Выбрать главу

Асабліва выразна такая пагроза паўстала ў апошнія гады яго жыц­ця перад Васілём Быкавым. Сваю вялікую мужнасць ён засведчыў у час Айчыннай вайны, у пекле якой шмат разоў глядзеў у вочы смерці. Але цяпер ён не стаў яшчэ раз выпрабоўваць лёс (усё ж і Бог беражэ беражонага), а выехаў за межы Беларусі, спачатку ў Фінляндыю (у Хельсінкі), а потым у ФРГ. Прытулак у абедзвюх краінах яму забяспечыла падтрымка зарубежных пісьменнікаў, якія вельмі высока цэняць выдатны быкаўскі талент, яго грамадзянскую мужнасць, непахіснасць у абароне праўды і чалавечнасці.

У той перыяд, калі Васіль Быкаў б^іў «у змушаным выраі» ў Фінляндыі, Рыгор Барадулін, каб хоць трохі паслабіць сябраў сум па Радзіме, пасылаў яму ў Хельсінкі вершаваныя лісты, якія і склалі першы раздзел кнігі «Лісты ў Хельсінкі».

Пачынаецца ж яна ёміста-шматзначным эпіграфам, які таксама належыць вынаходліваму барадулінскаму пяру:

Будуць часам ідалы раструшчаны,

Свет разумны стоміцца ад крыкаў.

Васільком у жыце беларушчыны

Назаўсёды застанецца Быкаў.

Гэта напісана хораша і добра выяўляе паважлівасць, з якою Барадулін ставіцца да быкаўскай творчасці і яго самога.

Ёсць у кнізе і невялікая прадмова Васіля Быкава. У ёй дакладна акрэсліваецца характар зборніка, у якім, апрача барадулінскіх вершаў, змешчаны і быкаўскія малюнкі, што складаюць заключны раздзел пад назваю «Водгалас». Такім чынам, атрымалася вельмі арыгінальная пераклічка двух выдатных майстроў: вершы паэта падсвечаны малюнкамі празаіка, які прафесійным жывапісцам не з’яўляўся, аднак умее выказвацца не толькі словам, але і выяўленчым штрыхом. Зрэшты, працытую самога Васіля Бы­кава: «Кажуць, што эпісталярны жанр цяпер не ў модзе. Ліставанне, якое цягам стагоддзяў было ці не адзіным сродкам зносінаў між людзьмі, саступае новым, электронным сродкам. Слова папяровае ўсё часцей мяняецца на візуальны вобраз — болей багаты і даступны для ўспрымання. І калі што трымаецца старых людскіх звычак, дык гэта паэзія. Думка і пачуццё ўпарта не хочуць знікаць з традыцыйных, гутэнбергаўскіх радкоў, надта яны паядналіся ў чалавечай свядомасці і пакуль што трымаюцца адзін аднаго.

Так, паэзія не можа абысціся без напісанага (выдрукаванага) радка, таму Рыгор Барадулін паўтара гады пісаў вершаваныя лісты ў Фінляндыю. Вядома, што ростань абвастрае пачуцці — да каханай, сябра або Радзімы — і часам нараджае шэдэўры вершаванай паэтычнай думкі. У гэтай невялічкай кніжачцы безліч самых сур’ёзных думак і самай высокай паэзіі чалавечага існавання. Натуральна, што празаік у гэтым сэнсе не можа спаборнічаць звыклымі сродкамі і абраў не надта традыцыйны спосаб дыялогу — выяўленчы. Атры­малася не дужа гарманічна і стылёва (можа, нават дызгарманічна), але ча­сам і ў дызгармоніі ёсць свой лад і прывабнасць».

Сказана, як заўсёды ў Быкава, слушна і трапна. Я ж пачну разгляд барадулінскіх лістоў з гаворкі пра багацце думак і пачуццёвай насычанасці ў вершах паэта. На першым плане ў іх матывы суму, выкліканыя і расстаннем з сябрам, і самім характарам нашага часу, які паэт у адной з нядаўніх гутарак афарыстычна назваў часам выпаўзання змей. Вызначэнне скрушлівазмрочнае, але небеспадстаўнае. Гэта выразна разумееш, наслухаўшыся той цынічнай хлусні, з якою вылазяць на людзі некаторыя абаронцы самых горшых узораў афіцыёзу.

Для чулай душы паэта гэткая хлусня асабліва невыносная. І таму ніколькі не дзівішся, прачытаўшы ў Барадуліна: «Яшчэ імгненне — // І душа завые». Такая канцоўка самага першага ліста (усе яны ў кнізе адметнай назвы не маюць, а толькі пазначаюцца ў парадку чарговасці). Згаданы ліст і пачаты кідкім пейзажным штрыхом, за якім зноў жа паўстае змрочны ў грамадскім плане воблік нашых дзён: «Дажджы й дажджы, // І хмары, і самота, // І глухата // З усходу да заходу». Гэты матыў суму, скрухі, глухога да людскіх турбот часу праходзіць праз увесь зборнік. Дрэвы ў паэта «маўчаць, дрывамі стаўшы ад пакуты» («Ліст другі»). «Свабодны ад будкі і ад ланцуга // Сабака брэша ў ноч глухавата. // Нібы пытае, чыя чарга // Завыць, каб забыць, // Што жыцця не багата» («Ліст дванаццаты»). «Як стол жалобны, // Усё наўколле» («Ліст шаснаццаты»). Усё гэта былі «Лісты з Вушачы».

У «Лістах з Менску» таксама блізкая па сваёй скрушлівасці карціна: «Ніхто не патрэбен нікому, // Апроч самога сябе» («Ліст другі»). «У душы мае свой закутак // І туды не пускае нікога // Катаржнік пажыццёвы — // Смутак» («Ліст шосты»). «А сэрца б’ецца // Наўздрыж. // Як салаўіная песня // Аб крыж» («Ліст восьмы»). «Паціху самота // Да змоўклай тугі // Звыкае, // Звыкае, // Звыкае...» («Ліст адзінаццаты»). «Каб труною стаць, // Сасна расце» («Ліст дванаццаты»). Тамсама ж: «Перапёлка смутку гнёзды ўе». «Толькі верад // На душы // Ды камяні ляжаць» («Ліст васямнаццаты»).