Выбрать главу

Чыгрынаў абараняў апавяданне і тэарэтычна, даводзіў яго «раўназначнасць з іншымі жанрамі» прозы і нават сцвярджаў, што гэты жанр «найбольш цяжкі, бо патрабуе не толькі руху думкі і пачуцця, але і завершанасці іх у дужа нешырокім разгарненні». І яшчэ: «Апавяданне, асабліва ў яго мініформах, дысцыплінуе мастака ідэйна і эстэтычна, не дае думцы бескантрольна і бязмежна расплывацца “па дрэве жыцця”. Тут слова не патанае ў розных прыёмах пралогаў, аўтарскіх адступленнях, інтэрмедый, эпілогаў, што дазваляюць сабе аповесць і раман, а яно ўсё на віду, усё працуе на галоўную канцавую мэту, дзеля якой апавяданне пішацца. Можна звярнуцца да каго хочаце з прызнаных у літаратуры майстроў, каб пераканацца, што яны адштукоўвалі (па-руску кажучы, “отрабатывали”) сваё валоданне вобразным словам менавіта ў жанры апавядання. Гэта адчувалі яны для сябе абавязковым, каб авалодаць усё новымі вышынямі чалавеказнаўства, раскрыцця асабістага душэўнага вопыту, уменнем мысліць (не думаць толькі, а мысліць!) вобразна і па-філасофску. Часам нават найперш па-філасофску!»

Разважанні вельмі слушныя і пераканальныя, заснаваныя на ўласным творчым вопыце аўтара.

Пра заслугі Івана Чыгрынава ў развіцці беларускага апавядання ўпэўнена выказваўся зямляк пісьменніка — вядомы паэт Масей Сяднёў: «Здаец­ца, упершыню ў беларускай літаратуры чытаю такія дасканалыя апавяданні. У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вывучаю ў ім і наша, нацыянальнае — філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа.

Да гэтага імкнуўся Кузьма Чорны, але шмат сваіх твораў ён папсаваў, намагаючыся задаволіць партыйныя вымогі ў літаратуры.

У малым жанры, у жанры апавядання, Іван Чыгрынаў незраўнаны. У гэтым жанры, думаецца, ён больш дасканалы, чым у жанры эпапеі».

Зайздросна высокая ацэнка. І лепшыя чыгрынаўскія апавяданні ўпаўне апраўдваюць яе.

Тады, як стала паяўляцца ў друку малафарматная проза Чыгрынава, у нашай літаратуры ішло прыкметнае абнаўленне — яна хоць і патроху, са скрыпам, але вызвалялася ад яўнай алілуйшчыны, карыслівай лакіровачнасці і знарочыстага прыхарошвання нашай незайздроснай рэчаіснасці. Чыгрынаўскія апавяданні актыўна працавалі на гэтае абнаўленне і таму адразу апынуліся ў цэнтры літаратурнага працэсу. Іх горача абаранялі прыхільнікі новага і не менш заўзята атакавалі закамплексаваныя дагматыкі, якія ў ягоных творах шукалі ідэйныя заганы і палітычны крымінал, хоць на савецкую таталітарную сістэму, прынамсі, на яе галоўныя асновы, Чыгрынаў ніколі не замахваўся.

Пісьменнік як мог бараніўся ад несправядлівых наскокаў. Найбольш дапамагаў яму моцны мастакоўскі талент, які і выводзіў на перспектыўныя літаратурныя шляхі, дазваляў ствараць творы, якія на фоне тагачаснай літаратуры ўспрымаліся як мастацкае адкрыццё.

Давяраючыся свайму таленту, пісьменнік смела заглыбляўся ў рэальнае жыццё добра вядомых яму людзей, засяроджваў увагу на складаных праблемах рэчаіснасці. Ён праўдзіва, з жывой зацікаўленасцю маляваў змястоўныя ў сваёй чалавечай сутнасці, псіхалагічна ёмістыя і па-мастацку пераканальныя характары зусім не модных тады літаратурных герояў. Сярод іх — адзінокая ўдава, муж якой загінуў на фронце, а дачка, выйшаўшы за­муж, падалася з вёскі («Жыве ў крайняй хаце ўдава»), працавітая жанчына Усціння, якая мела ажно сямёра сыноў, а цяпер таксама жыве адзінока, бо трое з іх у розны час загінулі, а тыя, што засталіся жыць, раз’ехаліся па гарадах («Адна»), яшчэ адна вясковая працаўніца Аўгінка, якая па просьбе сына, што служыць у войску, едзе да гарадской нявесткі з жаданнем хоць трохі памагчы ёй, а тая адразу пачынае коса глядзець на свякруху («У горад»).

Нялёгкая доля і гарачлівага Янкі Галкоўскага, абвінавачанага ў зама­ху на забойства, хоць ён толькі паспрабаваў бараніць маці ад раз’юшанага чыноўніка, які ўзяўся бурыць печ у зямлянцы няшчаснай жанчыны (апавя­данне са шчаслівым, яўна прыгладжаным канцом «Плывун»). Пасля доўгай валакіты Янку ўсё ж апраўдалі (знайшоўся вельмі сумленны следчы, які до­бра ведаў усе хітрыкі сваіх калег), але напакутавацца яму давялося багата. Пра ягонае жыццё ў вёсцы, яшчэ да арышту, выразна гаворыць такая дэталь: «Кармілі ў турме. Гэта таксама нешта значыць. Дома можна было рубіць хату цэлы дзень і не паесці, а ў турме паложана было карміць».