Вельмі непераканальна выглядала ў тым жа «Плачы перапёлкі» далёкае ад рэальнага стану рэчаў падкрэсліванне вялікай сялянскай адданасці калгаснаму ладу, з-за якой верамейкаўцы і пры нямецкіх фашыстах нібыта не хацелі распускаць калгас і толькі бралі агульную маёмасць на захоўванне да вяртання бальшавікоў. У рамане «Не ўсе мы згінем», цяпер у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, верамейкаўцы ўжо суцяшаюць сябе спадзяваннем, што пасля вайны калгасаў увогуле не будзе, і не спяшаюцца «зноў абагульняць зямлю і маёмасць».
Дзяніс Зазыба, хоць ён раней («Плач перапёлкі») як быццам бачыў у калгасе ўвасабленне сваёй мары, успрымае аднаасобніцкія схільнасці землякоў з натуральным спакоем разумнага селяніна.
І ўсё ж вобраз старога Зазыбы ў апошніх раманах яўна драматызуецца і ўрэшце становіцца бадай што трагедыйным: чалавек, які з адкрытай душой змагаўся за новы лад, прымаў актыўны ўдзел ва ўзброенай барацьбе за яго ўсталяванне, з цягам часу пачынае ўсведамляць, што з дапамогай насілля нельга вырашаць усе жыццёвыя праблемы. «Праўду не заўсёды робяць шабляй», — так фармулюе для сябе гэтую ісціну Зазыба, які і сам у канчатковым выніку апынуўся, па сутнасці, ля разбітага карыта — у спаленай вёсцы, без жонкі, забітай партызанамі, і сына, які хоць і застаўся жывы, але мусіць уцякаць з радзімы, назаўсёды пакідаючы адзінокага бацьку. І гэта была трагедыя не толькі Зазыбы, але ў пэўным сэнсе і ўсёй Беларусі, якая за гады вайны страціла многіх сваіх дзяцей.
Натуральна, што ў такім завяршэнні лёсу галоўнага героя бачыцца ўскладненне чыгрынаўскага погляду на вайну, у паказе якой цяпер таксама на поўную сілу загучалі трагічныя ноты. Вядома, пісьменнік, у адрозненне ад многіх сваіх папярэднікаў, і раней не націскаў толькі на яе гераічнасць, а імкнуўся, як сам казаў, адлюстраваць драматызм вайны «ў яе звычайным, будзённым цячэнні». Але ў апошніх раманах увага мастака ўсё больш засяроджвалася на вайне як трагічным «замарачэнні», якое аплочваецца вялікай народнай крывёю. Гэта блізкія і самому аўтару думкі Зазыбы з рамана «Вяртанне да віны», сама назва якога добра выяўляе зрухі ў чыгрынаўскім бачанні ваеннага часу. Растлумачваючы гэтую назву ў інтэрв’ю 1994 года, празаік падкрэсліў: «У вайну было вельмі многа вінаватых. Нават тыя вінаваты, хто віноўнымі сябе не лічаць. Пралітая людская кроў — гэта ўжо віна, а тады колькі яе пралілі, людской крыві. Хіба можна гэта апраўдаць?» Такое выказванне было ўжо ў пэўнай меры і палемікай пісьменніка з самім сабою. Яно азначала, што Чыгрынаў імкнуўся надаць адваротны сэнс назве свайго рамана (другога па ліку) «Апраўданне крыві».
Цяпер празаік сцвярджаў, што сапраўдныя віноўнікі вайны — гэта тыя, хто крывадушнай палітыкай заігрывання з Гітлерам і дзікімі рэпрэсіямі ўнутры краіны справакавалі агрэсію нямецкіх фашыстаў, а потым перакладвалі сваю віну перад народам на ягоныя плечы, абвінаваціўшы, як сказана ў «Вяртанні да віны», усіх, «хто тут, у акупацыі, заставаўся».
Словам, вайна ў разуменні Чыгрынава, выяўленым у яго апошніх раманах, гэта перш за ўсё вялікая бяда, народная трагедыя, асабліва адчувальная для Беларусі, дзе было наканавана загінуць «ледзь не кожнаму другому чалавеку, незалежна ад таго, прымае ён чынны ўдзел у падзеях ці трапіў у іх выпадкова, стаўшы так званай нявіннай ахвярай («Не ўсе мы згінем»). Перабольшванне? Невялікае, бо ў цэлым па рэспубліцы загінуў кожны трэці, а ў некаторых раёнах, напрыклад на Віцебшчыне, — і кожны другі. Кажуць, што спіс ахвяр Беларусі ў Айчынную вайну, надрукаваны на машынцы, расцягнецца на 60 кіламетраў («ЛіМ», 1995, 5 мая).
Адсюль, ад гэтага рэальнага трагізму, ідзе і чыгрынаўскае настойлівае паўтарэнне: вайна «грашыма корміцца, затое весяліцца крывёй. І часта крывёю не тых, хто вінаваты ў ёй». «У вайну вельмі лёгка атруціцца чалавеку яе трупным дыханнем» («Вяртанне да віны»). «А вайна — яна ўся амаральная. Чорная, крывавая, брудная». «Людзі, нягледзячы ні на што, ішлі к перамозе праз бруд і кроў». «Чым бліжэй заставалася да канца вайны, тым болей крыві яна патрабавала» («Не ўсе мы згінем»).