Выбрать главу

У апавяданні «За сто кіламетраў на абед» перад чытачом таксама паўстаюць галодныя вясковыя падлеткі, якія едуць у вельмі няблізкі дзетдом прасіць абеду.

Не асабліва эфектна выглядае і Палага з апавядання «Птушыныя сны», жанчына зноў жа працавітая і клапатлівая. Яна хоча мець нармальнае чалавечае жыццё. А яго няма. Бо ў дадатак да ўсяго для Палагі і яе равесніц у вёсцы не было жаніхоў. Яны «засталіся дзе толькі змаглі» — адны на Зяелаўскіх гарбах [пад Берлінам], другія на Венгерскай раўніне, а трэція... Трэція хоць і вярнуліся з вайны, але ў Бары не прыехалі...» Вось і мэнчыцца Палага ды раджае дзяцей ад каго выпадзе. «Яна нарадзіла дваіх яшчэ ў Барах, а трэцяга, якраз таго, што цяпер ляжаў пакалечаны, — ужо тут, у Зацішшы, і ніхто не ведаў, ад каго былі ў яе дзеці. Затое ўсе ведалі маці гэтых дзяцей.»

Грубая, непрывабная проза? Але літаратура, якая грэбліва пазбягае прозы жыцця, а займаецца яго лакіроўкай, далёка небяскрыўдным у сва­ёй падманлівасці прыхарошваннем, ці мае права называцца сапраўднай літаратурай? У тым і справа, што праз непрыхарошаныя пакручыстыя лёсы герояў з лепшых чыгрынаўскіх апавяданняў добра праглядвалася народнае жыццё тых часоў, жыццё цяжкое, складанае, з многімі нявырашанымі праблемамі, чалавечым болем і неўладкаванасцю.

Ужо тады Чыгрынаў дакранаўся да трагедыі ахвяр сталінскага тэрору (апавяданне «Народны камісар») і вельмі праўдзіва ўзнаўляў асобныя трагічныя эпізоды з часоў Айчыннай вайны. Так, у апавяданні «У баку ад дарогі» са шчымлівым болем, які адчуваецца за знешняй стрыманасцю аўтарскага пісьма, расказана пра незайздросны лёс нашых воінаў з разбітых у пачатку фашысцкага нашэсця вайсковых злучэнняў. Асабліва кранае тут смерць параненага капітана Кажанава (між іншым, у яго прозвішча чыгрынаўскага дзеда!), якога спрабавалі выратаваць цывільныя жыхары, але нічым не змаглі яму дапамагчы. Твор заканчваецца скупым, але вельмі шматзначным пейзажным штрыхом, які сведчыць пра высокае пісьменніцкае майстэрства: «Над лесам падымалася сонца. Яно было мутнае, невясёлае, быццам праплакала ўсю ноч над чалавечым горам».

Не менш ярка пісьменніцкія магчымасці Чыгрынава выявіліся ў выдатным апавяданні «Ішоў на вайну чалавек» (1965). Багата асабіста перажытага ўклаў Чыгрынаў і ў апавяданне «На пыльнай дарозе». Уласная драма пісьменніка, які пры жывым бацьку рос сіратой, угадваецца тут найперш у драматычнай абвостранасці перажыванняў Васілька Шасцярнёва, якога бацька, як і ў Чыгрынава, былы старшыня сельсавета, ужо вярнуўшыся з вайны, разам з іншымі дзецьмі «баязліва пакінуў у нястачы», пакінуў дзеля кар’еры, якой так і не здолеў зрабіць.

З апорай на асабіста перажытае звязана таксама глыбіня ў адлюстраванні дзіцячай псіхалогіі і дакладнасць многіх нявыдуманых дэталяў, якія скрозь сустракаюцца і ў многіх іншых апавяданнях пісьменніка. Дзеянне ў іх нярэдка «прывязваецца» да родных для аўтара мясцін, увогуле да паўднёваўсходняга кутка Магілёўшчыны, выразным каларытам якой афарбавана і мова Чыгрынава. Яна ўжо ў апавяданнях набывала эпічную важкасць, прыкметную ў самой інтанацыі фразы, у яе свабодным дыханні, характэрным для твораў добрых майстроў.

Заўважаецца ў чыгрынаўскіх апавяданнях і нежаданне націскаць на знешні, пераважна падзейны драматызм, знарок ускладняць сюжэтнае дзе­янне, як гэта звычайна робяць пісьменнікі з рамантычным бачаннем све­ту, са схільнасцю да прыгодніцка-дэтэктыўнага пісьма. Чыгрынава ж і ў ягоных апавяданнях больш вабіў драматызм унутраны, скрыты ў штодзённай плыні жыцця, якое ў шэрагу твораў падавалася шматпланава, у рознабаковых сувязях. Такая арыентацыя таксама выводзіла пісьменніка на вялікую, раманную прозу. Але шлях да яе ўскладнялі несправядлівыя раз­носы, якія ў 1960-я гады абрушваліся на Чыгрынава зноў і зноў. Асабліва рэзкія нападкі з боку ідэалагічных наглядчыкаў, якія ў літаратуры больш за ўсё баяліся праўды, выклікала тады апавяданне «У ціхім тумане» (1963).

Словам, хораша пісаў Чыгрынаў, па-майстэрску адшліфоўваў у сваіх творах, асабліва ў апавяданнях, усё. Таму так нязмушана, непрэтэнцыёзна, як бы само сабой разгортваецца ў іх змястоўнае сюжэтнае дзеянне, праз якое рэалізуецца задума твора, яго пафас, так натуральна жывуць, думаюць, спрачаюцца і спачуваюць адзін другому чыгрынаўскія героі. Яны гавораць добрай літаратурнай мовай. Яна часам аздабляецца залацінкамі ўстойлівых выразаў — фразеалагізмаў («З панскага лесу ні сена, ні палена», апавядан­не «У ціхім тумане»), трапнымі параўнаннямі з шырокім абагульненым зместам («На вайну ісці — не жыта малаціць», «Спакойны, як зямля пасля дажджу», «Гаспадарка без мужчын, што тое вяселле без музыкі», «Плакала ... як па нябожчыку» — усё з апавядання «Ішоў на вайну чалавек»).