У мяне з Сычыкам звязаны і частка дзіцячых гадоў, і юнацтва, і ўвесь наступны час, калі я яшчэ падтрымліваў сувязі з малой радзімай. Каб кожны раз не ўдавацца ва ўсе гэтыя падрабязнасці, я і стаў называць Сычык месцам свайго нараджэння. Вялікага граху ў тым не бачу, бо ўрэшце і Губіншчына, і былая Быкоўка, і Сычык — гэта адна ваколіца з жыхарамі губіншчанцамі, прамымі ці патомнымі.
Вучыўся я ў школе, якая называлася Губіншчанскай, але і ў даваенныя гады была размешчана не ў самой вёсцы, а трохі наводшыбе ад яе, на ладнай горцы пры ўпадзенні кароценькай і, мусіць, таму безыменнай рачулкі ў Воўчас. Тады наша школа выглядала папраўдзе зухавата. А ў вайну ў яе добрых, з моцнымі цаглянымі падмуркамі будынках, накрытых пафарбаванай у чырвоны колер бляхай, размясціўся паліцэйскі гарнізон. Яго разграмілі партызаны, а школу спалілі.
Да вайны я скончыў пяць класаў. Пасля вызвалення нашай мясцовасці ад гітлераўцаў канчаў шосты і сёмы класы ў Губіншчанскай жа школе. Але яна ўжо тулілася ў не прыстасаваных для нармальнага навучання будынках у вёсцы Сталін (была ў нас і такая вёска) і Сетнае. Урэшце атрымаў за сямігодку атэстат выдатніка і паступіў у Магілёўскае педвучылішча. Там спасцігаў асновы педагагічнай прафесіі на працягу 1945—1948 гадоў. Потым быў год настаўніцкай працы ў пачатковых класах Крытышынскай школы (Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Гэты ж год вучыўся на завочным аддзяленні філфака ў Магілёўскім педінстытуце, а затым перавёўся на стацыянар і ў 1952 годзе педінстытут закончыў. Атрымаў дыплом з адзнакай і накіраванне ў аспірантуру пры Мінскім педінстытуце імя А. М. Горкага. Аспіранцкую мудрасць засвойваў у 1952—1955 гадах.
З Мінска паехаў у Мазыр. Там быў старшым выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры ў педінстытуце.
З лета 1959 года да верасня 1964-га працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР у якасці спачатку малодшага, а потым (з лютага 1961 года) старшага навуковага супрацоўніка.
З верасня 1964 года — на філфаку БДУ. Працяглы час быў дацэнтам кафедры беларускай літаратуры (цяпер— кафедра беларускай літаратуры ХХ стагоддзя). Са студзеня 1987 года — прафесар гэтай кафедры. Прафесарскае званне прысвоена Дзяржаўным камітэтам СССР па народнай адукацыі (без абароны доктарскай дысертацыі. Кандыдацкую абараніў у 1960 годзе).
З 1957 года выступаю ў друку як крытык і літаратуразнавец. Зрэдку публікую таксама нарысы, эсэ на розныя тэмы, успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, з якімі быў блізка знаёмы, а то і сябраваў. У пісьменніцкім Саюзе я з 1961 года. Жанрава-стылёвыя тэндэнцыі ў развіцці беларускай літаратуры ХХ і ўжо ХХІ стагоддзяў, творчая індывідуальнасць найбольш значных нашых пісьменнікаў і яе ўздзеянне на літаратурны працэс, залежнасць літаратуры ад стану грамадства і мажлівасць яе ўздзеяння на гэты стан, актуальныя праблемы літаратурнай крытыкі — такая ў агульных рысах галоўная сфера маёй даследчыцкай працы.
Напісаныя мною артыкулы (іх набіраецца ўжо звыш трох сотняў) друкаваліся ў беларускіх літаратуразнаўчых часопісах і розных газетах, у шэрагу маскоўскіх выданняў. Ёсць публікацыі і ў былых савецкіх рэспубліках, а таксама ў краінах, якія цяпер адносяць да далёкага (ці дальняга) зарубежжа.
Асобнымі выданнямі выйшлі наступныя літаратуразнаўчыя манаграфіі і зборнікі крытычных артыкулаў і эсэ: «Шчодрае сэрца пісьменніка» (Мінск, 1963), «Паэзія Максіма Танка» (Мінск, 1964; другое выданне, папраўленае і дапоўненае пазнейшымі артыкуламі — Мінск, 2003), «Уладзімір Дубоўка» (Мінск, 1965), «Максім Гарэцкі» (1968; другое выданне, дапоўненае пазнейшымі артыкуламі — Мінск, 2003), «Шматграннасць» (Мінск, 1970), «Зброяй сатыры, зброяй праўды» (Мінск, 1971; другое выданне — 2004 г.), «Вернасць прызванню» (Мінск, 1977), «Талент і праца» (Мінск, 1979; гэтая кніга ў 1984 годзе адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа), «Чалавечнасць» (Мінск, 1985), «Васіль Быкаў» (Мінск, 1987), «Арганічнасць таленту» (Мінск, 1989), «Праўда і мужнасць таленту» (Мінск, 1995), «Спавядальнае слова» (Мінск, 2001), «Служэнне Беларусі» (Мінск, 2003).
У складзе аўтарскіх калектываў працаваў над двухтомнай акадэмічнай «Гісторыяй беларускай літаратуры», выдадзенай у 1960-я гады, над вучэбнымі дапаможнікамі і праграмамі па нашай літаратуры для студэнтаў ВНУ, над падручнікамі для школы, а яшчэ складаў розныя зборнікі, хрэстаматыі, удзельнічаў у выданні твораў некаторых нашых класікаў, рэдагаваў артыкулы і кнігі для настаўнікаў, напісаныя іншымі даследчыкамі (звычайна з маім аўтарскім удзелам). Над калектыўнымі падручнікамі для настаўнікаў працую і цяпер, даючы свае раздзелы і рэдагуючы гэтыя падручнікі.