Сярод нядаўна апублікаваных пісьменніцкіх успамінаў, цікавых найперш фактычнай насычанасцю, варта згадаць «Начныя ўспаміны» І. Шамякіна, якія змяшчаліся ў 2001 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва». Добрае ўражанне пакінула яго ж дакументальная аповесць-успамін «Слаўся, Марыя!» («Маладосць», 1999, № 5, 6 і 7) — усхваляваны твор пра жонку пісьменніка Марыю Філатаўну, якая не толькі была вернай спадарожніцай Івана Пятровіча, але і стала прататыпам вобразаў прывабных гераінь у шэрагу яго твораў.
У 2002 годзе ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор», галоўным рэдактарам якога з’яўляецца К. Цвірка, пасмяротна выйшла кніга выбраных прац акадэміка Г. Гарэцкага, выдатнага вучонага, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай акадэміі навук, які па асноўнай спецыяльнасці быў геолагам, але вызначаўся і шырокім літаратурна-культурным кругаглядам. У кнігу ўвайшлі яго ўспаміны пра старэйшага брата Максіма Гарэцкага (серыя артыкулаў), а таксама артыкулы-ўспаміны пра Янку Купалу, Якуба Коласа, К. Крапіву, У. Дубоўку, П. Глебку.
Кніга ўключае і надзвычай цікавыя лісты аўтара, якія таксама з’яўляюцца дакументам часу, вядома, прыватным, але вельмі красамоўным у сваёй сапраўднай дакладнасці.
Дапоўнена выданне змястоўнымі ўспамінамі пра бацьку (Г. Гарэцкага) яго сыноў Усяслава і Радзіма. Радзім Гаўрылавіч і ў апошнія гады апублікаваў у Мінску некалькі змястоўных, надзвычай багатых на факты прац, звязаных з гісторыяй беларускай культуры, мовы, літаратуры. Гэта кнігі: «Шляхам адраджэння» (1997), «Ахвярую сваім «я»... Максім і Гаўрыла Гарэцкія» (1998), «Вечна жыве Беларусь! Артыкулы, інтэрв’ю, замалёўкі» (2003).
Усяслаў Гаўрылавіч (ён у бацькоў быў першынцам) па сваёй знакамітасці крыху саступае Радзіму, але таксама мае вельмі высокую навуковую і чалавечую рэпутацыю. Ён працуе ў Маскве на педагагічнай ніве, членкарэспандэнт Расійскай акадэміі адукацыі, стварыў цэлы шэраг прызнаных школьных падручнікаў.
На трывалым фактычным грунце трымаюцца і ўспаміны С. Шушкевіча «Мой лёс», апублікаваныя пакуль што толькі ў перыёдыцы. Вядома, С. С. Шушкевіч, аўтар гэтых успамінаў, у адрозненне ад свайго бацькі С. П. Шушкевіча, прафесійным пісьменнікам, як і Усяслаў ды Радзім Гарэцкія, не з’яўляецца, але расказаў ён пра сябе і бацьку талкова, з добрай дакументальнасцю.
Яшчэ раз вяртаючыся да І. Шамякіна, адзначу яго важкую кнігу «Роздум на апошнім перагоне» (Мінск, 1998), дзе змешчаны багатыя на факты пісьменніцкія дзённікі 1980—1995 гадоў.
У 1995—1997 гадах у «Полымі» пасмяротна апублікаваны шматгадовыя дзённікі М. Танка, каштоўныя і сваёй велізарнай фактычнай насычанасцю, і літаратурна-эстэтычнай важкасцю, якая ўласціва добрай дакументальнай прозе.
Яшчэ ў 1988 годзе выйшла асобным выданнем кніга Н. Гілевіча «Перажыўшы вайну» з падзагалоўкам «Аповесць у абразках памяці». Гэта таксама па сутнасці дзённікавая проза. Напісана яна хораша і вызначаецца зноў жа грунтоўнай фактычнай насычанасцю.
Дзённікава-ўспамінальны характар маюць і апошнія творы А. Адамовіча. Згадаю яго «Падарожжа з Мінска ў Маскву і назад» і «Vixi» (Пражыта). Скончаныя раздзелы незавершанай кнігі». Апублікаваны абодва творы ў перыёдыцы ў 1994 годзе. У самым пачатку таго года А. Адамовіч раптоўна памёр, не дачакаўшыся і часопіснай публікацыі гэтых твораў. А яны, асабліва «Vixi», вельмі багатыя на факты, роздум, прагнозы і выдатна адлюстроўваюць ваяўнічы грамадзянскі тэмперамент А. Адамовіча, яго жаданне і ўменне неадкладна кідацца туды, дзе ўзнікае пагроза бяды, каб прадухіліць няшчасце, а калі яно ўжо здараецца, каб зменшыць наступствы. Таму ён так рашуча папярэджваў пра магчымасць тэрмаядзернай катастрофы, калі яна найбольш пагражала чалавецтву, так настойліва дамагаўся праўды пра Чарнобыль, якую бальшавіцкая кіраўнічая наменклатура, асабліва ў Беларусі, імкнулася схаваць ад народа, каб нічога не рабіць для яго паратунку. Маўляў, беларусам атам не страшны. А. Адамовіч ад спецыялістаў-навукоўцаў добра ведаў, што радыяцыя ў вельмі высокай канцэнтрацыі забівае беларусаў гэтак жа няўмольна, як і ўсіх іншых людзей. І рабіў ён, кінуўшы асабістыя справы, нямала практычных захадаў для паратунку чарнобыльцаў.
Кніжнае выданне аповесці «Vixi» выйшла ў 2002 годзе ў складзе аднайменнага зборніка, у якім змешчаны і некаторыя іншыя творы аўтара. У аповесці дзве структурна розныя часткі. Першая частка мае назву «З-пад кропельніцы». Гэта старонкі з запісной кніжкі, чысты дзённік, які А. Адамовіч вёў у канцы 1991-га — першай палове 1992 г., фіксуючы ўсе адценні свайго пасляінфарктнага стану — цяжкі, але яшчэ не смяротны, як наступны інфаркт, які быў у А. Адамовіча ўначы з 20 на 21 снежня. З дзённікавых запісаў у яго атрымаўся чалавечы дакумент, вельмі дакладны ў фактычнай частцы, сумленны ва ўсім.