Выбрать главу

А закончыць хачу адным уражаннем з паездкі ў Пінск на жнівеньскую нараду 1987 года. Я два дні слухаў настаўніцкія выступленні. Як звычайна, яны рабіліся на рускай мове, можа, за адным ці двума выключэннямі. Але вось у залу зайшлі малодшыя школьнікі, піянеры. І загаварылі па-беларуску. З энтузіязмам, натхненнем, задзірыстай галасістасцю і з малой колькасцю пагрэшнасцей супроць норм літаратурнага вымаўлення. Загаварылі з непрыдуманай любасцю, захопленасцю, жывым чалавечым хваляваннем. І я зразумеў, што будучыня ў нашай мовы, у беларусаў як народа, як нацыі ёсць, будзе, калі мы зноў не занядбаем выхаванне любасці да роднага слова, калі, тым больш, не будзем яму, гэтаму выхаванню, процідзейнічаць, як гэта рабілася цэлымі дзесяцігоддзямі валюнтарысцкіх і застойных ды культаўскіх часоў, а зробім усё для таго, каб з дзяцінства прывіваць нашай змене культуру патрыятызму і інтэрнацыяналізму, дзейсных толькі ў непарыўным адзінстве, натуральнай узаемасувязі, прывіваць павагу да свайго народа і да народаўбратоў, да ўсёй вялікай чалавечай супольнасці.

Пераконаны, што сапраўднага поспеху ў гэтай высакароднай справе, дзе беларуская і руская мовы павінны быць саюзнікамі, а не канкурэнтамі, дасягнуць будзе надзвычай цяжка, а то і немагчыма, пакуль будзе існаваць заганная, навукова не абгрунтаваная і ў педагагічных адносінах надзвы­чай шкодная практыка, згодна з якой беларуская мова ў школах рэспублікі не з’яўляецца абавязковай для вывучэння ўсімі катэгорыямі вучняў. Гэтую практыку трэба рашуча перагледзець. Пара таксама вярнуць беларускай мове яе ранейшы статус дзяржаўнай мовы рэспублікі (відавочна, побач з ру­скай мовай)».

Рэверансы перад партыйным кіраўніцтвам, прыкметныя ў маім выступленні, апеляцыя да духу ленінскіх ідэй, спасылка на прывабнае, вельмі дэмакратычнае выказванне бальшавіцкага правадыра пра ўкраінскую мову як на добры прыклад для беларусаў — усё гэта цяпер не ўспрымаецца і проста рэжа вуха дасведчанаму чалавеку. Але тады мы не ведалі пра крывадушнасць Леніна, пра тое, што дэмакратызм і чалавечнасць у яго былі фарысейска-паказушнымі, а прывабныя выказванні на публіку, для друку часта вельмі рэзка разыходзіліся з сакрэтнымі цыркулярамі, у якіх не было ні дэмакратызму, ні чалавечнасці. Але ж менавіта тыя сакрэтныя цыркуляры і вызначалі сапраўдную палітыку заснавальніка савецкай таталітарнай дзяржавы, ажыццяўляліся бальшавікамі на практыцы.

У сувязі з тым, што тэкст майго выступлення, зробленага ў Мінскім гаркоме, заставаўся ненадрукаваным, я цалкам паўтарыў яго і ў 1989 го­дзе, яшчэ за адным круглым сталом, спадзеючыся ўжо на абавязковую публікацыю. Бо гэты круглы стол праводзіўся Міністэрствам народнай адукацыі БССР і рэдакцыяй «Настаўніцкай газеты». Сустрэча была з размахам. У ёй удзельнічалі, акрамя выкладчыкаў ВНУ, супрацоўнікі нашай Акадэміі навук (літаратары і мовазнаўцы), некалькі чалавек з Міністэрства адукацыі, метадысты ці кіраўнікі з навукова-даследчага Інстытута педагогікі, з Мінскага гарадскога ўпраўлення народнай адукацыі, школьныя настаўнікі і дырэктары, а яшчэ дзетсадаўскія начальнікі.

«Настаўніцкую газету» прадстаўляў яе тагачасны супрацоўнік А. Аўрамчык (з вядомым паэтам М. Аўрамчыкам сваяцкіх сувязей не мае). Ён і падрыхтаваў справаздачу пра той круглы стол, апублікаваную ў «Настаўніцкай газеце» 18 лютага 1989 года.

Прачытаўшы гэтую справаздачу, я проста жахнуўся ад журналісцкага самавольства. Бо А. Аўрамчык не толькі дакладна не падаў практычна нічога з майго сапраўднага выступлення (з такой нядбаласцю можна было б змірыцца), але і прыпісаў мне тое, чаго я не гаварыў і гаварыць не мог. Парушыўшы этычныя і юрыдычныя нормы, журналіст стаў ад майго імя пець дыфірамбы адносна таго, як рэктарат і партком БДУ клапоцяцца пра развіццё беларускай мовы, як яны будуць ажыццяўляць «беларусізацыю» навучання, у прыватнасці, пераводзіць на беларускім аддзяленні філфака ўсё выкладанне на родную мову.