3. З вышыні ўзросту: што з напісанага за савецкім часам мае права на прыналежнасць да нацыянальнай літаратуры? Ці ёсць кнігі, што, умоўна кажучы, застануцца ў вечнасці?
Пра вечнасць і за яе гаварыць рызыкоўна. Тут вельмі лёгка памыліцца. Але я не сумняваюся, што ў нас ёсць творы, імёны творцаў, якія будуць жыць, пакуль застануцца ў свеце беларусы. У савецкія часы насуперак ўсякаму ціску нараджалася магутная творчасць Васіля Быкава, які для майго пакалення стаў знакавай фігурай № 1. А яшчэ ж да яго за савецкім часам у пакутах, у блуканнях ад ссылак да турэмных камер нараджаліся выдатныя творы Максіма Гарэцкага. Ды былі ў нас яшчэ Кандрат Крапіва і Кузьма Чорны, Іван Мележ і Уладзімір Караткевіч, Аркадзь Куляшоў і Максім Танк, Пімен Панчанка і Яўгенія Янішчыц, мой добры сябра Іван Чыгрынаў і цэлы шэраг іншых неардынарных пісьменнікаў. На поўную сілу творыць і цяпер Янка Брыль. Яны не толькі належаць да нацыянальнай літаратуры, але і складаюць яе гонар, хоць некаторыя з гэтых выдатных творцаў мусілі пісаць і рэчы ангажаваныя, з відавочным праслаўленнем сталіншчыны, савецкага таталітарызму. Такія накладкі, відаць, непазбежныя для пісьменнікаў, вымушаных працаваць ва ўмовах несвабоды. Але гістарычны вопыт паказвае, што цалкам заціснуць культуру, мастацтва, літаратуру не ўдаецца ніводнаму тырану.
4. Вы аўтар фундаментальных прац пра творчасць многіх літаратараў. Што, акрамя мовы, у іх творчасці было агульным, што яднала гэтых людзей?
Я не стаў бы называць свае кнігі фундаментальнымі. Якраз за фундаментальнасцю не гнаўся ніколі. Мне здавалася, што трэба імкнуцца да іншага, пісаць так, каб і крытычныя, літаратуразнаўчыя працы чыталіся без натугі, прымусу, а, наадварот, з цікавасцю. Гэтая ўстаноўка на эмацыянальны кантакт з чытачом для мяне была вельмі істотнай. Пісаў я пераважна пра пісьменнікаў выдатных ці па меншай меры добрых. Усіх іх яднала тое, што я вынес у загаловак сваёй кнігі «Служэнне Беларусі» (выйшла ў 2003 годзе ў «Мастацкай літаратуры»). Гэта служэнне, любоў да Бацькаўшчыны яднае не толькі пісьменнікаў, якія жылі і яшчэ жывуць у Беларусі, але і прадстаўнікоў дыяспары, тых, каго мы адносілі да эмігранцкай літаратуры. Людзі з супрацьлеглымі ідэалагічнымі поглядамі менавіта па гэтай прыкмеце (імкненне служыць Бацькаўшчыне, любоў да Беларусі) збліжаюцца трывала і надзейна. М. Танк і Н. Арсеннева, прававерны А. Куляшоў і Л. Геніюш з яе непрыманнем савецкіх парадкаў тут ідуць поруч як прадстаўнікі аднаго народа, адной нацыі.
5. Ці заўжды пісьменнік, пішучы мастацкі твор, расказвае пра сябе?
Пісьменнік так ці іначай, непасрэдна ці больш ускосна адлюстроўваецца ў сваім творы і ў гэтым сэнсе абавязкова расказвае і пра сябе. Тут розняцца мастакі адзін ад другога толькі ступенню і формамі сваёй выяўленасці, адкрытасці. У лірыкаў яна звычайна навідавоку. У эпікаў ці драматургаў больш апасродкаванасці. Але асоба аўтара ў добрым творы заўсёды будзе адчувацца. Зрэшты, па тым, што робіць кожны чалавек, можна меркаваць і пра яго самога. У літаратуры і мастацтве гэта выяўляецца найбольш ярка і пэўна.
6. Часам кнігу параўноўваюць з лекамі ад адзіноты. Чым кніга ўяўляецца Вам?
Для мяне кніга — духоўнае апірышча, тое, без чаго я сваё жыццё не ўяўляю. Я многа часу трачу і на свае ўласныя кнігі. Але гэта таксама тое, чым я жыву. Ну, няхай не ўсё, бо трэба ж чалавеку яшчэ падтрымліваць сваё фізічнае існаванне на грэшнай зямлі. Але без кнігі, зрэшты, як і без праўдзівых сродкаў інфармацыі, чалавек у сучасным грамадстве паўнацэнна жыць не можа.
7. Калі праўда тое, што аўтар уяўляецца нам духоўнікам, а ў яго творах мы шукаем перш за ўсё адпаведнасці са сваім унутраным светам, дык хто з літаратараў найбольш «ваш» (з нацыянальнай і сусветнай літаратур)?
Часткова на гэтае пытанне я ўжо адказваў раней, назваўшы Васіля Быкава. Тут дадам, што ягоная творчасць і сама асоба ўражвалі мяне найбольш, у цяжкія хвіліны падтрымлівалі. Цяпер грэе памяць пра яго чалавечнасць і выключную далікатнасць. Але блізкае, патрэбнае, павучальнае я знаходзіў і знаходжу не толькі ў Быкава. Мне пашанцавала на добрыя кантакты з многімі выдатнымі беларускімі пісьменнікамі. Назаву Дубоўку і Крапіву, Лынькова і Мележа, Адамовіча і Брыля, Танка і Панчанку. З рускіх пісьменнікаў-сучаснікаў і прадстаўнікоў іншых, як тады казалі, братніх літаратур у свой час захапляўся А. Твардоўскім, С. Залыгіным, В. Астафьевым, А. Салжаніцыным, Ч. Айтматавым, Р. Гамзатавым, Д. Кугульцінавым, К. Куліевым, І. Драчом, А. Ганчаром, Д. Паўлычкам. Кантактаў тут ужо ці не было зусім, ці справа абмяжоўвалася адзінкавымі, найчасцей выпадковымі сустрэчамі. Бывала, што прыходзілася і расчароўвацца. Вялікім кумірам і для мяне, і для многіх маіх равеснікаў быў А. Салжаніцын, толькі за чытанне якога некалі можна было атрымаць дзесяць гадоў зняволення (пасля з’яўлення «Архіпелага ГУЛАГа»). Але цяпер калі чую, чытаю прапановы Аляксандра Ісаевіча ўключыць Беларусь у склад Расіі, бо беларусы нібыта настолькі блізкія да рускіх, што нас можна не лічыць адметным народам, дык усякае захапленне былым кумірам знікае. А нараджаецца прыкрасць і шкадаванне, што колішнія прарокі паўтараюць адыёзныя, для нас абразлівыя сцверджанні самых зацята-р’яных русіфікатараў з імперскай закваскай, дабра ад якіх беларусам ніколі не было. Сярод прадстаўнікоў зарубежнай літаратуры захапляўся Я. Гашакам (яго неўміручая кніга пра Швейка ў мяне і цяпер на падхваце), Міцкевічам і Байранам, Хэмінгуэем, Фолкнерам, Сэлінджэрам, Маркесам. Заўсёды хвалявала і хвалюе руская класіка ад Пушкіна да Л. Талстога, Дастаеўскага і Буніна.