Выбрать главу

Гэты ж клопат асабліва выразна выявіўся ў вельмі настойлівых захадах, якія рабіў Г. Гарэцкі для перавыдання твораў брата. Справа тут таксама ішла нялёгка, хаця была энергічная падтрымка тагачаснага кіраўніцтва нашага Саюза пісьменнікаў.

У канчатковым выніку турботы завяршыліся паспяхова: у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1973 годзе выйшаў двухтомнік Максіма Гарэц­кага агульным памерам звыш пяцідзесяці друкаваных аркушаў — першае прыстойнае выданне твораў выдатнага мастака пасля фізічнага знішчэння яго самога. Але пакуль кнігі пабачылі свет, давялося пахвалявацца нямала.

За падрыхтоўку гэтага выдання, прымеркаванага да 80-годдзя з дня на­раджэння Максіма Гарэцкага, я ўзяўся па даручэнні Саюза пісьменнікаў. Складальніцкая праца для мяне была ў навізну, бракавала і часу. Але адмовіцца ніяк не выпадала — з-за разумення, як важна, каб творы яшчэ аднаго нашага класіка вярнуліся да чытача.

Пазней, калі ўжо высветлілася, што моцна падціскаюць тэрміны здачы двухтомніка ў выдавецтве, я папрасіў на падмогу ў якасці суаўтараўскладальнікаў Ю. Пшыркова і Б. Сачанку. Выбар тлумачыўся тым, што абодва яны мелі прамое дачыненне да новых публікацый шэрагу твораў пісьменніка. І гэтыя публікацыі цяпер выкарыстоўваліся ў двухтомніку. Так што тут была і праява звычайнай чалавечай справядлівасці. Вядома, і Пшыркоў, і Сачанка ахвотна згадзіліся на супрацоўніцтва і сваю частку пра­цы зрабілі вельмі аператыўна.

Але «прабіваць» выданне на той стадыі, калі яшчэ не ішла гаворка пра падрыхтоўку твораў да набору, давялося часткова мне, а галоўным чынам Гаўрылу Іванавічу. Зразумела, ён меў і афіцыйныя паўнамоцтвы, бо, як і я, Ю. Пшыркоў, Б. Сачанка і Леаніла Усцінаўна, уваходзіў у склад камісіі па літаратурнай спадчыне Максіма Гарэцкага, але ўсё рабіў зусім не фармальна. Для яго гэта была найважнейшая жыццёвая і, калі не баяцца гучных слоў, кроўная справа, безумоўна, неабходная для нашай культуры і самой будучыні Беларусі. Бо ён выдатна ўсведамляў, што нацыя, якая не можа належна ўшанаваць і нават замоўчвае сваіх творцаў такога маштабу, як Максім Гарэцкі, будучыні не мае.

З падрыхтоўкай і выданнем двухтомніка звязана палова ўсіх лістоў Гаўрылы Іванавіча, якія захаваліся ў мяне. Яны прысвечаны практычным пытанням той падрыхтоўкі і з’яўляюцца дакументальным пацвярджэннем самага актыўнага ўдзелу ў ёй акадэміка, па-ранейшаму вельмі шчодрага на пахвалу адрасату. Каб не паўтарыцца, я не буду іх цытаваць, а толькі прыгадаю некаторыя эпізоды нашага змагання за тое, каб двухтомнік выйшаў у прыстойным выглядзе.

Пагроза падсцерагала ўжо ў самым пачатку. І набыла яна выгляд прапановы выдаць замест двухтомніка адну кнігу памерам у 40 аркушаў. Мы горача, са спасылкай, якія творы трэба абавязкова перавыдаць, даводзілі, што гэтага недастаткова.

Вырашальная гутарка была ў Р. В. Канавалава, які тады ўзначальваў Дзяржаўны камітэт па друку. Пра гэтага чалавека ў пісьменніцкім асяроддзі хадзіла пагалоска, што ён занудлівы і надта ж афіцыёзны чыноўнік, ад якога нічога добрага чакаць нельга. Ягоныя выступленні, якія мне здаралася чуць у Саюзе пісьменнікаў, сапраўды былі афіцыёзнымі і ўражанне пакідалі, мякка кажучы, нялепшае. Але пры сустрэчах у сувязі з выданнем твораў Максіма Гарэцкага ні знарочыстай афіцыёзнасці, ні яўнай занудлівасці Канавалаў не праяўляў. Было хутчэй наадварот. Нас ён прымаў карэктна-ветліва, без чыноўніцкай фанабэрыі, уважліва выслухоўваў аргументы, а да Гаўрылы Іванавіча і ўвогуле ставіўся з падкрэсленай павагай. Думаю, што яна была шчырай. Ва ўсякім разе, мы без асаблівай цяжкасці пераканалі Канава­лава, што Максіму Гарэцкаму трэба «даць» двухтомнік. Выданне меркавалася ў серыі «Выбраныя творы» і большым за два тамы быць не магло. Запрасілі мы аркушаў 65—70. Канавалаў зазначыў, што і сам любіць творы пісьменніка, разумее, што гэта выдатны майстар слова, і на 65 аркушаў даў дазвол. Прычым адразу пазваніў у выдавецтва, каб там планавалі такі памер. Званок быў, здаецца, у «Беларусь», бо размова адбывалася ў пачат­ку 1972 года, калі новае выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе выйшаў двухтомнік, не функцыянавала.

Акрыленыя ўдачай, мы з Камітэта па друку накіраваліся да выдаўцоў дамаўляцца пра далейшыя практычныя крокі. Але выдаўцы з ходу паднеслі непрыемны сюрпрыз — адхапілі 10 друкаваных аркушаў з тых, што прызначаліся на творы Максіма Гарэцкага. Аказваецца, там некаму з жывых творцаў якраз столькі не хапала для поўнага задавальнення сваіх амбіцый. Дык не пасаромеліся адбіраць у загубленага пакутніка. Мяне гэта ўразіла страшэнна. Гаўрыла Іванавіч таксама быў трохі збянтэжаны, але палічыў, што не варта падымаць шум, каб не наклікаць горшую бяду.