Потым жа Іван Пшанічны, выношваючы думку пра здачу ў палон гітлераўцам, не толькі спадзяваўся « ў спакоі і па-людску зажыць хоць на старасці год» (словы з аповесці, працытаваныя крытыкам), але і выношваў даволі амбітныя планы: «Не можа быць, каб немцы не ацанілі як трэба яго шчырасці і не аддзячылі яму. У лагер яго як добраахвотнага перабежчыка не павінны адправіць, відаць, адпусцяць на волю, а можа, нават паставяць на якую кіраўнічую пасаду ў горадзе ці сельскай мясцовасці. Гэта было зманліва.
О, тады Пшанічны паказаў бы свае здольнасці, даказаў бы яго апекунам, што яны не памыліліся ў ім. Ён бы не пашкадаваў ні сябе, ні людзей, гэтых пакорлівых працаўнікоў, якіх немцы за некалькі месяцаў прымусяць скарыцца. Немцам, вядома, патрэбны адданыя людзі, каб кіраваць вялізным абшарам заваяванай Расіі, і Пшанічны, калі добра возьмецца, магчыма, дарасце да якіх чыноў. Скончыцца вайна, і тады няблага было б прыдбаць невялікую ды ладную сядзібу». Вось на што спадзяецца нягоднік.
Для ажыццяўлення такіх спадзяванняў Іван Пшанічны гатовы на многае. Ён лічыў магчымым забіць аднапалчаніна Фішара, калі той стане на шляху перабежчыка. «З гэтым “вучоным”-няўдакам управіцца яму, калі б што здарылася, было б няцяжка», — мяркуе здраднік. Але Фішар быў «у сакрэце» трохі наперадзе ад іншых чырвонаармейцаў, ён не заўважыў уцёкаў Пшанічнага і таму не трапіў пад яго расправу, а загінуў у няроўным баі ад фашысцкай кулі.
Намерваўся Пшанічны выдаць гітлераўцам і ўсё, што ведаў пра армію. «Калі б патрабавалі даць звесткі пра свой полк, ён не таіўся б. Навошта? Усё роўна раней ці пазней полк разаб’юць канчаткова, гэта зусім не залежыць ад таго, пасведчыць ім Пшанічны ці не. Калі запатрабуюць яшчэ чаго, ён зробіць усё, бо ўсё гэта будзе для яго і супраць тых, ад каго ён досыць напакутаваўся на сваім вяку».
Апошнія словы заслугоўваюць асаблівай увагі, бо тут зусім недвухсэнсоўна сцвярджаецца, што матыў помсты, наяўнасць якога ў Пшанічнага адмаўляе Пажарыцкі, быў вельмі істотны ў здрадніцтве перабежчыка. Нездарма ж ён «таемна радаваўся», калі пачалося гітлераўскае нашэсце на краіну.
М. Пажарыцкі піша і пра тое, што, трапіўшы на перадавую, «чырвонаармеец Пшанічны не збіраўся пакідаць баявую пазіцыю». Гэта зноў жа не адпавядае фактычнаму зместу твора. Васіль Быкаў выразна падкрэсліў, што Пшанічны даўно падрыхтаваўся да здрадніцтва. Таму Іван рупліва прыхаваў «нямецкі пропуск-лістоўку», у якой прапаноўвалася добраахвотная здача ў палон.
Пшанічны яўна зацыкліўся на крыўдзе і злосці на бальшавікоў, якія з-за раскулачанага бацькі не дазволілі хлопцу заняць належнае месца ў грамадстве. Вынік той зацыкленасці жахлівы. «Толькі — сам сабе, сам для сябе, наперакор усім — такі воўчы дэвіз засвоіў пакрысе Іван Пшанічны. Ён не грэбаваў нічым, — калі тое трэба было — хлусіў, краў, ашукваў, да слабейшых у яго заўжды накіпала нянавісць, дужэйшых ён пабойваўся і ненавідзеў. Ён разумеў, што рабіўся нягодны, нялюдскі, злы і нядобры, як бацька, але перайначыць сябе ўжо не мог і каціўся ўсё болей туды, куды гнала чалавека ягоная крыўда і злосць», — чытаем у аповесці.
Іванаў бацька — гэта Супрон Пшанічны. Пра яго, злога і нядобрага, М. Пажарыцкі, зноў насуперак фактычнаму зместу твора, піша апалагетычна: «Супрон быў добрым сем’янінам, спагадлівым чалавекам. У цяжкую часіну людзі не раз звярталіся да яго па дапамогу. Ён ішоў ім насустрач, выручаў». «Стварэнню матэрыяльнага дабрабыту стары Пшанічны надаваў нямала ўвагі, аднак у першую чаргу імкнуўся да больш высокіх каштоўнасцяў».
Зусім іншая атэстацыя даецца Супрону ў аповесці. Там падлетак Яшка Церах сцвярджае, «што стары Пшанічны — вясковы міраед, што ён змардаваў яго, Іванаву, маці, бы батрака, заездзіў самога Івана, што ён гатовы задушыцца ад сквапнасці». Перабольшвае хлопец? Здаецца, не, бо цану Супронавай выручкі добра ведае. Гэта ягоная матуля, удава Міроніха (яна далёкая сваячка Супрона), звярталася да старэйшага Пшанічнага па дапамогу (пра іншыя выпадкі ў аповесці не згадваецца). І той з незадаволеным пакырхваннем і злосным чмыханнем адшкадаваў пуд збожжа. Але не з-за спагады да гаротнай жанчыны, а як плату за парабкоўства Яшкі — Супрон «у касьбу, жніво, малацьбу» наймаў работнікаў і ставіўся да іх вельмі патрабавальна, так, што «мала хто мог дагадзіць яму». Цяпер была якраз касьба, праца нялёгкая і для дарослага чалавека. А тут давялося выжыльвацца не вельмі моцнаму падлетку. І ён незнарок зламаў гаспадарову касу. «За зламаную касу Яшка працаваў у іх лішні тыдзень — стагаваў, сушыў, звозіў сена, затым яшчэ памагаў у жніво». Словам, з прыхільнікам «больш высокіх каштоўнасцяў» расплаціўся спаўна, праўда, не духоўна, а матэрыяльна, фізічнай працай. А быў жа ён яшчэ жорстка біты, тады ж, як зламаў касу.