Кніга была задумана як бясхітрасны расказ, даверліва-спавядальнае слова пра ўласны лёс аўтара, воляю часу і абставін вымушанага прайсці праз такое віхурнае кола падзей, толькі выжыць у якім, а тым больш застацца незламаным чалавекам было неймаверна цяжка.
Васіль Быкаў годна, вельмі мужна адольваў мноства перашкод, якія паўставалі перад ім. Але ў «Доўгай дарозе дадому» ён рашуча пазбягае ўсякай патэтыкі, гучных слоў, прыхарошвання ўласнай асобы, яе выпінання, якое вельмі ж шкодзіць у мемуарах амбіцыёзных аўтараў. Ён і тут застаецца такім жа сціплым, далікатна стрыманым, якім быў і ў рэальным, практычным жыцці. Але бачыў ён і ўдумліва асэнсоўваў вельмі многае і перадаў чытачу сваё асэнсаванне рэчаіснасці без прэтэнцыёзнасці і мудрагельства. Галоўнае, да чаго ён імкнуўся ў кнізе, зводзіцца да максімальнай праўдзівасці ва ўсім. Выдатнае чуццё мастака і чалавечая праніклівасць падказалі яму, што гэтага можна дасягнуць з найбольшым поспехам менавіта праз даверліваспавядальную гаворку пра ўсё перажытае, перадуманае, вынашанае, а то і выпакутаванае ў мастакоўскіх і практычна-жыццёвых пошуках.
Даверліва-спавядальны характар «Доўгай дарогі дадому» абумоўліваўся і тым, што гэта кніга-развітанне. Яна стала апошнім прыжыццёвым выданнем у Васіля Быкава. Што якраз так і будзе, ён добра ведаў. Такая акалічнасць таксама вымагала шчырасці асаблівай, выключнай, бо перад тварам вечнасці хоць які фальш недапушчальны ў прынцыпе.
Вядома, Васіль Быкаў і ва ўсёй сваёй творчасці за праўду змагаўся апантана. Але ва ўмовах жорсткага ідэалагічнага ўціску і яму не заўсёды ўдавалася адстаяць напісанае ад большых ці меншых цэнзурных скажэнняў, з якімі даводзілася, заціснуўшы душэўны боль, мірыцца, каб твор усё ж дайшоў да чытача. Пра гэта згадваецца і ў «Доўгай дарозе дадому», якая, на шчасце, выйшла без цэнзурнага ўмяшання.
Васіль Быкаў на працягу ўсяго свайго творчага шляху аддаваў перавагу творам адносна невялікага памеру (славутая гранічна сціслая быкаўская аповесць як жанравая разнавіднасць гэтай літаратурнай формы), а ў апошнія гады і ўвогуле стаў пісаць галоўным чынам кароткія прытчы (прыпавесці) са шматзначным падтэкстам. А «Доўгая дарога дадому» ёмістая не толькі рэальным зместам, але і памерам. У ёй ажно 544 старонкі. З’ява для Быкава выключная. І напісана ўсё гэта толькі па памяці. Яна ў пісьменніка заставалася выдатнай да канца яго зямных дзён. Але і сведчанні вельмі добрай памяці час ад часу не шкодзіць звяраць з дакументамі. У Васіля Быкава такой магчымасці не было. Ствараючы «Доўгую дарогу дадому», ніякімі дакументальнымі матэрыяламі карыстацца ён не мог. І ўсё ж кніга атрымалася вельмі змястоўнай, дакладнай і ў фактычным плане. Я спатыкнуўся толькі на дзвюх мясцінах, у якіх быкаўская памяць дала збой.
Так, у кнізе сцвярджаецца, што за выданне рамана «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіч «адзін змагаўся з колішнім знакамітым выдавецкім босам Матузавым. І ўсё ж ён перамог, раман выйшаў». На самой справе перамагчы таго боса, які ўзначальваў выдавецтва «Мастацкая літаратура», Караткевічу дапамагалі многія. Дастаткова сказаць, што ў падтрымку Караткевіча выступіў наш Саюз пісьменнікаў, уплыў якога на выдавецтва ў той час быў моцны. Па ініцыятыве Івана Мележа, які ў якасці аднаго з сакратароў СП адказваў за развіццё прозы, у лютым 1967 года было наладжана абмеркаванне Караткевічавага рамана на сумесным пасяджэнні сакратарыята СП і секцый прозы і крытыкі. У падтрымку Караткевіча на тым пасяджэнні выказаліся сам І. Мележ (ён вёў сход), Я. Брыль (ён тады таксама быў сакратаром СП), А. Адамовіч, І. Навуменка, Н. Гілевіч, А. Мальдзіс, Г. Кісялёў і іншыя. Гэта істотна паспрыяла Караткевічу.
Другая фактычная недакладнасць у кнізе «Доўгая дарога дадому» датычыць В. Бурана, яго дысертацыі пра быкаўскую творчасць. «Дысертацыю не прымалі, бо там даваліся не тыя ацэнкі некаторым момантам маёй творчасці. Васіль біўся над ёй колькі месяцаў, і ўсё марна. Я сказаў яму: “Напішы ты, што ім патрэбна...” Мы разам сядзелі вечар, і я памагаў яму рабіць фармулёўкі ўласных творчых хібаў. Здаецца, тое памагло, дысертацыю прынялі», — зазначана ў Быкава.
Праўда заключаецца ў тым, што ніхто Буранаву дысертацыю не адхіляў. А ён сам пасля рэзкай крытыкі аповесцей «Мёртвым не баліць» і «Праклятая вышыня» моцна напалохаўся і паехаў у Гародню да Васіля Быкава за паратункам. І пісьменнік сапраўды ратаваў яго. Але гэта была залішняя перастрахоўка, бо ўсе, хто вырашаў лёс дысертацыі, не маглі яе «зарэзаць» з прычыны таго, што афіцыёзнага разносу тады яшчэ толькі двух твораў Быкава не прымалі.