Другая частка аповесці ідзе пад загалоўкам «Ізноў пачынаецца дзяцінства». Тут змешчаны надзейна падмацаваныя багаццем фактаў успаміны з выхадам не толькі на самыя першыя памятлівыя гады, але і на свае кнігі, з гаворкай пра тое, што ў Адамовічавых кнігах з моцным аўтабіяграфічным пачаткам адлюстравалася ў дакладнай адпаведнасці з жыццёвай рэальнасцю, а што і чаму так ці іначай карэкціравалася, дадумвалася, па розных прычынах перайначвалася. А ў выніку нарадзілася, як і ў Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», кніга-споведзь, шчырая, як перад тварам вечнасці. Праз яе, тую размову, маштаб асобы А. Адамовіча акрэсліваецца з яркай пераканаўчасцю. Яна дасягаецца не за кошт рысоўкі, Алесю Адамовічу, як і Васілю Быкаву, зусім не ўласцівай, а менавіта за кошт шчырасці, адкрытасці, сумленнай і не галаслоўнай, а заглыбленай у фактычныя рэаліі гаворкі пра сябе і час. Так што і дзённікава-ўспамінальная проза, асабліва ў тых выпадках, калі яе піша, абапіраючыся на факты, выдатны, ніколькі не схільны да фальшу мастак, можа вельмі многае.
Пераважна дзённікавы характар, калі казаць пра сутнасць, а не знешняе афармленне запісаў аўтара, маюць філігранна адпрацаваныя кнігі Я. Брыля «Пішу як жыву» (1994), «З людзьмі і сам-насам» (2003), «Блакітны зніч» (2004). Праўда, кніга «Пішу як жыву» ўвабрала не толькі брылёўскія лірычныя мініяцюры і іншыя запісы, сутнасна блізкія да дзённікавай прозы, але і ўжо згадваную дакументальную аповесць «Муштук і папка», шэраг апавяданняў зусім не дзённікавага характару ды вельмі прачулыя нататкі пра маці «За светлую памяць», таксама без дзённікавай прывязкі. Мне пра гэтую кнігу ўжо даводзілася выказвацца ў друку. Таму ў заключэнне толькі падкрэслю, што дзённікавая проза, у якой вельмі важная фактычная насычанасць, нявыдуманасць сведчанняў, заўсёды вызначаецца адметнасцю аўтарскіх поглядаў. І яны, як і ў кнігах успамінаў, звычайна далёка неідэнтычныя ў розных аўтараў. Бывае, што несупадзенне пункту гледжання на занатаваныя падзеі, з’явы, факты даходзіць і да дыяметральнай супрацьлегласці — тое, што адзін ацэньвае станоўча, другі катэгарычна адмаўляе. Але вельмі ўжо баяцца разбежак, калі яны і значныя, наўрад ці трэба. У прынцыпе гэта нармальная, а на практыцы непазбежная з’ява. Важна, каб не было выдумкі і падтасовак, няпраўды ў самой факталагічнай аснове. А з вытлумачэннем, інтэрпрэтацыяй удумлівы чытач разбярэцца і сам.
2004 г.
ПРАЗАІЧНЫЯ ЭЛЕГІІ ВАСІАЯ ЗУЁНКА
У шостым нумары «Полымя» за 1999 год змешчаны дзве празаічныя элегіі, напісаныя Васілём Зуёнкам, які ўжо даўно і вельмі трывала сцвердзіў сябе ў паэзіі. Ягоныя вершы і паэмы прызнаны на самых розных узроўнях. У свой час іх шчыра віталі У. Караткевіч і Г. Бураўкін, А. Вярцінскі і А. Грачанікаў, К. Цвірка і Г. Далідовіч, В. Іпатава і В. Вярба, а яшчэ шэраг іншых «таварышаў па пяру», а таксама многія прафесійныя крытыкі, сярод якіх былі і такія майстры крытычнага слова, як Р. Бярозкін і У. Калеснік. І ўсе яны звычайна не скупіліся на пахвалу таленавітаму паэту. Той жа У. Караткевіч адгукнуўся на выдадзены ў 1966 годзе зборнік «Крэсіва» (першая кніга Зуёнкавай лірыкі для дарослых чытачоў) грунтоўнай рэцэнзіяй, якой даў шматзначную назву «Крэсіва. Іскры. Агонь». Як галоўную якасць паэзіі В. Зуёнка ён вылучыў «сапраўдную чалавечую дабрату», падкрэсліўшы, што «гэта дабрата трывогі, папярэджання, мужнасці». І, як звычайна, меў рацыю, бо матывы трывогі і папярэджання сапраўды былі ў «Крэсіве», а з цягам часу сталі гучаць у паэта ўсё больш моцна і пэўна. Сёння гэта бачыцца асабліва выразна.
Раблю такую выснову, зноў перачытаўшы Зуёнкавы кнігі, якія ёсць у маёй дамашняй бібліятэцы. Іх набралася нямала: «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995) і вялікі двухтомнік выбраных твораў (1996, 1998). У першым томе памерам 446 старонак змешчаны вершы паэта. У трошкі меншы другі том (319 стар.) увайшлі ўсе пяць Зуёнкавых паэм: «Лукам’е», «Сяліба», «Прыцягненне», «Маўчанне травы» і «Падарожжа вакол двара». Таму кніга паэм атрымала назву «Пяцірэчча». Том лірыкі мае загаловак «Гронка цішыні». Назва, вядома, з падтэкстам, палемічна-парадаксальная, бо ні задаволенай улагоджанасці, ні заспакоенай сузіральнасці ў паэзіі Зуёнка няма, прынамсі, я такога не заўважыў. Наадварот, паэтаў верш найчасцей бунтуе, спрачаецца і зноў жа мужна папярэджвае. Нездарма ж цішыня ў аднайменным вершы, які можна разглядаць як твор, што абгрунтоўвае назву тома, — гэтая цішыня вельмі адметная. Яна голасна прамаўляе, «звініць!» (клічнік тут, канечне ж, не мой, а Зуёнкаў). І гэты звон, калі мець на ўвазе ўсю паэзію аўтара, а не толькі адзін канкрэтны верш, адлюстроўвае самыя балючыя нашы болі і крыўдныя нягоды, прычым адлюстроўвае таленавіта і шматбакова, без спрашчэння і дагодлівай афіцыёзнасці. А калі нейкія ўступкі казёншчыне ў паэта зрэдку і пракідаліся (зусім без гэтага пры камуністычным рэжыме ні ў кога, хто ў той час тады друкаваўся, не абыходзілася), дык аўтар, рэдагуючы двухтомнік, паздымаў адпаведныя радкі і строфы, а цалкам сапсаваныя дзяжурнай афіцыяльшчынай творы не дапусціў да перавыдання.