Выбрать главу

Для падмацавання сваёй пазіцыі я спаслаўся на Леніна, нагадаўшы яго выказванне пра тое, што «члены РКП на тэрыторыі Украіны павінны на справе праводзіць права працоўных мас вучыцца і гаварыць ва ўсіх савецкіх установах на роднай мове, усяляк процідзейнічаючы спробам штучнымі сродкамі адцясніць украінскую мову на другі план», што «неадкладна ж павінны быць прыняты меры, каб ва ўсіх савецкіх установах была дастатковая колькасць службоўцаў, якія валодаюць украінскай мовай, і каб у далейшым усе службоўцы ўмелі гаварыць на ўкраінскай мове». Усё гэта зусім слушна і ў дачыненні да мовы беларускай, бо мы нічым не горшыя за ўкраінцаў, з запалам даводзіў я разгневанаму начальніку.

Дакладная цытата пад рукой у мяне аказалася выпадкова. Я яе даваў у кнізе пра М. Гарэцкага, якая ў той час друкавалася ў акадэмічным выдавецтве. Адзін экзэмпляр яе машынапісу ляжаў у мяне на стале. Збіраючыся на вучоны савет, я на ўсякі выпадак і прыхапіў з сабою старонку з гэтай цытатай.

Настойваў я і на тым, што мы неправамерна тлумачым ленінскае палажэнне пра адміранне нацый і зліццё ўсіх нацыянальных моў у адну агульначалавечую мову. Па Леніну, гэта вельмі працяглы працэс. Ён павінен адбыцца ў далёкай будучыні, тады, як пройдзе цэлая эпоха пасля перамогі сацыялізму ў сусветным маштабе.

Думка, вядома, абсурдная (наконт зліцця). I цяпер пра гэта гаворыцца. Але ў той час пра такое нельга было і заікнуцца. Затое спасылка на Леніна была моцным аргументам у любой спрэчцы. Дык я і даказваў, што сацыялізм ва ўсім свеце яшчэ не перамог, вызначаная Леніным эпоха яшчэ не пачыналася і невядома, калі пачнецца, а мы ўжо сёння вядзём справу да ліквідацыі беларускай мовы, хаця яна, зноў жа паводле Леніна, перш чым знікнуць ра­зам з іншымі мовамі, павінна яшчэ прайсці праз стадыю свайго росквіту.

Як ні дзіўна, але спасылкі на Леніна, які тады лічыўся недатыкальнай партыйнай святыняй, ці не найбольш раззлавалі Умрэйку. Адкрыта ён гэта­га не сказаў, а стаў крычаць пра дэмагогію. У кулуарах абураўся і тым, што цытату я зачытаў, так падкрэсліўшы яе дакладнасць, і даў спасылку на адпаведную старонку Поўнага збору ленінскіх твораў.

«Ага, спецыяльна рыхтаваўся апраўдваць бунтаўнікоў», — бушаваў прарэктар. I з Леніным яму была закавыка. Публічна прызнаць, што ў Леніна даўно ўжо бралася афіцыйна толькі тое, што адпавядала інтарэсам тагачасных палітыкаў, ён, вядома, не мог. Нельга было сказаць і пра тое, што ў правадыра бальшавікоў нешта ўстарэла. Класікі ж «адзінаправільнага вучэння» не памыляюцца. Вось і даводзілася круціцца.

А я яшчэ наіўна і, бадай, свята верыў у ленінскі гуманізм, якога на самой справе не было і блізка, ніяк не здагадваўся, што «Поўны збор твораў» далё­ка не поўны і не ўключае ў сябе самых жорсткіх, бесчалавечных выказванняў і распараджэнняў заснавальніка савецкай таталітарнай сістэмы, што гэты вялікі праўдалюбец, як нам яго падавалі шчырыя і няшчырыя апалагеты, таксама і хітраваў, і крывадушнічаў, і гаварыў на публіку, на масы, як тады казалі, адно, а ад сваіх памагатых у сакрэтных запісках патрабаваў зусім іншага.

Ды ў тыя часы любая больш-менш сур’ёзная публічная крытыка парадкаў у краіне магла весціся толькі з апеляцыяй да Леніна, з апорай на яго выказванні.

Вядома, калі чалавек не жадаў быць адразу залічаным у дысідэнты і ворагі народа, якіх чакала хуткая і няўмольная расправа. Я на сістэму не замахваўся, расправы асцерагаўся і таму спасылаўся на Леніна, паўтару, тады цалкам давяраючыся яму.

Сабраныя на вучоны савет выкладчыкі дружна падтрымлівалі маю прамову і вялікай увагай да яе (у самыя напружаныя моманты панавала такая цішыня, што можна было пачуць, як муха ляціць), і адабральнымі воклічамі, і з’едлівымі рэплікамі ў адрас Умрэйкі, калі ён спрабаваў мяне перабіваць.

Асабліва шмат рэплік кідаў Сцяпан Александровіч. А Фёдар Куляшоў, хоць ён чытаў рускую літаратуру, а да беларускай толькі зрэдку звяртаўся ў сваіх даследаваннях, і наогул выступіў у маю абарону, праўда, з пэўнымі агаворкамі, як мне здалося, больш дыпламатычнага характару.

Словам, Умрэйка пайшоў ад нас незадаволены. А назаўтра ці праз які дзень на факультэт прыбег усхваляваны «Дзед». (Так мы называлі тагачаснага рэктара А. Н. Сеўчанку.) Ён сабраў партыйных актывістаў і філфакаўскіх кіраўнікоў, пачынаючы ад дэкана і яго намеснікаў і канчаючы тымі загадчыкамі кафедраў, якія былі на месцы, і пачаў на іх крычаць, стукаць кулакамі па стале і як быццам нават мацюкацца. Кажу «як быццам», бо сам ягоных мацюкоў не чуў, паколькі на той бурнай сустрэчы не быў, а ведаю пра яе са слоў сваіх калег і прыхільнікаў.