Вядома, даводзілася шмат працаваць, рыхтуючы лекцыі, бо я цяпер чытаў зусім не тыя курсы, якія распрацоўваў у Мазыры. Але гэта было яшчэ цікавей.
Выкройваў нейкі час і на новыя кнігі, на артыкулы для друку. Я свядома спяшаўся нешта публікаваць, пакуль ёсць магчымасць. У прыватнасці, яшчэ праскочыў з манаграфіяй пра М. Гарэцкага, у якой адкрыта гаварылася пра яго рэпрэсіраванне. Трохі пазней, аж да гарбачоўскай галоснасці, такія звесткі цэнзура ўжо не прапускала.
Калегі па кафедры маё старанне заўважалі і ацэньвалі яго вельмі прыхільна. I. Навуменка нават даверыў мне місію навуковага рэдактара сваёй кнігі пра канцэпцыю чалавека ў творчасці Янкі Купалы. Яна выйшла ў 1967 годзе пад загалоўкам «Янка Купала. Духоўны воблік героя» з маёй прадмовай, напісанай па просьбе аўтара. Гэта была частка Навуменкавай доктарскай дысертацыі, на якую я рыхтаваў і афіцыйны кафедральны водзыў Яго падпісваў, вядома, М. Ларчанка. Але ў маім тэксце ён, здаецца, нічога не правіў. Гэта была звычайная практыка, прынятая і ў іншых калектывах, якія маюць справу з дысертацыйнымі працамі. Калі б кіраўнікі заўсёды самі пісалі такія водзывы, у іх не засталося б часу ні на што іншае.
Дружна змагаліся мы і з настырным авантурыстам А. П., які яўна выпадкова трапіў у выкладчыкі ўніверсітэта і сваё невуцтва імкнуўся кампенсаваць нахабствам і агрэсіўнасцю. Не грэбаваў ён і шантажом. А яшчэ быў ласы да дзяўчат. Казалі, што адну студэнтку ён запрасіў у свой інтэрнацкі пакой як быццам для кансультацыі, а на самой справе хацеў яе згвалціць. Дзяўчына не толькі дала яму рашучы адпор, але і паведаміла пра ўсё свайму кавалеру. Той узяў яшчэ некалькі хлопцаў. I яны ладна адмяцелілі А. П., які заявіў, што яго адлупцавалі не за памаўзлівасць, а за тое, што ён член партыі. Маўляў, пляжылі і патрабавалі, каб адмовіўся ад партыйнага білета.
Што тут праўда, а што, можа, і прыбаўлена, адназначна сцвярджаць не бяруся. А ў невуцтве А. П. пераканаўся сам, бо па даручэнні М. Ларчанкі мусіў чытаць яго кандыдацкую дысертацыю ажно на шэсцьсот з лішнім старонак. Дзве вялікія папкі машынапіснага тэксту. Дысертацыя прысвячалася купалаўскай творчасці, але напісана была без яе грунтоўнага ведання і надзіва бесталкова. Даходзіла да таго, што ў адным месцы сцвярджалася адно, а ў другім — зусім супрацьлеглае.
На абмеркаванні я адкрыта сказаў пра гэта. Навуменка з Лойкам маю крытыку падтрымалі. Яны і дысертацыю чыталі, і А. П. лепш за мяне ведалі. Ды А. П сцвярджаў, што яны да яго знарок прыдзіраюцца з-за нейкіх старых сутычак. Мяне ў гэтым абвінаваціць было цяжэй, бо я раней А. П. не ведаў.
Потым справа разглядалася яшчэ, калі не памыляюся, на факультэцкім партбюро, на якім прысутнічаў і тагачасны дэкан А. Волк. Я як беспартыйны быў запрошаны толькі для выступлення. Цяпер А. П. ужо і мяне абвінаваціў у неаб’ектыўнасці, маўляў, я да яго прыдзіраюся па асабістых матывах і да таго ж выказваюся са злосцю. Наконт злосці была праўда. І я гэта прызнаў, сказаўшы, што сапраўды злы, бо патраціў некалькі дзён на чытанне непрычасанай лухты, якую і абмяркоўваць не варта. «А што да асабістых матываў, дык адкуль ім было ўзяцца? Я ж вас, па сутнасці, зусім не ведаю. I жонку ў мяне вы не адбівалі», — зрэзаў я А. П. Апошняя фраза была з падтэкстам і выклікала дружны смех.
Словам, усыпалі тады А. П. моцна. Але ён яшчэ доўга супраціўляўся, бо яго нехта моцна падтрымліваў. Урэшце яму далі магчымасць паказаць свае выкладчыцкія здольнасці. Цэлы семестр А. П. рыхтаваў адкрытую лекцыю па сваім уласным выбары. Вёў ён курс дакастрычніцкай літаратуры і спыніўся на творчасці М. Багдановіча. Тэма больш чым удзячная. Але А. П. за сорак пяць хвілін вычарпаў увесь свой запас ведаў пра выдатнага паэта, а другую палову лекцыі яшчэ раз паўтараў тое, што сказаў на першай. Выпадак небывалы, проста скандальны. А ў дадатак да ўсяго А. П. бязбожна скажаў і некаторыя пісьменніцкія імёны, перахрысціўшы, напрыклад, француза Т. Гацье ў Т. Тацье. Як быццам, дробязь, але няведанне яна выяўляла красамоўна.
Абаронцы А. П. спрабавалі дзейнічаць і пасля гэтага сакрушальнага правалу. Да мяне праз некалькі дзён прыходзіў нейкі партыйны прадстаўнік і гаварыў, што на падставе адной лекцыі нельга рабіць вывад аб падрыхтоўцы выкладчыка. Я асабліва не спрачаўся, а толькі зазначыў, што ёсць вялікая розніца паміж лекцыяй звычайнай, якую кваліфікаваны выкладчык таксама не можа прачытаць зусім дрэнна, і той, што працяглы час рыхтуецца спецыяльна.
Канчатковую кропку ва ўніверсітэцкай кар’еры А. П. паставіў I. Навуменка. Ён знайшоў у ягонай дысертацыі плагіят, але не просты, а, можна сказаць, з вывертам, ва ўсякім разе, вельмі спецыфічны. Аказваецца, А. П. нярэдка браў тэкст з адной кнігі пра Пушкіна, апускаў назвы твораў, імёны герояў і іншыя рэаліі, звязаныя з рускім паэтам, і замяняў іх купалаўскай канкрэтыкай. У выніку і атрымлівалася лухта і мудрагелістая нескладуха.