Выбрать главу

Гэта ўлічваў Чыгрынаў у сваёй працы над гістарычнымі творамі. «Народ, нацыя самі сябе ствараюць, — сцвярджаў ён. — Але іх гісторыю трэба паказаць. Толькі тады мы выйдзем у вялікі свет. А так што ж атрымліваецца? На працягу цэлых стагоддзяў мы шмат ваявалі, неслі вялікія ахвяры. А хто пра гэта ведае? У свеце не ведалі. Таму што не было вялікага, агульнапрызнанага нацыянальнага мастацтва, такой жа літаратуры. Не было каму замацаваць нашы здзяйсненні».

У такіх выказваннях адчуваецца пэўнае завастрэнне ці перабольшанне, бо ўсё ж сапраўды значную літаратуру з творамі сусветнага ўзроўню мы маем. Але з-за прыніжанага стану нашай мовы і працяглай адсутнасці ў нас паўнацэннай дзяржаўнасці мы не атрымалі таго розгаласу ў свеце, якога наш шматпакутны народ варты. Чыгрынаў гэта ўсведамляў з абвостранасцю неардынарнага мастака.

Ён быў чалавекам з маштабным поглядам на рэчаіснасць, глыбока разумеў усю складанасць нашага нацыянальнага быцця. Сам ён працаваў вельмі мэтанакіравана, але без хапатлівасці і мітусні, кажучы словамі А. Пісьмянкова, з «непаспешлівай беларускай грунтоўнасцю». Яна была характэрнай і для яго грамадскай дзейнасці, вартай глыбокай павагі, і для пісьменніцкай творчасці.

Для паўнаты ўяўлення пра яго творчыя набыткі варта прыгадаць яшчэ працу Чыгрынава над сцэнарыямі шматсерыйных тэлефільмаў пра Ай­чынную вайну. Адзін з іх («Руіны страляюць») зроблены ў суаўтарстве з І. Новікавым па ягоных дакументальных творах, другі напісаны паводле ўласнага раманнага цыкла.

Зрэдку звяртаўся Іван Гаўрылавіч і да перакладчыцкай справы. Яму належаць пераклады асобных твораў І. Андрыча і Х. К. Андэрсена, М. Горкага і У. Вішнеўскага, В. Бялова, У. Салаухіна і Я. Носава, шэрагу армянскіх пісьменнікаў (зб. апавяданняў «Кветкі Арарата» Р Іванчыка) і некаторых іншых аўтараў.

Усё, за што браўся Іван Чыгрынаў, ён рабіў з поўнай аддачай і вялікай зацікаўленасцю лёсам чалавека і краіны, роднай Беларусі, шчырым клопатам пра наша духоўнае багацце. І таму ягоная творчасць заняла трывалае месца ў беларускай літаратуры, узбагаціла яе здабыткамі, якія маюць доўгатэрміновае значэнне, будуць служыць многім пакаленням.

2003 г.

ПАХАВАЛЬНАЯ ПЕСНЯ З ПРОБЛІСКАМ НАДЗЕІ

Мастакоўская неардынарнасць Віктара Казько, яркая таленавітасць усяго, што выходзіць з-пад ягонага пяра, даўно не выклікае сумнення. Ён атрымаў прызнанне і ў чытачоў, і ў самых патрабавальных крытыкаў яшчэ сваімі рускамоўнымі творамі (аповесці «Высакосны год», «Цёмны лес — тайга густая», «Дзень добры і бывай», «Аповесць пра беспрытульнае каханне»). Але потым усё ж адважыўся перайсці на родную беларускую мову, ад якой пэўны час быў зусім адарваны складанымі абставінымі жыцця. Мабыць, загаварыў урэшце «голас крыві», абудзілася генная памяць, атрыманая ў спадчыну ад бацькоў, страчаных вельмі рана, яшчэ малым дзіцем (Казько застаўся круглым сіратою ў трохгадовым узросце).

Зрабіць рашучы паварот да родных вытокаў, да беларускага слова дапамагалі сяброўскія парады Івана Мележа, які меў асабліва чуйны слых на ўсё сапраўднае, заўважаў пісьменніцкі талент па самых першых праявах і добра бачыў, у якім кірунку ён можа з найбольшым поспехам развівацца.

У беларускай літаратуры Віктар Казько адразу заняў сваё трывалае і вельмі прыкметнае месца. Гэта з усёй пераканальнасцю засведчылі аповесці і раманы «Суд у Слабадзе», «Неруш», «Хроніка дзетдомаўскага сада», «Но пасаран», «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел».

Пра ўсе гэтыя творы мне з той ці іншай нагоды ўжо даводзілася выказвацца ў друку. Таму цяпер я спынюся толькі на дзвюх новых аповесцях празаіка — «Прахожы» і «Да сустрэчы...», апублікаваных у часопісе «По­лымя» (1995, № 9; 1997, № 5).

Ужо ў рамане «Неруш» і асабліва ў «Хроніцы дзетдомаўскага сада» выразна выявілася імкненне Віктара Казько да мастакоўскага даследавання самых вострых праблем сучаснасці, а таксама да складанай арганізацыі апавядальнай плыні твора, яго сюжэтна-кампазіцыйнай структуры, у якой, перакрыжоўваючыся, узаемадзейнічаюць састаўныя элементы рознага кшталту: уласна мастацкая выяўленчасць, у сваю чаргу, таксама далёка неаднародная, неадназначная ў сваёй разнапланавасці. Паэтыка канкрэтнарэалістычная, для якой характэрна яркая дэталізацыя, а часта і гумарыстычная падсветка, тут спалучаецца з умоўна-сімвалічнай вобразнасцю і шматзначна-прытчавым пачаткам. Усё гэта цягне за сабой і разнастайнасць экспрэсіўна-стылёвых рэгістраў, сярод якіх усё большую ролю набывае непасрэдна аўтарскае слова рознай эмацыянальнай афарбоўкі. Вельмі часта яно з’едліва-іранічнае, парадаксальна-падкавырыстае, поўнае прыхаваных, а то і адкрытых выпадаў супраць многіх прыкрых рэалій нашага часу, непрымальных для гуманістычнай свядомасці пісьменніка.