недастаткова. Выратавала мяне прадбачлівасць Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі, якая пры падтрымцы маіх абаронцаў Усікава і Юргілевіча (яны былі членамі камісіі) у сваім пратаколе ад 26 чэрвеня 1952 года асобным пунктам запісала: «Отлично окончившего Могилевский педагогический институт Бугаева Дмитрия Яковлевича, сталинского стипендиата, проявившего интерес и навыки к научно-исследовательской работе, рекомендовать к поступлению в аспирантуру».
Выпіску з гэтага пратакола, засведчаную пячаткай агульнай канцылярыі і ўласным подпісам, мне адразу пасля экзаменаў зрабіў інспектар па кадрах Акулаў, які ставіўся да мяне вельмі прыхільна і добра ведаў цану афіцыйным паперам. Начальству зробленую выпіску ён не паказваў (гэта і не абавязкова было рабіць). Словам, яна была аформлена па ўсіх правілах. I ў Мінскім педінстытуце ёю ўрэшце задаволіліся.
Вось так, у выніку шчаслівага збегу многіх абставін, я і апынуўся ў аспірантуры. Самую вучобу ў ёй абмінаю, бо напісаў пра гэта ва ўспамінах пра свайго навуковага кіраўніка В. В. Барысенку.
Адзначу толькі, што самай цікавай у аспіранцкія гады была праца ў навуковай зале Ленінкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Там мы мелі магчымасць знаёміцца з многімі беларускімі часопісамі даваеннай пары, якія ў агульнай зале не выдаваліся, а таксама маглі па афіцыйнай просьбе, падпісанай кіраўніцтвам аспірантуры, атрымліваць некаторыя матэрыялы па тэме дысертацыі са спецфонду. Дзякуючы гэтаму можна было хоць збольшага дакрануцца да праўдзівай, а не перакручанай партыйнымі ідэолагамі гісторыі Беларусі і яе літаратуры.