Вяртаючыся да ацэнкі Зуёнкавай паэзіі ягонымі паплечнікамі, зазначу яшчэ, што асабліва ўзнёсла пісаў пра яе Р. Барадулін. У артыкуле «Як маланка, нечаканы...» (1984) ён сцвярджаў: «Паэму “Маўчанне травы” можна без усялякіх агаворак і перасцярог ставіць не дужа далёка ад коласаўскай “Новай зямлі”».
Права на такое збліжэнне, лічыць паэт, дае тое, што і Зуёнкава паэма — твор пра «лёс народа, пра лёс жыцця на зямлі. Гэта своеасаблівая анталогія каранёў чалавека працы, каранёў дабра і зла, каранёў нашай мовы ў канкрэтных праявах, анталогія зямлі ў расе і шэрані, у руні і ў шрамах акопаў». Барадуліну належыць і прадмова да двухтомніка, у якой падкрэслена, што «паэзія Васіля Зуёнка мае эпічны пачатак». Зноў сказана слушна. А гэта азначае, што Зуёнак невыпадкова звярнуўся і да прозы.
Ды калі казаць зусім дакладна, дык цяперашнія Зуёнкавы элегіі не першыя спробы ягонага пяра на празаічным полі. У паэта ўжо была кніга вельмі добрай крытычнай прозы «Лінія высокага напружання» (1983), былі нарысы, замалёўкі і апавяданні для дзяцей. А вось празаічныя элегіі сапраўды з’явіліся ўпершыню. І яны ўвогуле нязвыклыя, бо ў традыцыйным разуменні элегія — жанр паэтычны. Гэтым тэрмінам тэорыя літаратуры пазначае вершаваныя творы журботнага, меланхалічнага зместу, прасякнутыя сумным настроем, які адлюстроўвае незадаволенасць жыццём ці шкадаванне пра тое, што ўжо мінулася. Для звыклай, класічнай элегіі характэрныя глыбокая эмацыянальнасць, тонкасць і псіхалагічная насычанасць пісьма, яго дакладная стылёвая выверанасць. У Зуёнкавых элегіях усё гэта таксама ў наяўнасці. Таму ёсць усе падставы лічыць іх законнай мадэрнізацыяй вядомага жанру. Тым больш што сучасная літаратура даволі свабодна абыходзіцца з жанравымі канонамі і ў выпадку патрэбы лёгка парушае іх.
Асабліва змястоўнай і па-сапраўднаму глыбокай уяўляецца мне элегія «Супоня». Твор атрымаў такую назву, таму што на моцнай сырамятнай супоні павесіўся адзін з цэнтральных герояў твора. Гэта Муня, ён жа — Эмануіл Аляксеевіч, чалавек з пароды праўдашукальнікаў, лёс якіх у таталітарным грамадстве заўсёды незайздросны. Так адбылося і з Мунем. Газетчык па прафесіі, сумленны і, здаецца, таленавіты, ён ва ўсім імкнецца да справядлівасці, але ані не ўмее хітраваць. Таму і церпіць адно паражэнне за другім. Канец ягонай газетнай кар’еры ўжо ў часы «вертыкальшчыкаў» афіцыйна патлумачаны плагіятам, хоць на самой справе, як кажа Муня, «зусім наадварот было: чужыя думкі ўспрацівіўся я выдаваць за свае. Якраз з-за гэтай самай “вертыкалі” рэдактар у нас новы аб’явіўся — з былых райкомаўцаў, зростак такі аглоблі з дугою. Ну і давай усіх “вывертыкальваць” — што ні напішаш, слова ў слова каб у “вертыкальны” тон было. А ў мяне — свая галава на плячах і свае рахубы... “Не-е, — кажу, — гэта не за райкомаўскім сталом вымовы шлёпаць...”».
Аднак тады Муню толькі вымову і ўляпілі, а на пасадзе ён яшчэ неяк утрымаўся, хоць падчас ягонага дзяжурства ў газеце «замест “райком партыі” ўсяго ды праскочыла “райкорм партыі”: “р” лішняе ўплішчылася ды такі сэнс засвяціла!» Новыя ж улады абышліся з праўдалюбцам куды больш крута. Зрэшты, новыя яны толькі адносна, бо кадры скрозь засталіся старыя, хоць сваю фразеалогію трохі і перайначылі. «А во нагнаў жа мяне той самы ганчак райкомаўскі, зноў ухапіўся, ды ўжо не за лыткі, а з аглаблёю...» — працягвае сваю споведзь Муня. Вось і падаўся ён у фермеры, але і тут вялікай удачы не меў. Падводзілі ўсё тыя ж няўменне хітраваць, бескарыслівасць і сумленнасць. У часы, калі «жыццё робіцца ўсё больш глухім і бессардэчным», гэта вельмі вялікія заганы, пераадолець якія ў Муні няма сілы.
Па натуры гэты назіральны газетчык яшчэ і філосаф. Але жыццёвыя няўдачы, абумоўленыя найперш змрочнай рэчаіснасцю і толькі ўзмоцненыя характарам персанажа, робяць яго філасофію вельмі песімістычнай. «От, ты кажаш: “хамут...”, а хочаш — я табе скажу: хамут гэты — усё жыццё наша. І нехта, самы хітры і нахабны, зацягвае супоню. Гэткі выходзіць паварот: любі жыццё ці праклінай, а яно бярэ тваю шыю ў клешчы, аблягае загрывак і персі: цягні, выжыльвайся... Трасуцца сцёгны, іскры крывавыя ўваччу, — а ты цягні... цягні, аж пакуль з капытоў... Воля — яна толькі ў марах», — тлумачыць Муня, адчуваючы сябе хоць і дастойным у прынцыпе, але лішнім у такім жыцці чалавекам.