Выбрать главу

Горш было, што даволі хутка стала знікаць узаемаразуменне з начальствам. Пэўную насцярожанасць у яго выклікала ўжо тое, што ў Мазыры я ўсюды гаварыў па-беларуску. Людзі да гэтага прывыклі і перасталі дзівіцца. А ў інстытуце на гэта глядзелі не без падазронасці. Ва ўсякім разе, калі я прапанаваў правесці са сваімі студэнтамі вечар беларускай паэзіі, дык Эль­ман спачатку дазволіў, а праз колькі дзён схамянуўся, маўляў, гэта залішне вузка, а таму трэба абавязкова ўзяць і рускую паэзію. Я ўбачыў тут яўную перастрахоўку, недавер. Адчулі гэта і студэнты і свой энтузіязм страцілі.

Але прамыя абвінавачанні прыйшлі крыху пазней. У нас быў філасофскі семінар. Ён так толькі называўся, бо мусолілі мы «Кароткі курс» гісторыі ВКП(б). На чарговых занятках гэтага занудлівага семінара вельмі ўжо надакучліва перажоўваліся даўно вядомыя казённыя ісціны, зноў і зноў даводзілася, як пакутуюць у свеце капіталу ад няшчаднай эксплуатацыі простыя людзі, якія нібыта жывуць у трушчобах і ходзяць у лахманах. Гэтыя лахманы і вывелі маладых выкладчыкаў з цярпення. Урэшце, мы пацікавіліся, колькі там, у тым праклятым свеце, плоцяць дапамогі па беспрацоўі. Папрасілі назваць канкрэтныя лічбы.

Гэтая просьба выклікала ў нашага кіраўніка выбух абурэння. Яно было абумоўлена тым, што такія лічбы трымаліся ў вялікім сакрэце. А мы аднекуль ведалі, што ў Амерыцы беспрацоўны ўжо тады атрымліваў у некалькі разоў больш за нашага самага кваліфікаванага выкладчыка. Лічбаў нам не назвалі, мы гэта зрабілі самі. I адразу трапілі ў крамольнікі і бунтаўнікі. Спра­ва разглядалася на вучоным савеце, дзе нам давялося каяцца і, апусціўшыся да звыклай казённай дэмагогіі, запэўніваць, што мы «нашы», нічога ніякага не хацелі, разумеем, у якой цудоўнай краіне жывём, і гатовы хоць зараз ісці бараніць няшчасных чарнаскурых рабоў імперыялістычных акул.

Такім чынам, нас паставілі на месца. Добра яшчэ, што не дайшло да арганізацыйных вывадаў. Улічылі нашу маладосць і гатоўнасць прыняць правілы гульні, вызначаныя крывадушнасцю сістэмы.

Сур’ёзныя ўскладненні ўзніклі і ў сувязі з працай на ўступных экзаменах. Наша начальства з правінцыяльнай бесцырымоннасцю навязвала зусім непадрыхтаваных людзей. Я ўзбунтаваўся, адчуўшы, што за гэтым навязваннем можа хавацца і хабарніцтва.

Пра яго скрытыя формы маладыя выкладчыкі (а нас з невялікай разбежкай у часе прыехала ў Мазыр некалькі чалавек) даведаліся хутка. Гэта было, як мы іранічна называлі, палюддзе. Яго збіралі восенню блізкія да дырэктара супрацоўнікі, у асноўным з кіраўніцтва. На інстытуцкім грузавіку, які даваў Эльман, яны ездзілі па вёсках наведваць бацькоў сваіх выхаванцаў. Вывучалі, у якіх умовах жывуць падапечныя. Абстаўлялася ўсё прыстойна. Удзячныя бацькі частавалі настаўнікаў і давалі на дарогу не толькі выпіўку, але і гасцінчык натурай, вядома, добраахвотна, «ад душы». І хто што мог ці жадаў. Неслі і бульбу, і гародніну, і садавіну, і які кавалак свежыны ці, скажам, гусь або качку... Але шчодрасць праяўлялі не ўсе вяскоўцы, а толькі тыя, у каго ўласныя дзеці або пляменнікі і пляменніцы вучыліся ў інстытуце ці збіраліся туды паступаць, як закончаць школу. Так сярод нашых студэнтаў складваліся сямейныя ці сваяцкія кланы: у некага паступіць дзяўчына, за ёю малодшая сястра ці брат, а там сястра стрыечная, потым траюрадная... Такая патрыярхальная ідылія існавала.

А з нашым прыездам гэтая сістэма стала даваць збой, бо мы сваёй незгаворлівасцю падрывалі гарантаванасць паступлення. А без гарантыі якая ж удзячнасць? Вяскоўцы — людзі практычныя, ведаюць што да чаго.

Пазней, калі я там ужо не працаваў, хабарніцтва ў Мазырскім педінстытуце набыло арганізаваны і планамерны характар. За грошы (як быццам па тысячы рублёў з чалавека, тады ладная сума) прымалі любога лайдака з атэстатам за сярэднюю школу. На гэтым і папаліся. Некалькі «актывістаў» апынуліся за турэмнымі кратамі з найбольшым тэрмінам у восем гадоў. Яго атрымаў выкладчык «адзінаправільнага вучэння», падбіты на хабарніцтва сквапнай жонкай.

Супраць мяне сапраўдная вайна на выжыванне з Мазыра была распачата не з-за нашчадкаў вяскоўцаў, а з-за дачкі першага сакратара гаркома партыі. Яна спачатку паступала на фізмат, але замест экзаменацыйнай пісьмовай работы па матэматыцы падала чысты ліст. Губар (той, што потым утапіўся) паставіў ёй двойку, пахваліўся перад намі сваёй смеласцю, хоць ён, па сутнасці, нічым не рызыкаваў, бо справа была відавочная, і яшчэ дадаў, што ў другім патоку дзяўчыну перакінуць да нас. I мы яе прымем. А я сказаў, што паглядзім, як яна падрыхтавана.