Драма з пралогам і эпілогам «Чыстыя рэкі, мутныя воды» расказвае пра пакручастыя жыццёвыя шляхі Канстанціна Астрожскага і ягоную бліскучую перамогу ў бітве пад Оршай у 1514 годзе. Але пафас твора складае не столькі захапленне воінскай доблесцю продкаў, колькі горыч ад таго, што так часта з дапамогай зброі вырашаліся спрэчкі суседніх народаў. «На мір спадзяванняў ніхто не меў. Таму яшчэ доўга-доўга лілася беларуска-руская кроў!.. І яшчэ доўга нашы чыстыя рэкі цяклі мутныя ад гэтай крыві!..» — недвухсэнсоўна зазначаецца ў эпілогу п’есы.
Зразумела, што думка пісьменніка, які не прымаў варожасцрі паміж народамі-суседзямі, скіроўвалася ў сучаснасць. Яшчэ ў 1991 годзе, адразу пасля распаду былога СССР, ён падкрэсліваў: «Мяне радуе, што ствараецца новая эканамічная прастора. Хацелася, каб яна расшырылася не толькі за кошт былых савецкіх рэспублік. І адначасова вельмі непакоіць настойлівае імкненне нашых палітыкаў аб’яднацца ў прасторы палітычнай, зноў накрыць сябе каўпаком. Магчыма, у будучым гэта непазбежна. Але хацелася б, каб да палітычных аб’яднанняў Беларусь ішла як нацыянальная жыццяздольная дзяржава, а не ў цяперашняй якасці ўчарашняй правінцыі вялікай імперыі». Вельмі цвяроза мысліў мастак!
У «Следчай справе Вашчылы» аўтар стварыў яркі вобраз кіраўніка сялянскага паўстання на Крычаўшчыне ў XVm стагоддзі.
Постаць Васіля Вашчылы цікавіла пісьменніка шмат гадоў. Спачатку ён меў намер напісаць пра Вашчылу раман, але адмовіўся ад гэтай задумы, бо атрымалася п’еса, напісаная, як лічыў аўтар, «дэталёва, аб’ёмна».
Яшчэ з прыкідкай на раман Чыгрынаў грунтоўна, як мала хто з прафесійных гісторыкаў, даследаваў усё, што звязана з Вашчылавай дзейнасцю. «Я старанна вывучаў гісторыю паўстання Вашчылы. Пазнаёміўся з яго сапраўднай судовай справай, якая праляжала ў архівах 240 гадоў... Раней пра яго наогул гаварылі ў сувязі з антыяўрэйскімі выступленнямі. Крычаўскае стараства ў Радзівілаў арэндавалі яўрэі Іцкавічы. Але паўстанне было не антыяўрэйскім, а антыфеадальным. Яно ўзнікла як пратэст супроць цяжкіх жыццёвых умоў. Радзівіл з ім расправіўся. Куды зніклі Іцкавічы — невядома. Відаць, яны загінулі ў падвалах Радзівіла. Напэўна, ён узяў іх пад сваю ”апеку“. Я ў п’есе напісаў, што цыгане іх аграбілі і кінулі ў балота. Баронства цыганскае там было. А калі штосьці з гісторыі дакладна не вядома, прыходзіцца дадумваць. Але я настойваю, што паўстанне было менавіта антыфеадальнае, накіраванае супроць прыгнёту наогул. А яўрэі тут ні пры чым. Прыгнятаў жа не толькі арандатар, але і князь», — патлумачыў мне Чыгрынаў у 1994 годзе. А потым яшчэ і дадаў, што «ў час паўстання браты Іцкавічы ўжо не былі арандатарамі Крычаўскага стараства. Іх ужо і ў Крычаве не было». З гісторыкаў, якія давалі слушную трактоўку паўстанню пад кіраўніцтвам Вашчылы, пісьменнік называў толькі В. Мялешку і П. Лойку.
П’еса пра Вашчылу з поспехам ішла ў Магілёўскім тэатры, перадавалася па радыё. Думаецца, што гэта самы значны драматычны твор Чыгрынава.
«Гістарычная рэканструкцыя ў дзвюх дзеях» — такое жанравае вызначэнне даў пісьменнік п’есе «Зайграй, зайграй, хлопча малы». Гэты твор пераносіць нас у ХІХ стагоддзе, прымушае задумацца над лёсам Паўлюка Багрыма, які застаўся для нашчадкаў аўтарам аднаго выдатнага верша.
На пачатку ХХ стагоддзя адбываецца дзея ў драме «Савіцкі», прысвечанай таксама трагічнаму лёсу сялянскага абаронцы ў духу Робін Гуда і пушкінскага Дуброўскага.
Драма следчага ў перыяд сталінскіх рэпрэсій узнаўляецца ў п’есе «Чалавек з мядзведжым тварам». А ў трагічным гратэску «Ігракі» галоўнымі дзейнымі асобамі з’яўляюцца Сталін і Гітлер, палітычныя гульні якіх скончыліся зноў жа вялікай крывёю Другой сусветнай вайны.
Нарэшце чарнобыльская трагедыя асэнсоўваецца ў п’есах «Хто вшаваты» і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца». Маецца на ўвазе, што мёртвыя не вяртаюцца дамоў, у забруджаныя радыяцыяй хаты. Літаратура ж, калі яна сапраўды таленавітая, дык здольная вяртаць да нас, у нашу свядомасць і тых, хто даўно пакінуў гэты свет, а таксама засяляць яго створанымі ёй самою персанажамі, якія становяцца нашымі жывымі спадарожнікамі.