Выбрать главу

Што ж, як і звычайна на вайне, і ў нас многае рушылася, руйнавалася бязлітасна. І ўсё ж жыццё і тады неяк працягвалася. Сімвалам яго невынішчальнасці з’яўляюцца радзіны ў Сахвеі Меляшонкавай, на якія, не зважаючы на ўсе нягоды вайны, збіраюцца верамейкаўскія жанчыны. Праз гэтыя радзіны выдатна паказана трываласць вясковага свету, ягоная ўстойлівасць на разбуральных вятрах часу. Яе, гэтую ўстойлівасць, на нашых вачах калі не перакрэсліў канчаткова, дык надоўга паставіў пад сумненне толькі Чарнобыль, разбуральная сіла якога пераўзышла ўсе ваенныя жахі. Тады, як пісаліся «Плач перапёлкі» і два наступныя раманы, пра каварства «мірнага атама», пра тое, што ён можа жорстка адпомсціць за безадказнапанібрацкае стаўленне да сябе, ніхто са звычайных людзей і не здагадваўся. Чыгрынаў таксама ні пра што такое не думаў і таму з чыстай душой пісаў пра трываласць вясковага свету, пра здольнасць сваіх верамейкаўцаў насуперак усім нягодам, пакутам і жахам выйсці пераможцамі ў барацьбе за жыццё.

Вядома, і цяжар гэтай барацьбы ён паказваў з падкрэсленай праўдзівасцю. У гэтым плане вельмі цікавым уяўляецца вобраз старшыні верамейкаўскага калгаса Радзівона Чубара. Чалавек сумленны, выхаваны на строгім падпарадкаванні ідэалагічным устаноўкам, не кажучы ўжо пра партыйную дысцыпліну, беспакарана парушаць якую мог хіба што сам Сталін ды самыя блізкія ягоныя прыспешнікі, і то неафіцыйна, Чубар прывык ва ўсім давярацца не ўласнаму розуму, а ўказанням начальства. «Раз ёсць дырэктыва, трэба яе выконваць», — непахісна заяўляў ён. Вось чаму ў бязладдзі і неразбярысе першых месяцаў вайны Чубар адчувае яўную разгубленасць, ад якой і кідаецца на самыя рызыкоўныя крокі. Ён не толькі паліць збожжа, не думаючы, як будуць жыць людзі, пакінутыя ў акупацыі, але і самапраўна забівае ваенурача, які «быў у стане моцнай душэўнай дэпрэсіі», па сутнасці, псіхічна хворым. Па ваенным часе гэтае забойства, вядома, не было выключным, тым больш што Чубар палічыў разважанні ўрача шкоднымі для разгортвання барацьбы супроць акупантаў. Але ўсё роўна той самасуд апраўдаць цяжка. Нездарма ж ён турбуе і самога Чубара, у якога на гэты конт няма пэўнасці ў сваёй праваце, а потым, ужо ў чацвёртым рамане, узнікае і пачуццё віны.

Увогуле, вобраз верамейкаўскага старшыні па задуме пісьменніка павінен быў стаць адным з галоўных і самых значных. І ён займае шмат месца ажно ў чатырох раманах, дапамагаючы мацаваць падзейныя сувязі ў гэтых творах. Але сапраўды значнай, эпічна важкай фігуры з Чубара ўсё ж, здаец­ца, не атрымалася. Ён быў, безумоўна, цікавым, пакуль выступаў як антыпод свайго былога намесніка Дзяніса Зазыбы, увасабляючы спрошчаны погляд на падзеі вайны, жыццё ў акупацыі і партызанскую барацьбу з фашыстамі. Але з цягам часу разыходжанні паміж гэтымі двума верамейкаўцамі згладжваюцца, а потым фактычна і знікаюць. Тым самым вычэрпваецца адна драматычная калізія, якая нараджала ўдзячную для мастацкай распрацоўкі інтрыгу і была істотнай для чыгрынаўскага бачання вайны. Пісьменніку давялося ўрэшце заняцца «скарачэннем штатаў». І ён у рамане «Вяртанне да віны» падрыхтаваў Чубару трагічны канец, на вайне зусім зразумелы, а для Радзівона з яго авантурыстычнымі замашкамі і цалкам апраўданы.

А Дзяніс Яўменавіч Зазыба застаўся. У спрэчцы з Чубарам ён перамог. Гэта наогул стрыжнявы для чыгрынаўскіх раманаў герой, на якім трымаюцца іх галоўныя сюжэтныя скляпенні, што змацоўваюць падзейны каркас. У вобразе Дзяніса Зазыбы найбольш ярка і выразна адлюстраваны чалавечнасць нашых людзей, глыбінна-народныя асновы іх свядомасці, маралі і этыкі. Ужо ў «Плачы перапёлкі» Зазыба паўстае як маштабны характар, намаляваны ў цэлым пераканальна, з добрай псіхалагічнай грунтоўнасцю. Ён жыве інтарэсамі грамадства, клапоціцца пра людзей і ў мірныя дні, і ў час ваеннага ліхалецця.