На рэальных фактах выбудавана і дакументальная аповесць Янкі Брыля «Муштук і папка», у якой расказана пра трагічны лёс старэйшага брата пісьменніка Валодзі, знішчанага бальшавікамі ў час сталінскіх рэпрэсій.
Такія дакументальныя кнігі звычайна ўражваюць ужо сваім фактычным зместам. А калі яны, як у Брыля, напісаны пяром майстра самага высокага класа, дык іх уздзеянне на чытача набывае асаблівую моц.
Выйшаўшы на гаворку пра ўласна дакументальную літаратуру, хачу падкрэсліць, што ў нас ёсць унікальныя ўзоры такой літаратуры. Найперш тут трэба згадаць кнігі пра злачынствы нацыстаў «Я з вогненнай вёскі» А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка і «Блакадную кнігу» А. Адамовіча і рускага пісьменніка Д. Граніна, дзе адлюстравана трагедыя гераічнага Ленінграда, супраціўленне якога гітлераўцы імкнуліся зламаць кашчавай рукою страшэннага голаду.
У свой час моцна прагучалі дакументальныя кнігі І. Новікава «Руіны страляюць ва ўпор», «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску», «Тварам да небяспекі» — пра мінскае і віцебскае антыгітлераўскае падполле.
Вельмі цікавымі атрымаліся густа насычаныя фактычным матэрыялам успаміны І. Новікава «У пошуках ісціны» («Маладосць», 1999, № 10). Тут І. Новікаў працягвае размову пра трагічную гісторыю мінскіх падпольшчыкаў, а таксама падрабязна, з трывалай апорай на шматлікія дакументы расказвае, хто і чаму перашкаджаў аднаўляць праўду пра ўдзельнікаў антыгітлераўскага супраціўлення ў Беларусі.
Вельмі багатыя на факты і цікавыя кнігі ўспамінаў шэрагу аўтараў. Без натугі ўспрымаецца, скажам, нядаўна выдадзеная кніга М. Аўрамчыка «Знаёмыя постаці» (Мінск, 2004). Тут сабраны напісаныя ў розны час нарысыўспаміны пра Янку Купалу і яго жонку Уладзіславу Францаўну (цёцю Уладзю), Якуба Коласа, К. Крапіву, З. Бядулю, М. Лынькова, П. Глебку, І. Мележа, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанку, А. Пысіна, А. Грачанікава, блізкіх сяброў аўтара А. Коршака і М. Сурначова, якія загінулі на вайне. Прыхільным словам згадваюцца таксама В. Палтаран, Б. Карпаў, С. Александровіч і іншыя літаратары, партыйны кіраўнік рэспублікі ў 1965—1980 гадах П. Машэраў.
Характэрная асаблівасць нарысаў Аўрамчыка — іх добразычлівасць і тое, што яны фіксуюць уражанні аўтара ад асабістых сустрэч з людзьмі, пра якіх ён напісаў. І тыя штрыхі, дэталі, факты, якія з большай ці меншай шчодрасцю прыгадваюцца ў розных нарысах кнігі, маюць для нас бясспрэчную каштоўнасць, бо яны ўбачаны ўчэпістым вокам назіральнага чалавека і нясуць на сабе выразную пячатку адметнасці — так бачыў сваіх герояў менавіта Аўрамчык.
У 2004 годзе, але трошку пазней за Аўрамчыкаў зборнік, выйшла і кніга ўспамінаў «Наш Быкаў». Падрыхтаваў гэтую кнігу, якой, думаецца, наканавана вялікая грамадская цікавасць, Генадзь Бураўкін. Ён і ў час самых злосных нападак на пісьменніка мужна бараніў яго. А цяпер ён вельмі аператыўна сабраў прадстаўнічае кола аўтараў, якія добра ведалі выдатнага мастака і сябравалі з ім, з той ці іншай нагоды сустракаліся, захапляліся яго творчасцю, цанілі яго грамадзянскую мужнасць і чалавечае высакародства.
Сярод тых, для каго Васіль Быкаў быў сапраўды «наш», непахісны аўтарытэт у справах жыццёвых ці творчых, а то і адных і другіх, бачым сястру майстра Валю, яго сына, медыка па прафесіі Васіля, найбліжэйшага сябра Рыгора Барадуліна. Законнае месца па праву трывалага сяброўства тут і ў В. Тараса, С. Законнікава, А. Кудраўца, А. Вярцінскага, В. Казько, А. Жука і шэрагу іншых беларускіх пісьменнікаў. Ёсць у кнізе і маскоўскія сябры Быкава, даследчыкі яго творчасці Л. Лазараў, В. Аскоцкі. Украіна прадстаўлена пісьменніцкімі імёнамі Д. Паўлычкі, У. Яварыўскага, Р Лубкіўскага. Сваё слова сказалі таксама слынныя літоўскія майстры пяра В. Пяткявічус і М. Слуцкіс, нашы прадстаўнікі выяўленчага мастацтва Л. Шчамялёў і Г. Вашчанка, такія выдатныя вучоныя беларусы з сусветным прызнаннем, як акадэмікі некалькіх акадэмій Р Гарэцкі і Б. Кіт, шэраг нашых і замежных грамадскіх дзеячаў. А ў выніку воблік Васіля Быкава паўстае праз цікавыя канкрэтныя сведчанні ў многіх выразных абрысах, хоць, вядома, і не з вычарпальнай паўнатою, якая ў дачыненні да асоб быкаўскага маштабу, мабыць, недасягальная ўжо таму, што яны праз свае творы здольныя раскрывацца ў розныя часы ўсё новымі гранямі.
Сам Васіль Быкаў, ужо смяртэльна хворы, здзейсніў яшчэ адзін подзвіг, стварыўшы кнігу «Доўгая дарога дадому» (Мінск, 2002). У нашай літаратуры ўспамінаў гэта ўнікальная з’ява, твор, які здзіўляе багаццем фактаў, глыбінёй пісьменніцкага роздуму над жыццём чалавека і грамадства ў бурлівым ХХ стагоддзі, на самых крутых перавалах гістарычнага быцця, калі на долю беларусаў раз за разам выпадалі вельмі суровыя, часта жахлівыя выпрабаванні.