Выбрать главу

«Іх патрыятызм натуральны, як дыханне», — казаў пра сваіх герояў Чыгрынаў, успамінаючы пра мінулую вайну. Гэта больш за ўсё стасуецца якраз да Зазыбы, які пераконаны: «Хто з роднай зямлі ўцякае, той ворага не перамагае». І зусім натуральна, што Зазыба, не вагаючыся, робіць усё, што можа, для арганізацыі супраціўлення фашыстам і сам, ужо за межамі рамана «Плач перапёлкі», уключаецца ў партызанскую барацьбу.

Як і належала станоўчым персанажам па тагачасных савецкіх мерках, Дзяніс Яўменавіч мае гераічную біяграфію. Ён удзельнік грамадзянскай вай­ны, узнагароджаны высокім ордэнам, камуніст па пераконанні, а не дзеля кар’еры. Праўда, ён з партыі выключаны з-за рэпрэсіраванага сына. Але гэтая акалічнасць чамусьці не перашкаджае партыйным кіраўнікам раёна з поўным даверам ставіцца да Зазыбы. І ўсё ж ён камуніст нетыповы. Гэта добра разумее былы махновец, а цяпер паліцай Брава-Жыватоўскі, які зазначае, што прававерным камуністам быў Чубар з яго гатоўнасцю, не думаючы, рабіць усё, што скажа партыя, а Зазыба артадаксальнасцю якраз не вызначаўся. Ён не кідаўся выконваць бязглуздыя і асабліва бесчалавечныя дырэктывы, а праяўляў пэўную самастойнасць і сваіх вяскоўцаў шкадаваў, бо разумеў, што «селянін — тое ж садовае дрэва, трусі яго колькі хочаш, а пад корні не заглядвай», не падсякай іх.

Сам Дзяніс Яўменавіч з разважаннямі Брава-Жыватоўскага не пагаджаецца, лічыць іх недарэчнымі. Але, здаецца, больш на словах, якія прадыктаваны тым часам, калі пісаўся раман. Тады ўжо тое, што пісьменнік адважыўся неадпаведнага партыйным канонам камуніста зрабіць галоўным станоўчым героем, выглядала як смеласць і пэўны выклік. Вось і даводзілася гэты «грэх» неяк прытушоўваць запэўніваннямі наконт безумоўнай адданасці За­зыбы савецкай уладзе, тым парадкам, якія раней існавалі.

Зрэшты, і сам Чыгрынаў, хоць ён бачыў многія заганы нашай таталітарнай сістэмы і партыі, у якой, па ягоных жа словах, «радавога камуніста і партыйнага кіраўніка заўсёды раздзяляла бездань», тым не менш да канца сваіх дзён заставаўся прыхільнікам сацыялізму, а камуністаў, змяніўшы іх на аграрнікаў, пакінуў толькі тады, калі ранейшыя сябры па партыі падставілі яму крыўдную падножку на выбарах у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання.

Разважаючы пра свае адносіны да створаных персанажаў, Чыгрынаў прызнаваўся: «Я люблю ўсіх. Таму што ў кожнага, нават самага адмоўнага, нешта ўкладваеш ад сябе. Гэта вельмі няўлоўнае нешта, але яно ёсць». Такое, на першы погляд, парадаксальнае прызнанне растлумачвае поспех пісьменніка ў абмалёўцы дзейных асоб, якіх станоўчымі ніяк не назавеш. Той жа Брава-Жыватоўскі, які па сваёй чалавечай сутнасці ніяк не можа выклікаць нашай прыхільнасці, выглядае ў Чыгрынава настолькі каларытна, што здаецца выхапленым з самой рэчаіснасці. Гэта азначае, што мастак глыбока спасціг узноўлены ім чалавечы тып, адчуў яго да драбніц і як стваральнік нават у пэўнай меры душэўна зжыўся з ім. Вядома, празаік ніколькі не апраўдвае гэтага прыслужніка фашыстаў, але паказвае яго ў рэалістычнай манеры, без яўнага шаржу і карыкатурнай спрошчанасці, якая не стасуецца да паэтыкі «Плачу перапёлкі». І гэтая рэалістычнасць робіць асабліва пераканальным выкрыццё здрадніка.

Або ўзяць Мікіту Драніцу. Гэта, як сказана ад імя аўтара ў рама­не «Апраўданне крыві», «перакідлівы і беспрынцыповы абібок». Ён га­товы прыслужваць любым уладарам. Пры бальшавіках ён па даручэнні энкаусаўскага начальства даносіў на верамейкаўцаў, прычым, робячы сваю подлую справу, «адчуваў над імі, бадай, упершыню, сваю вышэйшасць, нібыта ў выніку гэтага меў над імі патаемную ўладу». Як прыйшлі гітлераўцы, Драніца ўжо стаў запабягаць перад Брава-Жыватоўскім, хаця і Зазыбы ён яшчэ пабойваецца. Словам, перад намі паўстае дробны, мітуслівы і разам з тым небяспечны гэтай сваёй здольнасцю на ўсё трапятун і прыліпала. Але як ён ярка выпісаны ўжо ў «Плачы перапёлкі»!

Вось зноў аўтарская характарыстыка, вельмі трапна падсвечаная лёгкай іроніяй: «Мікіта быў нізкі і вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы, адно што пад вечар пачынаў трохі касабочыць і апускаць левае плячо». Бадай, яшчэ лепш, хоць і ў тым жа іранічным ключы, сказана пра ягоную мітуслівасць: «Мікіта быў трохі выпіўшы і напускаў на сябе важны выгляд, але гэта яму не давалася: папершае, постаццю ён для важнасці не выйшаў, а па-другое, вочы ў яго сёння бегалі так, нібыта ўранні яны сарваліся з цвіка, а ўвечары ніяк не маглі трапіць на сваё ранейшае месца».