Не, невыпадкова Марцін Эміс назваў сваю кнігу «Сталін Іосіф Грозны». Тут урэзваюцца ў памяць старонкі, добра ўгрунтаваныя мноствам жахлівых па сутнасці, але красамоўных па доказнасці фактаў пра сталінскую жорсткасць і непрадказальнасць ягоных распраў, калі сённяшні блізкі паплечнік і нават любімец заўтра падпадаў пад жахлівыя катаванні і расстрэл.
Нельга забыць і сведчанне пра вядомага англійскага пісьменніка Б. Шоу, які «наведаў СССР у самы разгар голаду, выкліканага наступствамі сталінскай калектывізацыі, і заявіў пасля вяртання з Савецкага Саюза, што савецкія грамадзяне харчуюцца лепш за ўсіх у Еўропе».
А хіба можна не жахнуцца, прачытаўшы ў кнізе Марціна Эміса пра масавы характар даносаў у сталінскія часы. Тады, сцвярджае англічанін, абапіраючыся на сведчанні вельмі аўтарытэтных людзей, у любой савецкай установе, па прыблізных падліках, «кожны пяты супрацоўнік пісаў даносы на сваіх калег... У гэтай сувязі дарэчы аддаць належнае самаму грознаму і праслаўленаму даносчыку ва ўсёй краіне — вялікай Нікалаенка, гэтаму бічу Кіева. Гэтая лютая мегера, адзіная з усіх даносчыкаў, удастоілася асаблівай пахвалы самога Сталіна: “просты чалавек з нізоў”. Нікалаенка, па яго словах, стала сапраўднай “гераіняй”. Варта было Нікалаенка паявіцца на вуліцы, як шматлюдныя вуліцы Кіева адразу пусцелі; прысутнасць яе на якім-небудзь сходзе выклікала смяртэльны жах».
У кнізе Анры Труайя таксама багата цікавых фактаў. Адзін з іх — сведчанне мастака Аненкава пра тое, як жыў М. Горкі ў цяжкія для краіны першыя паслярэвалюцыйныя гады: «У шматпакаёвай і зручнай кватэры Горкага не было ні ў чым недахопу... Сябра Леніна і пастаянны наведвальнік Смольнага, Горкі належаў да катэгорыі “любімых таварышаў”, заснавальнікаў новага прывілеяванага класа. “Любімыя таварышы” жылі заможна. Яны жылі нават лепш, чым у дарэвалюцыйны час. у вельмі багатай бібліятэцы гэтага “марксіста”, на полках якой цясніліся кнігі па ўсіх галінах чалавечай культуры, я не знайшоў (а я шукаў старанна) ні аднаго тома твораў Карла Маркса. Маркса Горкі называў “Карлушкам”, а Леніна — “дваранчыкам”», — здзіўляўся Аненкаў.
Добрай фактычнай выверанасцю вызначаецца наша гістарычная проза апошніх дзесяцігоддзяў — творы У. Арлова, В. Іпатавай, А. Лойкі, В. Коўтун, Л. Дайнекі, Г. Далідовіча, Э. Ялугіна, А. Мальдзіса, К. Тарасава, В. Чаропкі і іншых, не кажучы ўжо пра знакавыя для нашай літаратуры аповесці і раманы незабыўнага У. Караткевіча, з якога ў другой палове ХХ стагоддзя і пачалася праца па рэабілітацыі беларускай гісторыі, па выхаванні паважлівага стаўлення да яе выдатных старонак.
Асаблівую ролю ў аднаўленні гістарычнай свядомасці народа, да якой бальшавікі ставіліся вельмі насцярожана, шукаючы тут злачынны нацыяналізм, Караткевіч надаваў вялікай эпічнай прозе, яе галоўнаму жанру — раману. «Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць, яна непераходзячая сталая вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць дзейсна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным, і ў вялікім», — запісаў ён у дзённіку за некалькі гадоў да смерці, якая вялікім болем адгукнулася ў сэрцах беларускіх патрыётаў.
Варта адзначыць, што Караткевіч у сваім клопаце пра гістарычную свядомасць нацыі быў сугучны Пушкіну, які ў свой час падкрэсліваў: «Павага да мінулага — вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікасці». І яшчэ ён жа: «Дзікасць, подласць і невуцтва не паважаюць мінулага, рабалепствуючы перад адной сучаснасцю».
Зрэшты, і пра сучаснасць ды і пра асабіста перажытае можна напісаць з пачуццём гістарызму, з усведамленнем таго, што і твае сведчанні, калі яны не адвольная прыдумка, маюць гістарычную каштоўнасць, бо адлюстроўваюць нешта істотнае ў сваім часе. Спашлюся на «кнігу адной маладосці» «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля. Першы варыянт гэтай аўтабіяграфічнай кнігі пісаўся па зусім свежых слядах (1942—1944 гады). Але гістарычная дакладнасць і тут вельмі высокая, бо ўся фактура твора рэальная, у поўным сэнсе слова сапраўдная. І ўзноўлена яна з выдатным пісьменніцкім майстэрствам.