Выбрать главу

Можна сказаць больш: без грунтоўна выверанай фактычнай асновы навуковая праца (калі гэта не тэарэтычна-філасофскі трактат, дзе аснову складаюць разважанні даследчыка) атрымліваецца павярхоўнай і непераканальнай. Бо ў такім разе пераважае аўтарская інтэрпрэтацыя. А яна заўсёды суб’ектыўная. І бывае такая суб’ектыўнасць вытлумачэння, што проста дзіву даешся. Згадаю адзін параўнальна нядаўні прыклад. У артыкуле «Веліч праўды і справядлівасці» («Полымя», 2000, № 9) М. Пажарыцкі з Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы звярнуўся да быкаўскай аповесці «Жураўліны крык» і даў такую інтэрпрэтацыю вобразаў Івана Пшанічнага і яго бацькі Супрона, якая ў многіх выпадках рэзка разыходзілася з тым, што напісана пра іх Васілём Быкавым. А гэта значыць, што фактычны змест твора, яго рэальная фактура, у пісьменніка вельмі выразная, адвольна скажаюцца да непазнавальнасці. А ў дадатак да ўсяго крытык сцвярджае, што сам аўтар так бачыць сваіх персанажаў. «Але Іван Пшанічны — маральна трывалы чалавек. Менавіта для яго народная культура аказалася той духоўнай апорай, якую не так лёгка знішчыць... Ён праявіў сапраўдную моц народнага характару», — зазначае М. Пажарыцкі, а потым яшчэ разважае пра народ­ную душу ў дастасаванні да ўсё таго ж Івана Пшанічнага.

І гэта гаворыцца пра таго, хто добраахвотна пайшоў здавацца ў палон да гітлераўцаў, якія збіраліся на захопленых абшарах вынішчаць не толькі народную культуру, але і сам народ, адкрыта абвяшчаючы славян «недачалавекамі», далёкімі ад «арыйскіх» стандартаў (сябе гітлераўцы лічылі безумоўна вартымі тых стандартаў).

Крытык, канечне ж, ведае, што здрадніцтва ніяк не вяжацца ні з высокай духоўнасцю, нібыта таксама ўласцівай Івану Пшанічнаму, ні з народнай культурай, народнай традыцыяй. Здрада ж заўсёды нясе ганебны пачатак. І таму нават тыя, дзеля каго яна робіцца, звычайна ставяцца да здраднікаў насцярожана. На пэўны час узвышаючы іх, больш-менш дальнабачныя палітыкі разважаюць прыкладна так: сёння ён здрадзіў майму канкурэнту, а заўтра можа здрадзіць і мне. Словам, вельмі ж незайздросная яна, роля прадажнікаў.

Ніяк не ўзгадняецца здрадніцтва і з сапраўды патрыятычнымі пачуццямі. Крытык усведамляе і гэта і таму пагаджаецца, што «здрада Радзіме не апраўдваецца нічым». Аднак адразу за гэтым прызнаннем ідзе апраўдальны пасаж: «Але радзіму ў Івана Пшанічнага даўно ўжо адабралі. Ён з тых лю­дзей, якія былі зацкаваны савецкай таталітарнай сістэмай і загнаны ёю ў тупік».

Гэта праўда, што бальшавікі сваёй дыскрымінацыяй цэлых пластоў насельніцтва па класавай прыкмеце («не тое» сацыяльнае паходжанне разглядалася бальшавіцкімі правадырамі як падстава для рэпрэсій) нарабілі шмат шкоды. Але ж мільёны пакрыўджаных імі людзей ад радзімы ўсё роўна не адмаўляліся, да гітлераўцаў на службу не беглі, а ў часіну ліхалецця ішлі самааддана бараніць родны край ад чужынцаў. Так зрабіў і сын бязвінна расстралянага бальшавікамі Максіма Гарэцкага Леанід, які за няласкавую для яго бацькі Радзіму, ніколькі не вагаючыся, аддаў сваё маладое жыццё. У адным з франтавых лістоў ён напісаў: «Я абяцаў быць адданым да канца Савецкаму Саюзу. Смерці я не баюся. І калі здарыцца, што нас акружаць, у палон возьмуць толькі мой труп». Загінуў ён не ў акружэнні, а ў звычайным па тых часах зацятым баі ў балотных абшарах Ленінградскай вобласці. Паведамленне пра яго смерць прыслаў у Беларусь франтавы таварыш, апошні жывы чырвонаармеец з падраздзялення, якім камандаваў Леанід Гарэцкі.

Гераізм у змаганні з фашыстамі праяўлялі і так званыя штрафнікі, людзі, якія за розныя крымінальныя злачынствы атрымлівалі судовае пакаранне. Але за краты іх тады не саджалі, а накіроўвалі на фронт у штрафныя батальёны. Ёсць звесткі, што шмат штрафнікоў мужна абаранялі Сталінград.

У аповесці «Жураўліны крык» адзін з самых яркіх персанажаў — Віцька Свіст. За сапраўдную правіну ён трапіў пад суд, адбыўшы пакаранне, няблага ўладкаваўся на Далёкім Усходзе і мог бы там праседзець усю вайну, але сам напрасіўся на фронт, дзе загінуў у няроўным паядынку з гітлераўскімі танкамі. Так ваявалі сапраўдныя патрыёты, якія мелі высокі чалавечы патэнцыял.

А як паводзіў сябе ў франтавых умовах Іван Пшанічны? М. Пажарыцкі сцвярджае, што ён «не збіраўся пакідаць баявую пазіцыю», «здаючыся ў палон, думае ўсё ж не пра помсту: ён глядзіць на немцаў не як на ворагаў, сваіх крыўдзіцеляў, а як на людзей, у якіх спадзяецца знайсці збавенне ад пакут (больш яму, у прынцыпе, нічога не трэба)». Пра тое, што Іван Пшанічны спадзяецца пад уладай гітлераўцаў займець «людскае жыццё», згадваецца і ў аповесці. Але анёлкам, накшталт таго, якім робіць яго М. Пажарыцкі, у «Жураўліным крыку» Іван Пшанічны не выглядае. Гэта сквапны тып з мардатым адкормленым тварам. У чырвонаармейцаў ён атрымаў зняважлівую мянушку Мурло. А жаданне для аднаго сябе шукаць збавення ад пакут ды яшчэ ў стане ворага, які намагаецца заняволіць тваю Радзіму, увогу­ле з’яўляецца яскравай праявай шкурніцтва, якое ніякага спачування не заслугоўвае.