Што дадуць гэтыя першыя спробы, яшчэ трэба паглядзець. Крычаць «ура» тут яшчэ рана. Але ўжо само ўсведамленне той акалічнасці, што выпускнікі нашых ВНУ, якія ідуць у школу, павінны пры неабходнасці свабодна выкладаць свой прадмет як на рускай мове, так і на беларускай, — ужо само гэтае ўсведамленне істотнае. Яно нараджае пэўныя надзеі, спадзяванні на лепшае. І ідзе яно ў духу ленінскіх ідэй. Пісаў жа У. І. Ленін яшчэ ў 1919 годзе: «Члены РКП на тэрыторыі Украіны павінны на справе праводзіць права працоўных мас вучыцца і гаварыць ва ўсіх савецкіх установах на роднай мове, усяляк процідзейнічаючы спробам штучнымі сродкамі адцясніць украінскую мову на другі план, імкнучыся, наадварот, ператварыць украінскую мову ў сродак камуністычнай асветы працоўных мас. Неадкладна ж павінны быць прыняты меры, каб ва ўсіх савецкіх установах была адпаведная колькасць служачых, якія валодаюць украінскай мовай, і каб у далейшым усе служачыя ўмелі гаварыць на ўкраінскай мове». Гэтыя ленінскія словы, якія цалкам стасуюцца і да Беларусі, узяты з дырэктыўнага дакумента, з «Рэзалюцыі ЦК РКП(б) аб савецкай уладзе на Украіне», напісанай асабіста Леніным. У нас жа і сёння ў многіх дзяржаўных установах рэспублікі (амаль ва ўсіх!) на чалавека, які загаворыць па-беларуску, глядзяць як на дзівака ці малапісьменнага вяскоўца. А так быць не павінна. І не будзе, калі выпускнікі нашых школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў будуць свабодна валодаць як рускай, так і беларускай мовамі. Каб такое стала рэальнасцю, трэба ўводзіць абавязковы ўступны экзамен па беларускай мове (экзамен заліковы, няконкурсны) і ў ВНУ, і ў сярэднія спецыяльныя ўстановы. Лічыцца ж (зусім слушна) у нас абавязковым такі экзамен па рускай мове. Такім чынам, гутарка ідзе пра тое, каб у Беларусі зрабіць рэальнасцю двухмоўе, пра якое мы многа гаворым, але якога фактычна не маем. А яно патрэбна не на словах, а на справе.
У гэтай сувязі хачу спецыяльна падкрэсліць, што, змагаючыся за паўнапраўнае існаванне беларускай мовы, мы нічога не маем і не можам мець супраць мовы рускай. Бо вялікая руская мова — гэта мова міжнацыянальных зносін у нашай краіне, мова нашага братэрства, дружбы народаў савецкай краіны. Яна выводзіць нас у вялікі свет. І без дасканалага ведання ніхто з нас абысціся не можа. Але праўда і тое, што ў нас на Беларусі рускай мове нішто не пагражае. А вось становішча з мовай беларускай трэба рашуча мяняць, мяняць карэнным чынам. Бо сёння нам яшчэ даводзіцца даказваць і тое, што па-беларуску можна выкладаць любы школьны прадмет. Я вучыўся ў школе ў даваенныя часы (скончыў да вайны пяць класаў) і ў пасляваенны перыяд. У нас школа была беларуская. І ніякіх цяжкасцей з той жа спецыяльнай тэрміналогіяй мы не мелі, бо былі падручнікі на беларускай мове па ўсіх прадметах, вядома, акрамя рускай мовы і замежнай. Выдалі ж у нас, калі захацелі, і энцыклапедыю на беларускай мове. І нічога сабе. Чытаецца. Гучыць і там беларускае слова. Дык трэба, каб яно гучала і ва ўсіх сферах нашага жыцця. Трэба, вядома, калі мы сапраўды хочам захаваць сваю нацыю, сваю культуру, мець будучыню як славянскі народ, родны брат вялікага рускага народа, народа ўкраінскага, добры сябра іншых народаў савецкай краіны і ўсяго свету.
І давайце не будзем баяцца абвінавачанняў у нацыяналізме, якім палохаюць многіх яшчэ і сёння, хоць сёння палохацца, здаецца, падстаў няма. Давайце будзем памятаць, што нацыяналізм — гэта не тое, што завецца любоўю да ўсяго роднага, краю, народа, мовы. Нацыяналізм пачынаецца тады, калі абвяшчаюць: толькі мая нацыя вартая, толькі яна найлепшая. А ўсе астатнія — гэта так сабе. Яны і грэшныя ва ўсім, іх за людзей можна асабліва не лічыць. Беларусам у масе іхняй, беларусам як нацыі (пра асобныя выключэнні гаварыць не буду, яны заўсёды магчымыя) такая пагардлівасць, здаецца, менш за ўсё ўласцівая. Наадварот, нам найбольш шкодзіць нацыянальны нігілізм, прыніжэнне сваёй нацыі, непавага да саміх сябе, тое, што Іван Мележ называў лакейскім нацыяналізмам. Калі мы хочам перабудоўвацца па-сапраўднаму, у духу ленінскага разумення нацыянальных і ўсіх іншых праблем, дык трэба нам весці рашучую барацьбу і з гэтым прыніжэннем, з гэтым лакейскім нацыяналізмам. Зрухі ў гэтым напрамку цяпер адбываюцца. Яны адчуваюцца і ў большай цікавасці да нацыянальнай гісторыі, занядбанай у нас асабліва, хоць добра вядома, што «нацыя, якая грэбуе сваёй гісторыяй, ставіць пад сумненне і сваю будучыню» (М. С. Гарбачоў).
Ды яшчэ і Пушкін падкрэсліваў: «Павага да мінулага — вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікасці». І толькі, па яго ж словах, «дзікасць, подласць і невуцтва не паважаюць мінулага». Дык дзякуй Богу і добраму часу, што ўжо і мы з пэўнай павагай загаварылі пра сваю гісторыю. Сталі мы адкрыта абмяркоўваць і моўную праблему. Сённяшняя наша нарада (ці круглы стол) — таксама добры паказчык у гэтых адносінах. Яна таксама абнадзейвае, бо калі партыйныя кіраўнікі сур’ёзна бяруцца за нешта, за вырашэнне нейкай праблемы, дык гэта заўсёды добры знак. Вядома, калі і ўсе мы праявім належны клопат. Энтузіязм і ўстурбаванасць, з якімі тут падымаліся многія праблемы выкладання беларускай мовы ў школе і ўвогуле гаварылася пра становішча беларускага слова ў нашай рэспубліцы, у нашым духоўным жыцці, дазваляюць спадзявацца на выхад з таго тупіковага стану, у якім наша мова апынулася.