А мне заставалася чакаць пакарання. I яно не замарудзіла. Першы ўкол быў дробным. У газеце «Літаратура і мастацтва» я надрукаваў заўважаны самім П. Броўкам нарыс пра тое, з якой нядбаласцю ставяцца ў Мазыры да прапаганды беларускай кнігі і іншых выданняў на роднай мове. Гарадская газета апублікавала водгук, дзе вуснамі загадчыка аддзела «Саюздруку» сцвярджалася, што Бугаёў сам несумленны чалавек, які катэгарычна адмовіўся выпісваць беларускія выданні. Словам, верыць яму ніяк нельга. Хлусня была беспардонная, бо я без гэтых выданняў і працаваць нармальна не мог бы. Але метад правераны. У адносінах да мяне яго не раз прымянялі і ў крытычнай палеміцы, сцвярджаючы, калі не хапала аргументаў, што я сам сякі і такі, нічога не разумею ў літаратуры і г. д.
Узяўшы квітанцыі, я пайшоў у рэдакцыю. Там сказалі, што яны гатовы даць абвяржэнне, але трэба дазвол гаркома партыі, бо газета — яго орган. У гаркоме сядзелі людзі разумныя, яны пагадзіліся, што я маю рацыю, і нават абяцалі надрукаваць мой адказ. Друкуюць і па сённяшні дзень.
На іншае я асабліва і не спадзяваўся, бо здагадваўся, што тую гісторыю на ўступных экзаменах мне не даруюць. Ніколі. Бо грэх я дапусціў дужа вялікі.
Перад пачаткам экзамену са мною гутарыў сакратар гаркома, не сам першы, а той, што займаўся ідэалогіяй. Ён спецыяльна прыйшоў у інстытут, націскаў на тое, што выкладчыкі павінны вельмі ўважліва ставіцца да абітурыентаў, абяцаў, калі будзе трэба, падтрымку. Словам, праяўляў далікатнасць незвычайную. Непасрэдна пра адзнаку сакратаровай дачцэ ён не гаварыў, але і так было зразумела што да чаго.
Наступны выпад быў такі. За няведанне і спробу выкарыстаць шпаргалку ў час экзаменацыйнай сесіі я паставіў нездавальняючую адзнаку адной студэнтцы. Слаба адказвала яна і пры паўторным заходзе. Гісторыя звычайная. Лянівыя студэнты ў патрабавальных выкладчыкаў ходзяць на пераздачу па многа разоў. Я да сваіх выхаванцаў знарок не прыдзіраўся ніколі, але пэўнага ўзроўню ведаў патрабаваў. I гэта нікога не здзіўляла. А тут Эльман, нічога мне не сказаўшы, стварыў камісію, якая павінна была прыняць правалены экзамен у той студэнткі. Па правілах гэта дапускаецца, але робіцца ў выключных выпадках, бо азначае фактычны недавер выкладчыку, хоць ён таксама ўключаецца ў склад камісіі. На гэты раз студэнтка падрыхтавалася прыстойна. I адзнаку мы ёй паставілі з агульнай згоды. Але чарговы чорны шар мне кінулі. За нішто. І гэта было найбольш крыўдна. Бо я раней без істотных ускладненняў праходзіў любыя праверкі і з Мінска, і з Гомеля. А ў Мазыры існавала завядзёнка, што ўсіх правяральшчыкаў накіроўвалі да маладых выкладчыкаў, маўляў, ім найбольш патрэбна дапамога. На справе ж нашы кіраўнікі самі сур’ёзных праверак пабойваліся, дык пасылалі розных інспектараў да нас. Мяне, напрыклад, ніводзін з іх не абмінуў...
За чорным шарам прыкаціўся «гарбуз» — падпісаная дырэктарам папера, што з наступнага вучэбнага года я не буду забяспечаны працай у сувязі са скарачэннем нагрузкі. Паперу ў адпаведнасці з заканадаўствам Эльман прыслаў загадзя, яшчэ вясною. На 1959/60 вучэбны год сапраўды не планаваўся набор на першы курс, бо інстытут яшчэ праз год збіраліся ўвогуле закрываць. Потым сітуацыя перамянілася, і ён, дзякуй Богу, жыве і сёння.
Але пад скарачэнне штатаў мяне падводзілі знарок, бо якраз на першым курсе я не вёў ніякіх заняткаў. Такім чынам, мая нагрузка не скарачалася ні на адну вучэбную гадзіну. Даказаць гэта не складала ніякай цяжкасці. Што я і зрабіў. Тады Эльман як быццам даў адбой — афіцыйна паведаміў, што паўстаўкі мне пакідае. Але фактычна гэта таксама было выгнанне, бо на палову зарплаты пражыць з сям’ёю я не мог. Дасведчаныя людзі раілі падаваць у суд, маўляў, справа мая выйгрышная.
Але я ваяваць не стаў, а звярнуўся да В. Барысенкі, які запрашаў мяне ў акадэмічны інстытут літаратуры яшчэ да Мазыра. Аднак тады я па многіх прычынах не рашыўся. Барысенка ж ад сваёй ідэі не адмовіўся. I я паабяцаў яму, што пасля абароны дысертацыі, калі яна, вядома, адбудзецца, рызыкну вярнуцца ў Мінск. А сам па наіўнасці думаў, што добра было б з цягам часу ад гэтага абяцання неяк адкруціцца.
Але давялося не адкручвацца, а прасіцца. Барысенка маю ранейшую нерашучасць успамінаць не стаў і ўсё зрабіў, каб я ўладкаваўся ў сталіцы. Асабліва цяжка было прабіваць мінскую прапіску. Ды мой навуковы шэф з дапамогай К. Крапівы зрабіў і гэта. Яму патрэбны былі людзі пісаць чатырохтомную «Гісторыю беларускай літаратуры».
У Акадэміі навук я папрацаваў пяць гадоў (1959—1964). I гэта былі вельмі шчаслівыя для мяне гады. Пачаліся няхай і вельмі абмежаваныя, у многім непаслядоўныя, але ўсё ж перамены да лепшага ў краіне. Ішла рэабілітацыя нізашто-ніпрашто рэпрэсіраваных пісьменнікаў, пераглядаліся самыя адыёзныя вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі літаратурных з’яў. Ужо гэта настройвала на аптымістычны лад. А яшчэ ж трэба ўлічыць, што з правінцыяльнага педінстытута, у якім калі не цалкам панавалі, дык былі яшчэ моцнымі дапатопныя норавы і звычкі, я трапіў у дынамічны навуковы калектыў з вялікім творчым патэнцыялам. Тут, вядома, былі свае супярэчнасці, падводныя плыні і завіхрэнні, адчувалася барацьба амбіцый і страсцей. Але сам узровень гэтага жывога віравання быў проста несупастаўляльны з мазырскім. I меў, меў рацыю мой магілёўскі настаўнік Усікаў, калі нахвальваў гэты інстытут і казаў, што там можна займацца навуковай працай.