8. Станоўчы герой большасці кніг, якія Вам даводзілася разглядаць як крытыку, герой савецкай эпохі ў сённяшняга маладога пакалення можа выклікаць хіба што іронію... Які ж сучасны герой можа задаволіць сучасную публіку?
За сённяшняе маладое пакаленне гаварыць не бяруся. А наконт іроніі, якую нібыта абавязкова павінен выклікаць сёння няхай сабе толькі ў маладых герой савецкай эпохі, дык магу зазначыць, што на яе (іронію) штурхае павярхоўны погляд. Урэшце ж літаратура — люстра грамадства свайго часу, эпохі, і мне бывае цікава перачытваць, вядома, пад настрой, самыя павярхоўныя творы савецкай пары з яўнай ідэалізацыяй такой станоўчасці, якая сёння сапраўды можа выклікаць усмешку. А я чытаю і радуюся: усё ж такі наша жыццё перамянілася істотна. Як бы мы ні наракалі на наш час (гэта робіцца заўсёды сучаснікамі), а і па спрэс прыгладжанай літаратуры відаць, як далёка мы адышлі ад дзікасці, прымітыву, заціснутасці, ва ўмовах якіх некалі мусілі жыць.
9. У чым роля пісьменніка ў літаратуры?
Самае вясёлае пытанне. Пісьменнікі літаратуру ствараюць. І ў гэтым іх роля. Іншая справа, хто якую літаратуру прапаноўвае чытачу. Але гэта ўжо зусім іншае пытанне, якое я не буду асвятляць, каб залішне не расцягнуць свае адказы.
10. Ці супадае роля, якую грамадства ўскладае на пісьменніка, з роллю, якую ён сам сабе прызначае?
Супадзенні тут вельмі рэдкія. Самыя выдатныя пісьменнікі, як правіла, не ўкладваюцца ў звыклыя грамадскія стэрэатыпы. Яны самое грамадства штурхаюць наперад, за што іх і б’юць, бывае, што і неміласэрна, з вялікай зацятасцю, нават лютасцю. Могуць і распяць геніяльнага творцу. А помнік яму паставяць пасмяротна, праз працяглы час пасля знішчэння. Але сапраўдныя мастакі ідуць сваёй дарогай, не зважаючы на крыкі, выццё, улюлюканне, пагрозы, шантаж. З аглядкай жа, з баязлівым прыслухоўваннем (а што там падумае грамадства ды яшчэ ў асобе яго афіцыйных прадстаўнікоў) вялікія мастацкія адкрыцці не робяцца. Толькі голас уласнага сумлення, покліч уласнага таленту і з’яўляецца надзейнай апорай мастака. Некалі гэтую думку я імкнуўся сцвердзіць, назваўшы кнігу пра Івана Мележа «Вернасць прызванню». Мележ тым, што ўвайшло ў гэтую кнігу, быў усцешаны.
У заключэнне хачу падзякаваць Вользе Куртаніч за добрыя пытанні, а шаноўнаму «ЛіМу» за згоду надрукаваць мае адказы на іх.
2003 г.
ПРА СВАЁ ЖЫЦЦЁ
Я — Бугаёў Дзмітрый Якаўлевіч, цяпер прафесар філалогіі (па кафедры беларускай літаратуры), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, нарадзіўся 12 студзеня 1929 года ў сялянскай сям’і. У маім пашпарце і ў біяграфічных даведках, якія змяшчаліся ў друку, пазначана, што я паявіўся на свет у вёсцы Сычык Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці (раней гэтая вёска ўваходзіла ў Чэрыкаўскі раён). Маці ж казала (так запісана і ў маіх метрыках, выдадзеных у 1936 годзе), што я нарадзіўся ў вёсцы Губіншчына. Мая дзіцячая памяць ніякіх уражанняў ад Губіншчыны не захавала. І гэта невыпадкова — бацькі пакінулі Губіншчыну ў хуткім часе пасля майго нараджэння. Разам з сем’ямі яшчэ пяцярых губіншчанцаў яны, хутчэй за ўсё, у тым жа 1929 годзе стварылі пасёлак Быкоўку, якая праіснавала толькі адно дзесяцігоддзе. У 1939 ці 1940 годзе той пасёлак Быкоўка, у якім прайшло маё замацаванне ў памяці дзяцінства, быў ліквідаваны. Але яго жыхароў у Губіншчыну не вярнулі, а перасялілі ў вёску Сычык, створаную выхадцамі з той жа Губіншчыны.