Ды вярнуся да гаворкі аб вызваленні ад навучання беларускай мове ў беларускай савецкай сацыялістычнай рэспубліцы. Закон, па якому дазваляецца гэта рабіць, мы або няправільна тлумачым, або няправільны ён сам, заганны ў сваёй галоўнай сутнасці. Дарэчы, беларускія пісьменнікі адкрыта гавораць пра гэта даўно, прынамсі яшчэ з пачатку 1970-х гадоў. Я, напрыклад, помню адну тагачасную нараду па ідэалагічных праблемах ЦК КПБ, на якой з бліскучымі, выдатна аргументаванымі прамовамі выступалі Іван Мележ, Пімен Панчанка, Генадзь Бураўкін. Яны слушна звярталі ўвагу на тое, што становішча з беларускай мовай у рэспубліцы трэба рашуча змяніць. І пачынаць трэба з хадайніцтва аб пераглядзе таго валюнтарысцкім шляхам прынятага і недастаткова прадуманага закона аб «вызваленні». Час паказаў, наколькі мелі рацыю нашы пісьменнікі. Але практычна тады мала што было зменена, хоць нейкія абяцанні і даваліся. Дык трэба мяняць цяпер. Трэба з такім хадайніцтвам выходзіць у адпаведныя агульнасаюзныя інстанцыі.
Увогуле ж пытанне аб тым «вызваленні» ставіцца ў нас няправільна. Дэмакратыя, ленінскі падыход у гэтым пытанні даюць права бацькам выбіраць для сваіх дзяцей мову навучання. Практычна ў нас на Беларусі гутарка ідзе перш за ўсё пра рускую ці беларускую мову навучання, рускамоўную ці беларускамоўную школу. Хаця, вядома, могуць быць школы з іншымі распаўсюджанымі ў Беларусі мовамі. Для гэтага патрэбна дастатковая колькасць як рускіх (іх хапае), так і беларускіх школ (іх колькасць усё меншае і меншае, а ў сталічным Мінску ўжо няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы). Дык вось права на выбар мовы навучання павінна быць захавана. Тут дзвюх думак быць, мне здаецца, не можа. Але сам змест навучання вызначаецца агульнай дзяржаўнай палітыкай, а не жаданнем тых ці іншых бацькоў. Першы намеснік міністра асветы БССР М. М. Круглей, як паведаміла газета «Звязда» 7 красавіка 1988 года, тлумачыць, што беларуская мова не такі прадмет, як іншыя, дык ад яе можна вызваляць, а, скажам, ад замежнай мовы вызваляць нельга. А чаму такая няроўнасць? Я думаю, што ніякімі педагагічнымі, навуковымі меркаваннямі гэтую няроўнасць абгрунтаваць па-сапраўднаму нельга. Карацей кажучы, я глыбока пераконаны, што ў Беларусі ва ўсіх школах, на якой бы мове навучання яны ні працавалі, вывучэнне беларускай мовы павінна быць такім жа абавязковым, як і вывучэнне мовы рускай і замежнай. І пачынаць навучанне беларускай мове трэба як мага раней. Цяпер ужо аб’яўлена, што з гэтага года беларуская мова ў рэспубліцы будзе вывучацца, пачынаючы з другога класа. Гэта ўжо нейкі прагрэс, зрух у лепшы бок, бо раней такое вывучэнне пачыналася з трэцяга класа. Але трэба ісці далей. Трэба пачынаць навучанне роднай мове з першага класа, так, як гэта робіцца ў дачыненні да мовы рускай.
Кажуць, што ў такім разе дзеці будуць адчуваць пэўныя цяжкасці, блытаць мовы і г. д. Я думаю, што, наадварот, паралельнае вывучэнне дзвюх блізкароднасных моў будзе садзейнічаць засваенню адной і другой мовы. Але самае першапачатковае знаёмства з роднай мовай у нас у Беларусі, як і ва ўсіх добрых людзей, таксама павінна пачынацца яшчэ з самага ранняга дзяцінства, з дзіцячага сада, напрыклад. І трэба мець не толькі беларускамоўныя групы ў дзіцячых садах, а і ў групах рускамоўных знаёміць дзяцей з мовай беларускай. Дарэчы, ва ўмовах Мінска былі спробы з дзіцячага сада пачынаць вывучэнне замежнай мовы. Дык чаму не рабіць так і з мовай беларускай? Ды справа нават не столькі ў спецыяльным вывучэнні, колькі ў знаёмстве з беларускім словам праз чытанне цікавых казак, добрых вершаў, спяванне беларускіх песень, праз гульні на беларускім матэрыяле і інш. Усё гэта істотна, бо тое, што засвойваецца ў раннім дзяцінстве, застаецца найбольш трывалым на ўсё жыццё.
Трэба шмат што змяняць і ў падрыхтоўцы кадраў у рэспубліцы. Было б зусім натуральным, каб выпускнікі беларускіх сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў валодалі ў абавязковым парадку не толькі рускай мовай (цяпер гэта патрабуецца безумоўна), але і мовай беларускай. У нас жа, нават у БДУ імя У. І. Леніна, беларускай мовай калі і валодаюць выпускнікі, дык толькі аддзялення філфака ды яшчэ факультэта журналістыкі (апошнія — далёка не ўсе). Праўда, з гэтага года ў нас сталі прымацца пэўныя меры для выпраўлення становішча. На педагагічных патоках розных факультэтаў БДУ сталі чытацца курсы беларускай літаратуры і гісторыі БССР. Ёсць магчымасць выкладаць на гэтых патоках і беларускую мову. Але нашы мовазнаўцы за такую магчымасць не схапіліся. Кажуць, няма каму выкладаць! Дажыліся...