Выбрать главу

Пасля аспірантуры мяне накіравалі ў Мазырскі педінстытут, старшым выкладчыкам. Выкладаў я беларускую літаратуру ад старажытнасці да 1917 года, чытаў і фальклор, вёў спецсемінар па сучаснай літаратуры, кіраваў студэнцкай педпрактыкай. Працы было шмат. Але яна мне падабалася. I я радаваўся жыццю, хоць і пакутаваў ад моцнага бранхіту.

А яшчэ пасля сталіцы трохі нязвычна было, што ў магазінах прадавалі толькі хлеб ды печань траскі ў бляшанках, якія грувасціліся ладнымі штабялямі на ўсіх паліцах. Цяпер гэта вялікі далікатэс. А тады на яго і глядзець не хацелася, так надакучала аднастайнасць.

Зрэшты, нейкі выхад знаходзіўся: большасць ходкіх прадуктаў (цукар, згушчонае малако, масла і інш.) цягнулі пры кожнай нагодзе з Мінска, сёетое куплялі на базары, абедаць хадзілі ў гарадскія сталоўкі ці ў рэстаран (там было адносна недарагое абедзеннае меню). I жылі, не тужылі. Тым больш што пакрысе становішча змянялася ў лепшы бок.

Напачатку і з начальствам складваліся добрыя адносіны. Дырэктар інстытута А. П. Эльман залічыў мяне на працу з 25 жніўня, выдзеліў кватэру — два ладныя пакоі ў інтэрнаце. Праўда, я іх, можна сказаць, прасвістаў: па старой звычцы паехаў у дыялекталагічную экспедыцыю, потым яшчэ ў сталіцы трохі затрымаўся, пакуль абмяркоўвалі маю дысертацыю. Аспіранцкі тэрмін у мяне афіцыйна заканчваўся не ў жніўні, а ў канцы кастрычніка. I Эльман дазволіў пачаць заняткі пасля гэтага тэрміну, але з умовай, што гадавая нагрузка будзе выканана поўнасцю.

Словам, усё было б зусім добра, каб не адна прыкрая «дробязь». Пакуль я ўладкоўваў справы ў Мінску, маю кватэру заняў мой жа аднакашнік і, здавалася, сябра Губар, па спецыяльнасці матэматык. У сваё апраўданне ён казаў, што кватэра — важная справа... Як быццам жыць трэба было толькі яму!

Быў ён хлопцам разваротлівым, адразу пайшоў угору, атрымаў кафедру. Але потым у выніку няшчаснага выпадку ўтапіўся ў Прыпяці. Так паварочваецца чалавечы лёс...

Пасля доўгіх перамоў мне зноў далі жыллё, таксама ў інтэрнаце, але ўжо адзін і вельмі халодны пакойчык. Я са сваім бранхітам пакутаваў у ім цэлую зіму, пакуль нарэшце не перасяліўся ў маленькую, але надта ўтульную аднапакаёўку з калідорам і кухняй у самім вучэбным корпусе. Кватэрка была сонечная. Дом стаяў на высакаватай горцы, зусім недалёчка ад паўнаводнай і тады яшчэ мала забруджанай Прыпяці.

Летам было проста раздолле. Сходзіш акунуцца ў ласкавую прыпяцкую ваду — і можна садзіцца за стол, шкрабаць нейкую пісаніну ці чытаць до­брую кнігу. Пад канец лета і восенню зрэдку ўдавалася выбрацца ў грыбы, набраць лісічак, падасінавікаў, а то і крамяных баравікоў, якіх нідзе я столькі не бачыў, як у мазырскіх лясах.

Да шчаслівага завяршэння прыйшлі і справы сардэчныя. У красавіку 1958 года студэнтка філфака Корань Ніна стала маёй жонкай. Яе бацькі жылі ў Брагіне, мелі вялікі прысядзібны ўчастак, добры сад, трымалі розную жыўнасць, параўнальна нядрэнна па тых часах зараблялі ў калгасе, бо баць­ка быў кавалём, а маці з сялянскай цягавітасцю шчыравала на любой працы. Старшынёўскую пасаду ў іхнім калгасе займаў вядомы ў рэспубліцы чалавек, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў Ён умеў з карысцю не толькі асабістай, але і для людзей выкарыстаць і сваё прывілеяванае становішча, і выгады прыгараднага размяшчэння гаспадаркі, і ўрадлівасць брагінскіх земляў. Таму і працадзень у яго не быў зусім пустым.

У часопіснай публікацыі гэтых нататак («Полымя», 1995, № 12) я напісаў, што не меў сродкаў і на шлюбную сукенку для нявесты. На самой справе я тады атрымаў прыстойны ганарар якраз у «Полымі» і добрага шоўку на тую сукенку ў Мінску набраў.

А дапамога жончыных бацькоў маладой сям’і была сапраўды вельмі істотнай. Яны справілі ў Брагіне вяселле, а калі нарадзілася дачка — і хрэсьбіны (ужо ў Мазыры), увогуле, падтрымлівалі як маглі. Бо жаніх, хоць і лічыўся прэстыжным, усё ж інстытуцкі выкладчык, сам не сабраў грошай і на новы касцюм. Давялося з нагоды вяселля пераніцоўваць ужо ношаны, пашыты на заказ у апошні аспіранцкі год з вельмі трывалай імпартнай шэрсці. Глядзеўся ён прыстойна і пераніцаваным. Толькі верхняя кішэнька ўсё вы­давала. Яна апынулася не на левым, а на правым баку грудзей. Ды мяне гэта мала бянтэжыла.