Сярод выданняў, прачытаных у апошні час, назаву наступныя (усе на рускай мове, надрукаваны ў Маскве): Марцін Эміс. Сталін Іосіф Грозны (2003), Б. В. Сакалоў. Сталін: Улада і кроў (2004), Анры Труайя. Максім Горкі (2004), Анатолій Уткін. Другая сусветная вайна (2003). Аўтары кніг — людзі розныя. Так, Марцін Эміс характарызуецца ў выданні як класік сучаснай англійскай літаратуры, адзін з самых папулярных у сваёй краіне. Анры Труайя — член французскай акадэміі, таксама сусветная славутасць. Анатолій Уткін і Барыс Сакалоў — рускія гісторыкі. Бацькі першага з іх — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якія ў складзе савецкіх войск з баямі адступалі ад Буга да Волгі, змагаліся з гітлераўцамі ў руінах Сталінграда і потым дайшлі да Берліна. У Б. Сакалова апублікавана больш за дваццаць кніг і вялікая колькасць артыкулаў.
Усе працы, пра якія цяпер размова, аб’ёмныя. Важкі фаліянт А. Уткіна мае ажно 960 старонак нармальнага кніжнага фармату, набраных драбнаватым шрыфтам. Але згаданыя выданні я адолеў без натугі, праштудзіраваў з вялікай увагай, бо знайшоў у іх багацце фактаў, якія гавораць куды больш за аўтарскае сюсюканне, якім бы віртуозна-вытанчаным яно ні было. Многія дакументальныя матэрыялы з гэтых кніг уяўляюцца мне ўнікальнымі.
Працытую з працы Уткіна адну мясціну са шматзначнымі сведчаннямі, заснаванымі на дакументальнай глебе. Гутарка тут ідзе пра Тэгеранскую канферэнцыю кіраўнікоў СССР, ЗША і Англіі ў 1943 годзе. У размове з Рузвельтам Сталін тады «высока ацаніў амерыканскую дапамогу: «Я хачу расказаць вам пра тое, што, з рускага пункту гледжання, прэзідэнт і народ Злучаных Штатаў зрабілі для перамогі ў вайне. Самае галоўнае ў гэтай вайне — машыны. Злучаныя Штаты паказалі, што яны здольныя ствараць ад васьмі да дзесяці тысяч самалётаў у месяц. Расія можа выпускаць, самае большае, тры тысячы самалётаў у месяц. Англія робіць ад трох да трох з паловай тысяч... Злучаныя Штаты можна назваць краінай машын. Не маючы гэтых машын праз сістэму ленд-ліза, мы б прайгралі гэтую вайну». «Гэта, — бярэ слова даследчык, — быў першы і самы красамоўны выпадак афіцыйнай удзячнасці савецкага кіраўніцтва за пастаўкі па ленд-лізу». Далей яшчэ дадаецца, што тады Сталін, як ніколі раней ці пазней («адзіны раз»), быў да канца шчыры ў адкрытай пахвале амерыканцаў.
Ленд-ліз — праграма амерыканскай дапамогі ў гады вайны, па якой Савецкаму Саюзу для барацьбы супроць гітлераўцаў даваліся грашовыя крэдыты, тэхніка, метал для ваеннай прамысловасці, адзенне, абутак і харчаванне для арміі і насельніцтва. У гэтай праграме як донары ўдзельнічалі таксама Англія і Канада.
З баявой тэхнікі, атрыманай нашай краінай па ленд-лізу, былі належна ацэнены амерыканскія знішчальнікі «Мустанг», бамбардзіроўшчыкі «Мітчэл», транспартныя самалёты «Дакота». Гэтыя тыпы самалётаў савецкія лётчыкі прымалі з задавальненнем, а пра танкі, таксама пастаўленыя па ленд-лізу, нашы танкісты выказаліся больш скептычна, аддаючы перавагу айчынным мадэлям. Асабліва цаніўся славуты «Т-34», прызнаны лепшым з усіх танкаў, якія выкарыстоўваліся ў Другой сусветнай вайне.
Цікава, што Сталін таксама прасіў амерыканцаў «прысылаць грузавікі, а не танкі». Танкаў, лічыў ён, мы наробім і самі, а добрых грузавікоў у нас няма. Выручалі магутныя амерыканскія «студэбекеры» ды іхнія ж уседарожныя штабныя машыны джыпы (легкавікі) «Віліс» і «Додж», на якіх тады ездзілі савецкія вайсковыя кіраўнікі розных рангаў. Яны ж шырока выкарыстоўвалі партатыўныя амерыканскія радыёўстаноўкі і іншыя сродкі сувязі. Усё гэта вельмі істотна палепшыла тэхнічную аснашчанасць Чырвонай Арміі, зрабіла яе больш мабільнай. Мабільнасць жа ў вайне з высокай канцэнтрацыяй тэхнікі ды пры частых імклівых зменах аператыўнай абстаноўкі набывала асаблівае значэнне. Гэта была адна з істотных умоў перамогі над добра ўзброенай гітлераўскай арміяй.
Багата насычаная фактычным матэрыялам кніга А. Уткіна даносіць такую думку да чытача доказна і пераканальна, хаця, праўду кажучы, праца ў цэлым не пазбаўлена шматслоўнасці, залішніх паўтораў і іншых стылёвых «агрэхаў».
У кнізе Б. Сакалова мяне ўразіла сведчанне, што А. А. Жданаў у захапленні спіртнымі напоямі дайшоў да алкагалізму і «не валодаў ніякімі арганізацыйнымі здольнасцямі. Уменне ж пісаць даклады з пагромнымі выпадамі супроць Ахматавай і Зошчанкі ў плане магчымага будучага ажыццяўлення ўладных паўнамоцтваў няшмат каштавала».
Прымушае жахнуцца і нагаданая аўтарам крутасць Сталіна ў расправе з такімі неардынарнымі кіраўнікамі Ленінграда ў перыяд блакады гераічнага горада, як М. А. Вазнясенскі, А. А. Кузняцоў, М. І. Радзіёнаў, П. С. Папкоў. Усе яны па так званай «ленінградскай справе» ў 1950 годзе былі расстраляны. Такі ж лёс спасціг, паведамляе Б. Сакалоў, яшчэ некалькі сот пакутнікаў, а ўсяго пад розныя рэпрэсіі і тады падпала «да дзвюх тысяч чалавек». Гэта пасля ўсяго таго, што выпала на іх долю ў гады вайны.