Выбрать главу

Кажу тут пра дастойнасць у прынцыпе, бо і сам Муня далёка не бязгрэшны. Зведаў ён карцёжніцтва ды п’янства, хоць незадоўга да самагубства наважыўся «завязаць» і з картаю, і з чаркаю, ужо і адступнога «зафугасіў» на поўную катушку. Збіраўся ўжо і ад’язджаць, ці не ў «райгазету», куды яго клікалі, як ён спадзяваўся, на сталую працу. А потым, здаецца, нечакана і для самога сябе, Муня перадумаў. Чаму? У элегіі зусім пэўнага адказу на гэты конт няма. Але відавочна, што Муню ўсё ж не хочацца пакідаць абжытыя мясціны, дзе застаюцца і пасаджаны ім адным бярозавы гаёк, празваны вяскоўцамі паркам, і выган з траўкай-мураўкай, такой ласкавай, што «хоць да шчакі прыкладвай», і палі, на якіх «жыта ў трубку ідзе», бульба лапушыцца, словам, уся тая любата, з якою зжылася чулая Мунева душа. А яшчэ ён на пошце «пісьмо нейкае атрымаў». Яно і дабіла канчаткова. Што было ў тым пісьме, застаецца загадкай. Аўтар, вядома, знарок пакідае такую загадкавасць без расшыфроўкі. Але і так зразумела, што сумленны чалавек не вытрымаў сучасных жыццёвых штормаў («у разбітым карыце плывеш — не для шторму пасудзіна», — гаворыць, маючы на ўвазе Мунева няўменне прыстасоўвацца да абставін за кошт сумленнасці, ягоны сябра).

Не задалося ў Муні і асабістае жыццё. Пакахаў ён значна маладзейшую дзяўчыну Клаву, якая на пэўны час звязала з ім свой лёс яўна без кахання, толькі дзеля таго, каб з’ехаць ад абрыдлых ёй вяскоўцаў у горад. Дык і даймае яна Муню на кожным кроку, здзекуючыся з яго часам адкрыта, а найчасцей прыхавана, праз розныя дробязі, чапляецца за якія жанчына вельмі вынаходліва. Псіхалагічная пранікнёнасць, дакладнасць ва ўсіх дэталях, якая заўважаецца і ў паказе іншых персанажаў, тут, у абмалёўцы Клавы, уражвае ці не найбольш.

Знешне дзяўчына падалася закаханаму Муню вельмі прывабнай, падобнай на крамяную радысачку, «вось толькі-толькі з градкі, абмытая свежай, са студні, вадою, з гуллівымі пераскокамі сонечных зайчыкаў, з хвосцікам валасоў, заціснутых гумкаю на самай макаўцы...». Але даволі хутка «радысачка» паказвае свой сапраўдны нораў, ператвараючыся калі не ў здрадліва-горкі яблык, то, як сказана ў элегіі, у «спахмурнелы грэцкі арэх». Двухсэнсоўна-з’едлівыя яе жарцікі ў халодны зімовы дзень: «А знаеш, калі б ты памёр, ну хоць бы сабе зараз, — я, напэўна б, і не заплакала. Слёзы на холадзе стынуць...»

Не даводзіцца здзіўляцца і таму, што нават з мужавага імя яна пацвельваецца далёка не бяскрыўдна, маўляў, яно «нейкае ... халоднае, як жаба». А чаго варта тое, што амаль з першых дзён замужжа Клава зганяе Муню з агульнага ложка, заяўляючы, што ўдваіх на ім «і цесна, і вузка». І нібыта залішне штурхаецца мужанёк, а ў дадатак і дыхае, як паравоз, — «ад гарачыні і поту звар’яцець можна, на сценку палезці...». Вось што значыць сысціся з нялюбым! А неўзабаве з’явіўся ў пакоі і трэці сем’янін. Не, не дзіця, нашчадкаў яны не займелі, а «абрыдлы, прыкры для Муні... ложакраскладанец. Па вечарах ён разгортваўся, лязгаючы жалезным шкілетам, выцягваўся, прыўзнімаючы ўзгалоўе, тупа глядзеў на Муню нейкім дапатопным дыназаўрам-страшыдлам і, здаецца, пытаўся: “Ну што — маеш? Зарабіў ордэр на начлег?.. Кладзіся, кладзіся — са мной не ўпацееш...”».

Тое, што жалезная пачвара пад пяром пісьменніка ажывае і пачынае здзекавацца з няшчаснага чалавека, ужо надае размове злавесны сэнс, выразна падкрэсліваючы ўсю меру абсурду, што пануе ў нашым сучасным жыцці. Натуральна, што пасля гэтых і іншых выбрыкаў сямейная ідылія, на якую было спадзяваўся наш герой, ператварылася ў прывід, стала недасягальным фантомам. І дажываў Муня свае ўкарочаныя ім самім гады ўжо бабылём, у вясковай хаце, што дасталася яму пасля сестрыной смерці. Вельмі незайздросны чалавечы лёс!..

Надта каларытна выпісаны і Муневы сябры па чарцы і карцёжных гульнях — Корцік і Дэбет, людзі без прозвішчаў, а толькі з мянушкамі. Гэта так­сама знак чалавечай абяздоленасці, прыніжэння асобы, яе занядбанасці. Застаецца пазначанай толькі ранейшая прафесійная прыналежнасць. Корцік атрымаў сваю клічку з-за колішняй марской службы. Ён — былы марак з Балтыкі, звыштэрміновік-добраахвотнік, звольнены за прыхільнасць да алкаголю. А ўвогуле чалавек ён не благі, па-свойму спагадлівы, ра­зумны і часам яшчэ суцяшае сябе марай, што зможа некалі пакрасавацца «на капітанскім мосціку — дзе-небудзь ля Чорнай Афрыкі...». Мара зноў жа прывідная, нязбыўная. Але ж трэба чалавеку хоць нечым сябе заспакойваць ды суцяшаць, каб жыццё не станавілася, як у Муні, зусім не выносным.