Выбрать главу

На пісьмовы экзамен па беларускай мове і літаратуры тады, як яго здавала сакратарова дачка, я не трапіў. Мяне на гэты дзень адпусцілі з’ездзіць да жонкі, хоць сам я і не прасіўся. Для чаго гэта рабілася, даведаўся толькі назаўтра, калі цягнік ужо беспаваротна пайшоў. А вусны экзамен прымалі ўтрох: С. Кузняцоў — ад кафедры «адзінаправільнага вучэння» (ён быў старшынёю), мовазнаўца высокай кваліфікацыі і я. Ні мовы, ні літаратуры абітурыентка не ведала. Яна практычна нават не ўмела гаварыць па-беларуску, бо амаль кожнае слова вымаўляла з тым ці іншым скажэннем.

Калі абмяркоўвалі адзнаку, Кузняцоў і мовазнаўца выказаліся за трой­ку, я рашуча запярэчыў і прыгразіў, што не падпішу ведамасці. Адзнака ў такім выпадку па тагачасных правілах не мела сілы. Старшыня заявіў, што гэтую ведамасць ніхто правяраць не стане. I ўвогуле можна будзе сказаць у крайнім выпадку, што ты проста забыўся паставіць свой подпіс. «Напішу ў міністэрства», — спрабаваў супраціўляцца я. «Ну і што? — парыраваў стар­шыня. — Пакуль прыедуць, пакуль разбяруцца, дзяўчына ўжо будзе залічана. Выганяць яе не стануць. Самае большае, вынесуць мне вымову па партыйнай лініі, праз год яе здымуць, а ты заўсёды будзеш хадзіць у няміласці».

Гэты цынізм, які, між іншым, адлюстроўваў рэальнае становішча рэчаў, уразіў мяне найбольш. I я не толькі не падпісаў ведамасць, але яшчэ і накрычаў таму «правільнаму» выкладчыку, што ён невядома як аказаўся старшынёю прадметнай камісіі па мове і літаратуры, бо сам слаба ведае беларускую мову, ні сачыненне, ні дыктоўку ніколі не напіша на тройку. I вусны экзамен нізашто не здасць. «А мне і не трэба пісаць і здаваць. А старшынёю я назначаны загадам дырэктара», — парыраваў ён даволі спакойна.

Праўда, гэтага спакою яму не хапіла тады, калі вялося следства па справе аб хабарніцтве. Аказваецца, у той афіцыйна выкрытай суполцы хабарнікаў ён быў адным з галоўных і так перапалохаўся магчымага арышту і зняволення, што раптоўна памёр ад інфаркту. Факт, вядома, сумны. Ды тое ўжо было, паўтару, не пры мне.

Я ж накінуўся і на мовазнаўцу, адкрыта сказаў, што не магу зразумець, як пры ягонай кваліфікацыі і прыстойнасці можна выказвацца за станоўчую адзнаку чалавеку, які зусім не падрыхтаваны ні па мове, ні па літаратуры. Мовазнаўца паперы падпісаў, але паабяцаў сёе-тое растлумачыць трошкі пазней.

Адразу пасля экзамену мы пайшлі з ім на Прыпяць. I там у зацішным месцы (каб не мог ніхто падслухаць) ён прызнаўся, што быў вымушаны пайсці супроць сумлення, бо ў самы бліжэйшы час гаркомаўская партыйная камісія павінна вынесці канчатковае рашэнне па ягонай справе. I яно будзе залежаць ад вынікаў сённяшняга экзамену. Так яму адкрыта і сказалі.

А справа была сур’ёзная. Мовазнаўцу абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі. Яно як быццам заключалася ў тым, што ён у перыяд акупацыі нейкі час быў перакладчыкам. Але пры гэтым меў сувязі з партызанамі, выконваў іх даручэнні. Ды з дакументамі былі нейкія няўвязкі. Таму яго выключылі з партыі, выгналі з АН БССР і саслалі ў Мазыр. А цяпер могуць і тут пазбавіць працы, калі ён на той партыйнай камісіі не апраўдаецца. Так што мовазнаўцу трывала трымалі на кручку. I ён мусіў здацца.

Далей гісторыя з паступленнем сакратаровай дачкі развівалася так. У міністэрства я пісаць не стаў, палічыўшы гэта і сапраўды бескарысным, а расказаў пра ўсю баталію карэспандэнту «Гомельскай праўды» па Мазыры і Мазыршчыне, якога нядрэнна ведаў раней, часам і па чарцы разам бралі. Ён загарэўся ідэяй «раскруціць» гэтую справу. Ды і ў яго нічога не выйшла, начальства аказалася хітрэйшым і больш прадбачлівым.

Мудры ход прыдумаў Эльман. У афіцыйным загадзе, які вывешваўся да ведама ўсіх, дзяўчына была пазначана як непрынятая. Але на самой справе наш дырэктар дамовіўся з членамі прыёмнай камісіі, што яна, тая дзяўчына, будзе займацца, толькі першы семестр паўлегальна, як кандыдатка, якую з другога семестра ён залічыць ужо і афіцыйна, адсеяўшы на зімняй сесіі кагонебудзь з прынятых. Так яно потым і было. Але ўсё гэта рабілася незакон­на, бо ў кандыдаты ў некаторых навучальных установах некалі залічалі, папершае, адкрыта і толькі тых, хто атрымаў станоўчыя адзнакі, ды не набраў прахадной колькасці балаў. А па-другое, у той час, калі паступала сакратарова дачка, ніякіх кандыдатаў увогуле не прадугледжвалася.

Тым не менш Эльманава двайная бухгалтэрыя, характэрная для практыкі няпісаных бальшавіцкіх законаў, спрацавала выдатна. Карэспандэнту пра ўсе гэтыя фокусы я паведаміў. Але ўсё роўна зрабіць ён нічога не змог — нельга ж аспрэчыць незаконнасць загаду, які афіцыйна не існуе.