Выбрать главу

Яскравым прыкладам таго, як свае знішчалі сваіх, з’яўляецца пададзеная ў гэтым жа рамане па сутнасці прытчавая гісторыя Арцёма і Ціхона Касцюкоў. Яны — родныя браты, смяртэльная варожасць паміж якімі ўзнікла яшчэ з часоў калектывізацыі. Тады старэйшы Ціхон раскулачыў Арцёма. Той у вайну вярнуўся з высылкі ў родныя мясціны і жорстка адпомсціў брату. Стаўшы паліцаем, ён расстраляў яго жонку і дзяцей. Ціхон падаўся ў парты­заны і, вядома, разлічыўся з Арцёмам, але зноў жа знішчыў не яго самога, а ягоную сям’ю. Вось такая кроўная помста па-беларуску, выкліканая людскім азвярэннем, віна за якое ўскладваецца на савецкую ўладу. «Звярынае пачуццё прыйшло да мяне нечакана. А выклікала яго савецкая ўлада. Гэта яна справакавала жорсткасць, на якую пайшоў брат у адносінах да мяне. Да калгасаў жа мы жылі як людзі», — пераконана заяўляе малодшы Касцюк. І ягоныя разважанні, якія яшчэ не так даўно не прапусціў бы ніякі наш цэнзар, не ўспрымаюцца як дэмагогія, бо нялюдскасць і жорсткасць сапраўды нараджаюць толькі жорсткасць у адказ. Яе праявы ў апошніх раманах Чыгрынава самыя разнастайныя.

Жорстка ваююць фашысты, якія бяруць заложнікаў з ліку мірных жыхароў і спальваюць цэлыя вёскі разам з людзьмі. Пра гэта наша літаратура аб вайне пісала заўсёды. Але яна звычайна замоўчвала, што не самым высакародным чынам нярэдка вялі сябе і партызаны. Чыгрынаў жа цяпер паказвае і гэты бок справы. У яго і народныя мсціўцы займаюцца паборамі, не толькі вымушанымі, для сваіх патрэб, але і «для брата, для цешчы і свата.». Гэта з «Вяртання да віны». У рамане «Не ўсе мы згінем» тэма бясконцых пабораў узнікае зноў. Там жа згадваецца, што крутагорскія партызаны змагаюцца не столькі з гітлераўцамі, колькі з паліцаямі. Такім чынам, зноў фактычна свае б’юць сваіх, а ў выніку нясе страты наш жа народ, аслабляецца патэнцыял нацыі.

А яшчэ ў гэтым жа рамане засведчана, што на Беларусі без разбору чынілі расправы ўкраінскія партызаны. Паявіўшыся ў Верамейках, яны па паклёпніцкім нагаворы схопленага імі старасты Рамана Сёмачкіна «мужыкоў забралі ўначы, адвезлі на край лесу і каля межавога капца пасеклі тапарамі; сярод тых мужыкоў, як лічыў Зазыба, былі і вельмі прыстойныя людзі, якія наўрад ці дазволілі сабе працаваць употай на немцаў. Напрыклад, Тарасёк. Але ж партызаны таксама дзяліліся на сваіх і чужых, гэта значыць, на мясцовых і на прышлых. Свой яшчэ мог не спяшацца, спрабаваў высветліць віну. А што да беларуса літоўцу ці ўкраінцу?» Менавіта партызан з прыш­лых, «зусім п’яны коннік з чырвонай стужкай на кубанцы», забівае і Зазыбаву Марфу. Так ён вучыў няшчасных беларусаў «савецкую ўладу любіць».

Не робіць партызанам гонару і жорсткасць іхняй расправы з Брава-Жыватоўскім, якога не проста забіваюць, а, нібыта дзеля пацехі, кастрыруюць. Тое ж робяць і яшчэ з адным паліцаем ужо на ягоным вяселлі, а потым успамінаюць пра ўсё гэта як пра дасціпную забаву.

Такая нялюдская расправа патыхае садызмам, знарочыстым здзекам, няхай сабе і з ворагаў. Нездарма ж Зазыба, пачуўшы пахвальбу з гэтай нагоды, проста жахаецца, хоць яшчэ ў грамадзянскую вайну «наглядзеўся рознага паскудства. У недавярстве тады амаль аднолькава спаборнічалі як белыя, так і чырвоныя. Але тое, што пачуў ён цяпер, здаецца, пераўзыходзіла сваім цынізмам усё іншае».

Такі страшны воблік вайны наша літаратура падавала не часта. А Чыгрынаў жа яшчэ піша ў сваіх апошніх раманах і пра расправу з дзецьмі за грахі бацькоў, згадваючы, напрыклад, забойства зноў жа партызанамі «паліцаевага сына, лічы, яшчэ дзіця», вінаватае толькі ў тым, што бацька ўцёк. Зазыбу гэта зноў нагадала грамадзянскую вайну, калі таксама «сына каралі за бацьку, а бацьку за сына, асабліва пасля, у час раскулачвання». «Але Дзяніс Яўменавіч, — працягвае пісьменнік, — ніколі — ні раней, ні пазней — не хваліў у душы савецкую ўладу за гэта». І наогул, ён у адпаведнасці з гуманістычнай традыцыяй, якая вельмі часта парушалася ў савецкай літаратуры, лічыць, што «ваяваць з дзецьмі, дарэчы, як і з дапамогаю дзя­цей», недапушчальна. Для нармальнага грамадства. Але як можна назваць нармальнымі тых, хто пасылаў савецкую авіяцыю бамбіць лагер нашых ваеннапалонных у Крычаве? Чыгрынаў у рамане «Не ўсе мы згінем» напісаў і пра гэта («Нават на лагер ваеннапалонных самалёты з чырвонымі зоркамі не шкадавалі бомбаў»).