Выбрать главу

У абедзвюх аповесцях выдатна паказана бязладдзе нашага цяперашняга і нядаўняга жыцця, яго парадаксальнасць, абсурднасць і нейкая фантасмагарычнасць, адлюстраванне якіх найбольш уражвае і ў «Прахожым», і ў «Да сустрэчы...».

Адна з яркіх праяў гэтай фантасмагарычнасці — уяўная раздвоенасць са­мога апавядальніка ў аповесці «Прахожы», асэнсаваная з’едліва-іранічна, з выразнай праекцыяй на сучаснае грамадства: «Не ведаю, хто я. Хаця і дакументы маю. Пашпарт дзяржавы, якая ўжо не існуе. Мова чужая, чаравікі заморскія — са старых запасаў, фрэнч шэра-бура-малінавы, а штых... не, штыха няма. А быў, быў нямецкі, у хаце лучыну калоць. Ды нейкія заезджыя калекцыянеры ногі яму прырабілі. І як нешта ўсё роўна прырабілі і мне. Памянялі галаву на адно месца. І я не прыкмеціў бы, навошта мне сёння тая галава, ды толькі ў пэўны неадкладны час блытацца пачаў: ці то есці, ці то. І мерзне на ветры новая галава, прывыкла да штаноў. І перад іншымі людзьмі было спачатку крыху няёмка. Але потым прыгледзеўся: бацюхнысветы, ды гэта ж такое сёння не толькі ў мяне аднаго». І працяг: «Добра яшчэ, што мне, як таму арлу, прыладзілі толькі дзве галавы. А каб болей, я адчуваю, яны б проста разадралі мяне што тую жабу, жыўцом з’елі. А так пакуль жывы. Галовы камандуюць, а я ні з месца, хай самі паміж сабой разбіраюцца. Якая пераможа, той і буду падпарадкоўвацца».

Фантасмагорыя разгортваецца і далей. Апавядальнік, яшчэ ўзмацняючы праекцыю дурноты на грамадства і яўна мецячы пры гэтым у адміністрацыйны сверб вялікіх чыноўнікаў, зазначае: «Вось так і ў маёй галаве боўтаюцца нічым не стрыманыя думкі, пазбаўленыя перагародак [як у яйку-баўтуне, дзе жаўток змешваецца з бялком]. Адна наскоквае, наязджае на другую. І атрымліваецца адна толькі дурнота. Падазраю, што такое сёння адбываецца не з адным толькі мной, не сляпы і не глухі, слухаю радыё і калі-нікалі гляджу тэлевізар і чытаю... Спрэс адны толькі людзі без перагародак у га­лаве. Баюся, што скора-скора ад іх пачне патыхаць гніллю і гноем. За сябе таксама баюся.

Смярдзіць, смярдзіць нешта чалавек напрыканцы другога тысячагоддзя, як тая рыба, гніе з галавы».

Кіраўнічае безгалоўе і агульная людская безадказнасць нараджаюць мноства складаных праблем, сярод якіх у аповесці «Прахожы» звяртаецца ўвага на страту беларусамі «гістарычнай памяці», вялікае пашырэнне п’янства, паміранне вёскі, жахі Чарнобыля, ад якіх пісьменніцкая думка сягае ўжо ў космас. Так гранічна завастраецца экалагічная праблема: «Апаганілі сваю матухну-Зямлю, цяпер замахваемся і на іншыя планеты, на сусвет. Космас нас вабіць і прыцягвае да сябе. На Млечным Шляху выспацца і паблукаць, разгадаць яго таямніцы марым. І толькі марым. Колькі ж гэтага ўсяго нашага ламачча круціцца ў тым космасе. Колькі дзірак і праколін над нашай галавой. Якія толькі хапуны і калатуны не хапаюць і не калоцяць нас сёння, таго-сяго да смерці. Бясконца доўжацца магнітныя буры ў космасе, а ў чалавека на Зямлі цісне сэрца і кружыцца галава, уціскае і ўкручвае яго ў сырую маці-зямлю. Сярод зімы ні з таго ні з сяго ўсчынаюцца навальніцы з громам і маланкай. Бясконца, як у ліхаманцы, то на адным краі Зямлі, то на другім узнікаюць землятрусы. І людзі падаюць пачкамі ўжо. Гэта сёння, калі космас яшчэ толькі прыгожая мара. А што будзе заўтра, калі мы, як татара-мангольская арда на чале з новым Мамаем, хлынем туды... Рана, рана нам яшчэ туды. Мы ж абавязкова і там пачнем са свінарніка. У нас жа завядзёнка та­кая — пачынаць са свінарніка. Ператвараць усё ў свінарнік, а потым чухаць патыліцу: нешта не так. На ўвесь сусвет з таго Млечнага Шляху разляжацца парасячы віскат, смурод і чалавечы плач. Як і на Зямлі, пачнецца барацьба за чысціню сусвету, у выніку якой каменя на камені не застанецца, не застанецца і знаку ад самога сусвету».

Залішне змрочная карціна, занадта вялікае перабольшанне? Але вельмі ж неабачліва гаспадараць людзі на нашай планеце, асабліва ў краінах, якія яшчэ нядаўна называліся сацыялістычнымі і на словах як быццам клапаціліся найперш пра чалавека, аднак менавіта яго і губілі найбольш. Вось і енчыць чалавечая душа, крыкам крычыць, а то і губіць сябе самазабойствам. Пра гэта таксама з вялікай горыччу гаворыцца ў «Прахожым».