На трагедыйнае завяршэнне лёсу Зазыбы, ягонай сям’і і многіх іншых верамейкаўцаў, завяршэнне, якое нясе ў сабе водсвет гэтай вялікай крыві і шматлікіх рэальных ахвяр, моцна ўплывала і чыгрынаўскае адчуванне агульнага трагізму нашай гісторыі, з-за якога не толькі апошняя, але і многія іншыя войны канчаліся для беларусаў адно велізарнымі стратамі ды разарэннем.
«Куды толькі ні хадзілі беларусы паходамі, многім дапамагалі ваяваць, наводзіць парадак, таленты свае аддавалі іншым народам, кадры ім пастаўлялі, словам, былі донарамі. А пра сябе як паклапаціліся? Які ў сябе парадак навялі?.. Дык вось, дзе мы толькі ні былі, чаго ні рабілі, а ўсё не для сябе, не для сваёй Бацькаўшчыны. Як быццам нейкае пракляцце над намі», — з горыччу разважаў пісьменнік ужо ў 1994 годзе. Праўда, ён пры гэтым падкрэсліваў, што «гістарычныя карані ў нас ёсць. Яшчэ жывыя і моцныя карані». Яны дазволяць развіваць «і нацыянальную дзяржаўнасць». Аднак жа на хуткі поспех у гэтай справе Чыгрынаў не спадзяваўся, бо бачыў, што «цяпер нам вельмі не хапае добрых палітыкаў, такіх, якія б думалі пра будучыню нацыі і карысталіся шырокай падтрымкай народа».
Гэткае разуменне ў пісьменніка, які нашу гісторыю ведаў выдатна, куды лепш за многіх прафесійных гісторыкаў, узнікла, сфармавалася даўно і таксама схіляла яго да ўзмацнення трагізму ў апошніх раманах, на мастацкую канцэпцыю якіх ужо не ўплывалі ранейшыя абмежаванні.
Істотнай з’яўляецца і тая акалічнасць, што сучасная эпапея, як слушна пісаў Алесь Адамовіч яшчэ ў 1970-я гады, не можа быць ураўнаважанаспакойнай. Яна патрабуе «большай вастрыні і пачуццяў, і думак, і трагізму». Ды ўжо лёсы Грыгорыя Мелехава ў «Ціхім Доне» і Васіля Дзятла ў «Палескай хроніцы» невыпадкова атрымалі трагічнае завяршэнне. Гэта дыктавала бурлівая рэчаіснасць ХХ стагоддзя, якую добра адчуваў і Чыгрынаў. Асабліва турбавалі яго наступствы Чарнобыля, які паставіў вялікія пытальнікі над самой будучыняй нашага народа. Так што ўсё сыходзілася, ціснула ў адным напрамку, працавала на ўзмацненне трагізму ў апошніх чыгрынаўскіх раманах. Іх пісьменнік, паўтару, Чарнобылем і збіраўся закончыць, але з-за невылечнай хваробы не дацягнуў падзейны ланцуг да яго канкрэтнага паказу.
Увогуле, падзейны тэмп у чыгрынаўскіх раманах вельмі замаруджаны. Гэта тлумачыцца тым, што аўтарскае апавяданне ў іх арыентавана на паказ складанасці ваеннай рэчаіснасці праз глыбіннае даследаванне народнага жыцця, дэталёвы аналіз псіхалогіі герояў. А ў выніку раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя» ахопліваюць толькі паўгода вайны — да разгрому гітлераўцаў пад Масквой уключна.
У апошніх раманах пісьменнік мусіў усё ж прыспешваць падзейны тэмп, каб давесці храналогію дзеяння да вызвалення Беларусі. Такім чынам, на раманы «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем» прыпадае ўжо два з паловай гады ваеннага часу. Дыспрапорцыя яўная. Яна нарадзіла пэўную аблегчанасць пісьма, асабліва прыкметную ў апошнім творы. Ён у значнай меры ўспрымаецца як раман-эпілог, у якім знаходзяць сваё завяршэнне, нярэдка бегла-інфармацыйнае, галоўныя сюжэтныя лініі і лёсы герояў. Так што страты ёсць. Яны прыкметныя нават у абмалёўцы Дзяніса Зазыбы. Пры ўсім тым новым і надзвычай важным для мастацкай канцэпцыі чыгрынаўскай эпапеі, што паяўляецца ў стаўленні Зазыбы да жыцця і людзей, ён, Дзяніс Яўменавіч, цяпер, здаецца, у нечым трохі і драбнее, бо становіцца персанажам, неабходным найперш для сюжэтнага руху, з’яднання розных падзейных асяродкаў (раней гэтая роля належала пераважна Чубару). Словам, Зазыба ў рамане «Не ўсе мы згінем» перастае быць ключавой фігурай у свеце верамейкаўцаў, з якім цяпер траціць амаль усе свае ўстойлівыя сувязі.
Зрэшты, і гэтаму верамейкаўскаму свету, які ў віхуры ваеннага разарэння выглядаў найбольш устойлівым і трывалым, вайна нанесла вялікія страты, праз якія таксама высвечваецца трагізм і яе самой, і жыцця ўвогуле.
Прыкметны след пакінуў Чыгрынаў і ў драматургіі. Ён стварыў п’есы па сваіх апавяданнях (аповесць для тэатра «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», па раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя» (гэты твор мае назву «Свае і чужыя», яго жанравае вызначэнне — «драма ў двух частках»), а таксама цэлы шэраг арыгінальных драматычных твораў. Сярод іх вылучаецца гістарычны цыкл, які ахоплівае вялікі прамежак часу.
У драме «Звон — не малітва» паказаны лёс полацкай князёўны Рагнеды — Гарыславы і яе сына Ізяслава. Гэта — Х стагоддзе. «Прымак» (зноў драма) прысвечаны беларуска-літоўскаму князю Ягайлу, які праз шлюб з каралевай Ядвігай стаў прымаком Польшчы — каралём Рэчы Паспалітай, пайшоўшы дзеля гэтага на далучэнне Вялікага Княства Літоўскага да польскай дзяржавы (Крэўская унія 1385 года). У Чыгрынава ён, ужо ў старасці, перабірае важнейшыя вехі свайго жыцця і скардзіцца на долю: «Увесь час тут у прымаках быць вельмі цяжка... Справа — у паляках... яны паквапіліся на Вялікае Княства. І я здрадзіў свайму народу. Здрадзіў брату Вітаўту, хоць вельмі любіў яго і цяпер люблю. Аднак каму скажаш? Жывуць два народы побач, а як сабакі паміж сабой».