Зрэшты, ні бясспрэчная рознамаштабнасць талентаў, ні тое, што Колас быў значна старэйшы па ўзросту, не перашкаджала пісьменнікам захоўваць вельмі прыязныя, сяброўскія адносіны паміж сабой».
Вядома, я пагадзіўся з цалкам слушным меркаваннем Гаўрылы Іванавіча і ў наступных публікацыях падкрэсліваў «маштабнасць творчай асобы Гарэцкага, рознабаковасць яго таленту» (цытую артыкул «Самаадданае служэнне Бацькаўшчыне»), бадай, не меншую, чым у Якуба Коласа. Бо хаця Гарэцкі, у адрозненне ад народнага паэта, не пісаў вершаваных твораў, але, як і ён, свабодна адчуваў сябе ва ўсіх празаічных жанрах, а таксама сказаў сваё вельмі арыгінальнае слова ў драматургіі, а яшчэ быў выдатным прафесійным даследчыкам літаратуры, мовы і фальклору, яўна пераўзыходзячы ў гэтых адносінах Коласа.
Ды ў кнізе, якая стваралася ў 1967 годзе, а выйшла ў наступным, я не завастраў на гэтым увагу, бо тады ўжо само збліжэнне Коласа і Гарэцкага, няхай і з некаторымі агаворкамі, гучала як пэўны выклік.
Тая кніга ўвогуле была палемічнай па сваім пафасе. Яна скіроўвалася супраць ацэнкі Максіма Гарэцкага як нейкага другараднага пісьменніка. І гэта рабілася пасля ягонай афіцыйнай рэабілітацыі. «Шмат якія творы М. Гарэцкага для нашага часу гучаць ужо анахранічна. Яны не могуць задаволіць сучаснага чытача ні сваім зместам, ні эстэтычнымі якасцямі». Так пісаў А. Семяновіч у сваёй кнізе «З пражытага і перажытага» (Мінск, 2000).
На такім фоне я і збліжаў Гарэцкага не толькі з Коласам, але (ужо без агаворак) і з Купалам, і з Багдановічам — нашымі прызнанымі і ў тыя часы класікамі. Але прама назваць класікам і Максіма Гарэцкага я не рашыўся. Былі ў маёй кнізе і некаторыя іншыя вымушаныя ўступкі часу, ад якіх я адмовіўся ў пазнейшых публікацыях. Класікам жа ўпершыню ўпэўнена назваў Максіма Гарэцкага Алесь Адамовіч у сваёй выдатнай манаграфіі «Браму скарбаў сваіх адчыняю.», напісанай ужо ў 1970-я гады. Вельмі глыбокі аналіз творчасці Гарэцкага, зроблены тут Адамовічам, цалкам скіраваны на доказ гэтай думкі.
Ды вярнуся да Гаўрылы Іванавіча. Непасрэднае знаёмства з ім адбылося таксама ў 1968 годзе, відаць, у сакавіку месяцы, гэта значыць, яшчэ да выхаду кнігі. Тады Саюз пісьменнікаў Беларусі нарэшце наладзіў вечар, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. З дакладам на тым вечары меўся выступаць Алесь Адамовіч. Але ў яго здарылася нейкая тэрміновая паездка. А таму даклад даручылі мне. Рабілася гэта пасля таго ўжо, як былі разасланы запрашальныя білеты, у якіх пазначаны дакладчыкам менавіта Адамовіч. На вечар з Дзедаўска спецыяльна прыехаў Гаўрыла Іванавіч, здаецца, з сынам Радзімам, цяперашнім славутым вучоным і гарачым змагаром за беларускае адраджэнне.
Даклад акадэміку прыйшоўся даспадобы. Ён гаварыў пра гэта і мне, і Уладзіміру Дубоўку, з якім даўно сябраваў. Так, у лісце да У. Дубоўкі (цяпер захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, ф. 14) Гаўрыла Іванавіч паведамляў, што на вечар з нагоды 75-годдзя Максіма Гарэцкага было разаслана 600 запрашальных білетаў. Але людзей прыйшло малавата — 60—70 чалавек.
На самой справе па нашых мерках гэта была даволі салідная аўдыторыя, калі мець на ўвазе, што вечар наладжваўся ў гонар пісьменніка, творчасць і само імя якога выкрэсліваліся з людской памяці шмат гадоў.
Далей ідзе больш усцешлівае прызнанне: «Але вельмі, вельмі нам спадабаліся прамовы Янкі Брыля, Язэпа Семяжона, Ю. Гаўрука і асабліва даклад Д. Я. Бугаёва».
Калі ўжо закрануўся матыў сяброўства Г. Гарэцкага з У. Дубоўкам, дык, мабыць, нялішнім будзе сказаць, што Гаўрыла Іванавіч, як паказваюць матэрыялы з таго ж аддзела рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, вельмі ўважліва чытаў Дубоўку, выказваў і заўвагі, як правіла, зусім слушныя.
Пра Дубоўкаву аповесць «Жоўтая акацыя» ён напісаў яе аўтару: «Цікавая, арыгінальная кніга, у якой няма падабенства ні з якой папярэдняй.
Кнігу Тваю з удзячнасцю будуць чытаць не толькі юнакі і юначкі, але і дарослыя, асабліва настаўнікі, для якіх кніга Твая будзе настольнай.
Выхаваўчае значэнне Тваёй кнігі бязмежнае — яна прышчэпіць моладзі палкае замілаванне да Радзімы, да прыроды яе і людзей, да жыцця, да раслін, узгадуе тысячы прыродалюбаў і прыродазнаўцаў, будучых батанікаў і аграномаў, лесаводаў і садаводаў.
Ты праклаў векавы мост да людскіх сэрцаў і розуму. Хвала Табе, браце!»
Гэта пісалася ў лісце ад 18 жніўня 1967 года, пісалася патрыётам, чалавекам, які сам бязмежна любіў родную Беларусь, яе людзей і прыроду, якую ён глыбока вывучаў з маладых гадоў, ведаў яе незаменную каштоўнасць для чалавека і хацеў, каб той не губіў сваім варварствам, а, наадварот, павялічваў красу Бацькаўшчыны.