Матэрыял пра гэтыя планы А. Аўрамчык перапісаў са шматтыражкі «Беларускі ўніверсітэт» і падаў справу так, што гэта я імі вельмі задаволены. Я ж і самой газеты з распісваннем тых планаў тады яшчэ не бачыў, не чытаў і таму ніяк не мог на яе спасылацца (А. Аўрамчык спасылку мне прыпісаў). Ды я ж добра ведаў і цану такім планам і пастановам. Яны звычайна прымаліся для блізіру, мелі пераважна адпісачны характар і на выкананне практычна наўрад ці разлічваліся.Словам, А. Аўрамчык выставіў мяне легкаверным дзіваком, які не ведае рэальнага жыцця. Аднак галоўнае нават не ў гэтым. Уся справа ў нечуваным самавольстве журналіста. Бо ніякай гаворкі пра становішча беларускай мовы ў БДУ ён са мной ніколі не вёў. А ў сваім выступленні пра магчымыя перамены да лепшага я гаварыў вельмі асцярожна, падкрэсліўшы адкрытым тэкстам, што крычаць «ура» нам яшчэ зарана.
Што заставалася рабіць у гэтай прыкрай гісторыі? Вядома, я адразу напісаў абвяржэнне. Пайшоў з ім у «Настаўніцкую газету». А. Аўрамчык ніколькі не збянтэжыўся за свае прыпіскі, паабяцаў тое абвяржэнне надрукаваць і, канечне ж, не надрукаваў, а мой тэкст мне не вярнуў. Тады я выступіў па тэлебачанні і расказаў пра норавы журналіста з «Настаўніцкай газеты» і пра сваё разуменне незайздроснага становішча беларускай мовы ў БДУ. Але надрукаваць і тое тэлевізійнае выступленне мне не ўдалося. Тэлезапісы ж недаўгавечныя. Яны, кажуць, хутка размагнічваюцца. Таму я цяпер усё яшчэ з болем душэўным і ўспамінаю той прыкры эпізод, фактычна скандальны, але для практыкі бальшавіцкіх часоў дастаткова паказальны. Бо не толькі ў «Настаўніцкай газеце» імкнуліся горкую праўду падмяняць казённай алілуйшчынай. А. Аўрамчык зрабіў гэта з асаблівай бесцырымоннасцю. Але і на яго ўправы не знайшлося. Вось так мы і жылі. Думаю, не варта на гэта забывацца і тым, у каго захоўваецца настальгія па бальшавіцкіх парадках.
І яшчэ на адну акалічнасць хачу звярнуць увагу. Прыпісаная мне няпраўда ў «Настаўніцкай газеце» разыходзіцца з пафасам маіх несфальсіфікаваных выступленняў у друку. Студэнты, якія вывучаюць гісторыю нашай літаратуры і крытыкі, пішуць дыпломныя работы, звяртаючыся і да газетных публікацый, напаткаўшы Аўрамчыкавы прыпіскі, маюць права западозрыць мяне ў непаслядоўнасці. А я тады стаў ахвярай журналісцкай самавольнасці. Як у той показцы: без мяне мяне жанілі.
2004 г.
БЫЦЬ САМІМ САБОЮ.
Адказы Дзмітрыя Бугаёва на пытанні Вольгі Куртаніч
1. Вам, як крытыку, даводзілася аналізаваць сутнасць ледзь не кожнага больш-менш значнага твора айчыннай літаратуры. Вашы назіранні: літаратура развівалася з падрэзанымі крыламі?
Так, наша літаратуры і ў дарэвалюцыйныя, і ў савецкія часы развівалася ў складаных умовах. Але яна нараджалася з патрэб народнага жыцця і так ці іначай гэтыя патрэбы адлюстроўвала. «З глыбінь жыватворчых народнага духу» (коласаўскі выраз) да літаратурнай творчасці ўздымаліся нашы вялікія класікі — Купала і Колас, Багдановіч і Гарэцкі, шматлікія прадаўжальнікі іх традыцый. А наконт «падрэзаных крылаў» будзе справядліва зазначыць, што нашым пісьменнікам часта не толькі падразалі крылы, але і здымалі галовы. Асабліва лютавалі ў гэтых адносінах бальшавікі, якія пазнімалі мудрыя галовы ў многіх выдатных пісьменнікаў, вынішчаючы найперш самых таленавітых з іх. Выключэнні былі вельмі рэдкімі. Але на змену знішчаным прыходзілі новыя. І літаратура ўсё ж выстаяла.
2. З вышыні вопыту: якія пачуцці ў Вас выклікае беларуская літаратура ХХ стагоддзя: расчараванне, сум, абыякавасць, гонар?
Наша літаратура ХХ стагоддзя выклікае ў мяне перш за ўсё гонар за тое, што яна ёсць. Самы моцны падмурак беларускай нацыянальнай культуры складала і складае побач з народнай творчасцю (факльклорам) менавіта літаратура. Дзякуючы ім яшчэ жыве ў нас нацыянальны дух. Даводзілася і расчароўвацца, назіраючы, як выдаваліся за сапраўдную літаратуру творы лакіровачныя, дагодліва-лакейскія, якія пісалі не толькі літаратурныя пасрэднасці, але і некаторыя таленавітыя аўтары з гнуткай спінай пры мажнай паставе. З сумам чыталіся творы бяздарныя. Абыякавасці ніколі не было. У мяне халерычны тэмперамент, актыўная эмацыянальная рэакцыя на ўсё, што здараецца ў жыцці і літаратуры. Таму абыякава ставіцца ні да чаго не магу. Кажуць, гэта шкодна для здароўя. Але ж занепакоенасць — вынаходства д’ябла. Не стану сцвярджаць, што д’ябал не падбіваў і мяне на розныя дурыкі (у побыце, у звычайных жыццёвых стасунках). Але ў стаўленні да літаратуры ад д’ябальшчыны я імкнуўся адкараскавацца, неяк адбівацца. Іншая справа — наколькі гэта ўдавалася. Тут відней збоку, а не самому сабе.