Выбрать главу

Дэбет так названы з той прычыны, што працаваў рахункаводам, а ця­пер ён ужо на пенсіі і можа падзарабляць хіба на выпадковых работах, калі яны трапляюцца. Ды ён улягаць у працу не вельмі імкнецца. Па чалавечых параметрах Дэбет яўна саступае і Муню, і Корціку, бо ў адрозненне ад іх зайздрослівы і прыцісклівы, схільны да дробязнага хітравання. Сваю пасаду ён страціў з-за таго, што аказаўся не ў ладах з тэхнічным прагрэсам, не змог працаваць на самых простых камп’ютарах. А падхалімнічаць навучыўся, засвоіў, што самае бяспечнае ў часы фарысейства і крывадушнасці — заўсёды і ва ўсім дэманстратыўна падтрымліваць любы афіцыёз. Напісана пра ўсё гэта не без з’едлівасці і зноў жа з тонкай псіхалагічнай выверкай, якая забяспечвае сапраўднасць кожнага Дэбетавага жэста і слова. А мова ў яго шчодра расквечаная жарганізмамі. Гэты лексічны пласт трапна выкарыстоўваецца і ў гаворцы іншых персанажаў, асабліва ў Корціка, у яко­га марскі каларыт проста кідаецца ў вочы.

Наогул, хараство Зуёнкавых элегій у многім трымаецца на багацці і тонкасці іх эмацыянальна насычанай стылістыкі, на ўменні аўтара сцісла, але заўсёды дакладна акрэсліць чалавечы характар персанажа каларытным у сваёй выразнасці, сэнсава і экспрэсіўна ёмістым словам. За майстэрскім валоданнем гэткім словам адчуваецца вопыт працы аўтара ў паэзіі.

Вельмі прывабны Зуёнак і ў эканомных пейзажных штрыхах, у партрэтных і рэчыўных дэталях, трапнасці якіх нярэдка можна пазайздросціць.Вось як падае ён сутычку двух сваіх герояў: «Дэбет выцягваў шыю, лосны ад тлушчу твар звужаўся, збягаючыся да носа, і ўсёадно як пачырванелай дзюбай, сыкаў на Корціка. А той, у сваёй злінялай, мытай-перамытай, што і палоскі ледзь угадваліся, цяльняшцы, выдаваў на перапялёсага шчупака, які ў падлёдную задуху сам сабой выкідваўся з палонкі і на ўсе пашчэнкі хапаў паветра, — здаецца, у Корціка і вушы, быццам жабры, падшавельваліся».

Тонкай настраёвасцю вызначаецца элегія «Куды павёў лапаць». Тут Зуёнак, не хаваючыся за вобраз безыменнага апавядальніка, а непасрэдна ад свайго сапраўднага імя расказвае пра двух вядомых яму сімпатычных вяскоўцаў — старавера Лявона і мужычкі Гапулькі, лёс якіх паяднала моцнае каханне. Яно нарадзілася і захавала сваю трываласць насуперак устойлівай старой традыцыі, якая асуджала блізкія інтымныя стасункі паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій.

Элегія «Куды павёў лапаць» датуецца 1994 годам, «Супоня» — 1999-м. Значыць, ёсць падставы меркаваць, што Васіль Зуёнак да гэтага жанру прыахвоціўся сур’ёзна. Што ж, у добры час!

Пакуль артыкул рыхтаваўся да друку, выйшаў першы нумар «Полымя» за 2000 год, дзе змешчаны яшчэ тры Зуёнкавых элегіі: «Чаравікі для баўэра», «Штаны» і «Дзяцей шкада...». Усе яны напісаны хораша, пранікнёна, зноў жа з журботнай настраёвасцю, выкліканай невясёлымі жыццёвымі рэаліямі, што ўзнаўляюцца ў творах. Але «Штаны» вылучаюцца асабліва шчымлівым гучаннем. Пачатыя яны з гумарам, які паўнаўладна гучыць на цэлым шэрагу старонак, а завершаныя на вельмі балючай трагічнай ноце. Так асэнсоўваецца горкі лёс добрага вясковага хлопца Хомкі, які памірае, не пакінуўшы нашчадкаў: ягоную мужчынскую сілу, а потым і жыццё няўмольна з’ела радыяцыя, атрыманая ў час службы ў ракетных войсках. Пракляцце, якое пасля Чарнобыля абрынулася на цэлы народ, ужо напаткала шмат беларусаў і працягвае забіраць усё новыя ахвяры... Адсюль і асаблівая гаркота фінальных акордаў гэтай проста выдатнай элегіі.

2000 г.

ЯНЫ АБОДВА НЕПАЎТОРНЫЯ ВА ЎСІМ

Рыгора Барадуліна звязвае даўняе сяброўства з Васілём Быкавым. Яно грунтуецца і на зямляцкай блізкасці (абодва знакамітыя пісьменнікі паходзяць з Ушаччыны), і на супадзенні галоўных чалавечых і творчых арыентацый (катэгарычнае непрыманне ў жыцці, літаратуры фальшу і крывадушнасці, дагодлівага прыстасавальніцтва да ўладаў, паслядоўная абарона беларушчыны, тым больш настойлівая, чым большая пагроза навісае над нашай будучыняй як нацыі, самабытнага этнасу).

У таталітарнай дзяржаве бескампраміснае адстойванне прынцыповых грамадзянскіх пазіцый нараджае для мастакоў, якія не апускаюцца да карыслівага прыслужніцтва, шмат праблем творчага плана. А ў самых абвостраных сітуацыях узнікае і небяспека для жыцця саміх творцаў.