Выбрать главу

Прыгадваючы, як стваралася «Хроніка дзетдомаўскага сада», празаік у гутарцы з У. Ягоўдзікам зазначаў: «На пачатку работы я не ведаў, што і як напішацца, але адчуваў: сабраны матэрыял патрабуе нейкай свабоднай, раскаванай формы. Наогул, калі прызнацца, я не люблю сюжэта, ён мне не ўдаецца. Каб перадаць тое, што накіпела ў душы, выліць увесь свой боль, мне патрэбна была менавіта свабодная форма расказу з частымі вяртаннямі ў мінулае, з аўтарскімі адступленнямі — разгорнутымі роздумамі. Я перш за ўсё ішоў за думкаю, баяўся страціць напружанасць гэтай думкі». Далей, са спасылкай на тэарэтыкаў, яшчэ гаварылася пра вялікія магчымасці не звыклай эпічнасці, а рамана-эсэ, рамана-даследавання.

Гэтыя формы цяпер і сапраўды набываюць усё большае пашырэнне. Іх уплыў на творчасць Казько бясспрэчны і вельмі моцны. Нездарма ж пісьменнік ужо «Хроніку дзетдомаўскага сада» ў часопісных публікацыях называў трохі іначай: «Сад, альбо Заблытаны след рамана». Гэтым загалоўкам падкрэслівалася нетрадыцыйнасць твора, складанасць яго апавядальнай плыні, у якой галоўным формаўтваральным пачаткам выступае не прывычнае для эпічнай класікі разгортванне падзейнага сюжэта, а пісьменніцкая думка. Менавіта яна ўладарна дыктуе апавядальную форму, падпарадкоўвае сабе ўсё ў творы.

Прыярытэт аўтарскай думкі несумненны і ў аповесцях «Прахожы» і «Да сустрэчы...», дзе яшчэ ўзмацняюцца жанравыя прыкметы прозы-роздуму, эсэ, даследавання, рознабакова нюансіраваных псіхалагічных экскурсаў з вельмі абмежаванай падзейнасцю. Трывалы непасрэдна падзейны ланцуг з добрай дапасаванасцю ўсіх ягоных звенняў, які трымае ў выразна і нават строга акрэсленым рэчышчы апавядальную плынь у класічнай эпіцы, тут змяняецца скупым свавольна-зігзажыстым падзейным пункцірам, часта няпэўна-загадкавым, а то і прывідна-хісткім, містыфікаваным, калі нельга адназначна сказаць, тая або іншая падзея на самой справе адбылася ў мастацкім свеце твора ці яна толькі прымроілася аўтару-апавядальніку.

Так, у аповесці «Прахожы» падзейную аснову складае ў многім загадкавая гісторыя рудога ката Міхлі, якога за галавастасць і кемлівасць называюць яшчэ і Леніным. «Разумнік, лабасты, ну чыста Уіадзімір Ільіч Ленін... Пайшоў у кош», — выносіць свой прысуд кацяняці, пацалаваўшы яго, мусіць, іудзіным пацалункам, гаспадыня той хаты, на гарышчы якой паявіўся на свет гэты разумнік-хітрун. Прысуд быў смяротны, бо ў згаданым кашы кацянят неслі тапіць. Але Міхля не затануў. Ён неяк выратаваўся, каб зноў і зноў трапляць у арбіту пісьменніцкага роздуму, які і складае ўнутранаглыбінны сюжэт твора, яго сапраўдны змест.

У аповесці «Да сустрэчы...» уласна падзейная аснова таксама небагатая. Гэта твор пра паміранне мастака, выдатнага Майстра, які ўжо на схіле жыцця, у свае самыя апошнія дні, падводзіць несуцяшальныя вынікі пражытаму і зробленаму. Але непаслядоўнае ўзнаўленне перажытага, калі не ва ўсёй паўнаце, вядома, практычна немагчымай, дык у большасці паваротных момантаў, з’яўляецца самым істотным, галоўным у аповесці, а Майстраў роздум пра сваё жыццё і час, эпоху, якая таксама адыходзіць, у пэўным сэнсе памірае разам з мастаком і ягонымі паплечнікамі і праціўнікамі па мастацтве. Многія ж эпізоды, падрабязнасці жыццёвай біяграфіі Майстра і яго творчасці ўвогуле падаюцца сумарна-абагулена і вельмі няпэўна. Толькі намёкамі, якія могуць абрывацца зусім нечакана. У жывым працэсе мыслення такія абрывы і недагаворкі вельмі натуральныя. Але паўнаце і канкрэтнасці ўяўлення пра справы мастака яны, зразумела, не садзейнічаюць. У творы нават не гаворыцца, у якой галіне мастацтва працуе Майстра.

Аповесць прысвечана памяці вядомага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава, які нарадзіўся ў Магілёве. З Магілёвам звязаны і лёс Майстра з аповесці «Да сустрэчы.». Як і рэальны Віктар Тураў, памірае намаляваны пісьменнікам мастак адразу пасля свайго шасцідзесяцігоддзя ад страшнай хваробы — раку. Улічваючы гэтыя факты і некаторыя іншыя супадзенні, можна сцвярджаць, што жыццёвая і творчая біяграфія менавіта Турава дала галоўную зачэпку для роздуму празаіка пра лёс мастака і мастацтва ў наш час.

Але Казько выкарыстоўвае і некаторыя дэталі, звязаныя, як можна здагадацца дасведчанаму чалавеку, з Андрэем Макаёнкам. Ёсць у творы прамыя згадкі пра Максіма Танка і Пімена Панчанку.

Словам, зусім невыпадкова, што Майстра пакінуты безыменным, а сфе­ра яго дзейнасці ў мастацтве дакладна не называецца. Так падкрэсліваецца «зборнасць», шырокая абагульненасць вобраза, яго характэрнасць, а калі хочаце, і тыповасць для нашай яшчэ савецкай і цяперашняй рэчаіснасці. А пісьменніцкі роздум пра чалавека ў ХХ стагоддзі, пра пакутлівыя шляхі ма­стака і мастацтва ў эпоху вялікай, бязлітаснай і, як аказалася, згубнай ломкі ўсяго, распачатай бальшавікамі ў 1917 годзе, — гэты роздум (пераважна ад імя Майстра і праз ягоныя думкі, разважанні, здагадкі, прызнанні) атрымаў прастору для разгарнення, стаў вельмі цікавым, глыбокім і сапраўды маштабным.