Выбрать главу

Развіваючы матыў разбурэння чалавечай душы як вынік шматгадовага бязладдзя ў краіне, аўтар згадвае і ўсё больш пагрозлівае ўзмацненне разла­ду паміж бацькамі і дзецьмі, што таксама з’яўляецца прыкметай крызіснага стану грамадства. «Раней дзяцей знаходзілі ў капусце з каляровай соскай у роце», — разважае апавядальнік з пэўнай жартоўна-казачнай гуллівасцю, якая хутка змяняецца на іншы тон, ужо зусім горкі, бо «дзяцей усё часцей і часцей знаходзяць на сметніках. І ўпрыгожаны яны цяпер не ружовымі банцікамі, а спехам пагрызенай, крывавячай яшчэ пупавінай, як пятлёй, вяроўкай з шыбеніцы. Парвалася пупавіна паміж дзецьмі і бацькамі». Пакутуюць ад гэтага не толькі дзеці, але і самі бацькі, якія з-за вялікай крыўды на жыццёвую неўладкаванасць «спяшаюцца хутчэй адысці на той свет.». Каб не чуць і не бачыць таго, што творыцца на гэтым свеце. І радуюцца, калі прыспявае час таго адыходу, а не — то і паскараюць яго. Тая ж пелька на шыю — і бывайце здаровы, жывіце багата. Навек і навечна ад’язджаюць да­дому, дахаты. Сапраўды, нашы дзяды не ведалі бяды, іх унукі спазналі мукі».

Апошнія фразы паказальныя і для стылістыкі «Прахожага» і іншых твораў Казько. У гэтай стылістыцы шырока і звычайна трапна выкарыстоўваюцца ўстойлівыя моўныя клішэ рознага паходжання, якія, як і ў згаданых прыкладах, найчасцей пераасэнсоўваюцца ў іранічным ключы, а ўвогуле ж ствараюць шырокі культурны кантэкст, для твораў з моцнай інтэлектуальнафіласофскай скіраванасцю вельмі істотны. У такім кантэксце натуральна ўспрымаюцца і па-свойму дасціпная фразеалогія пра шчырага камуніста, які пэўна сцвярджаў пра сябе толькі тое, што ён «без цара і Бога ў галаве», і тыя ж цытаты, часам трохі перайначаныя, з вядомых песень ці паэтычных твораў, напрыклад Маякоўскага, што ледзь не жывасілам убіваліся ў нашы галовы яшчэ са школьных гадоў, і добрыя прыказкі, і ходкія, у пэўным сэнсе таксама трапныя, штампы палітычнага жаргону эпохі, і выразы, стылізаваныя пад біблейскую ўзвышанасць ці, наадварот, пад жартоўна-зніжаны раёк.

Заканчваецца аповесць «Прахожы» трохі загадкава, ці не гібеллю жыц­ця на зямлі ў выніку сутыкнення з каметай, куродымны хвост якой «накрыў зямлю хмарай. Камета абрынулася на людское мора. Апошні раз заспявала ці то застагнала скрыпка. А мо так пранізліва заскрыпеў на лузе дзяркач. Заскрыпеў і змоўк». Назаўсёды? Зусім пэўна адказаць цяжка, бо заключны раздзел аповесці, з якога ўжыты працытаваныя радкі, мае яшчэ некалькі аддзеленых вялікім інтэрвалам абзацаў, дзе ўжо гаворыцца, нібыта «чыясьці касмічная душа», «адыходзячы ад зямлі», пачынае «маліцца за яе». І вось вынік: «Благаслаўлёнае, мяккае святло легла на страху хаты, на прыбярэжныя, непраглядныя і ў сонечны добры час хмызы. І хмызы тыя засвяціліся, заззялі, зазіхацелі, няйнакш як нехта асвячаў і мілаваў зямлю. Благаслаўляў яе сярод глыбокай ночы і цемры на доўгі і шчаслівы шлях у сусвеце».

Значыць, пасля катастрофы жыццё на зямлі адродзіцца і заззяе ў новай красе? Здавалася б, трэба думаць так. Але чамусьці ад таго благаслаўлёнага святла ўжо ў самых апошніх радках аповесці «гарэла хата», пакінутая двума рудымі катамі, якія «зніклі ў хмызах. Больш іх ніхто нідзе не бачыў».

Апошняя дэталь (што рудых катоў стала два) таксама трохі нечаканая, бо на працягу твора дэманстраваў сваё ўсведамленне і містычныя прароцтвы адзін вусаты рудзька, які доўга спадарожнічаў апавядальніку. Зноў раздваенне, цяпер ужо ката? У фантасмагарычным свеце яно не павінна здзіўляць.

А тое, што гарыць хата, усё ж азадачвае, бо пажар ахоплівае хату не простую, а выразна сімвалічную. Відаць, менавіта яе будаваў апавядальнік як надзейны прытулак у жахлівы, «цьмяны і няпэўны час». І будаўніцтва тое таксама з сімволікай — яно вялося на месцы, дзе некалі жыў старажытны чалавек. Адсюль, сцвярджалася ў яшчэ адным фантасмагарычным эпізодзе, «пойдзе пачатак новага жыцця Беларусі», «пойдзе ў свет і па свеце новы ча­лавек». І вось такая хата гарыць. Дык ці не перакрэсліваюцца такім фіналам заяўленыя перад гэтым спадзяванні на шчаслівы ўрэшце лёс зямлі? Ці яна мысліцца шчаслівай без людзей?

Гаворка ж пра новага чалавека, якая вялася трохі раней, таксама нясе ў сабе нешта легкаважнае, можа, нават знарок парадыйнае, бо вельмі ж яна нагадвае фанабэрыстую фразеалогію бальшавікоў, якія бясконца трубілі пра нібыта распачатую імі новую эру і стварэнне таго ж новага чалавека. А што засталося ад іхніх зманлівых абяцанак-цацанак? Адно расчалавечванне людзей, пра якое шмат і з вялікім эмацыянальным напалам напісана ўжо ў аповесці «Да сустрэчы...». Крытыка нядаўняй і сённяшняй рэчаіснасці, да якой мы прыйшлі, паверыўшы ў прывід камунізму, што яшчэ з часоў жывога Маркса блукаў па Еўропе, тут надзвычай вострая і рэзкая. Значыць, меў ра­цыю рускі крытык Л. Анінскі, які ўжо ў канцы 1970-х гадоў хлёстка сказаў: «Казько піша — як рэжа: напор гравёра — папера гарыць і рвецца». Часам гарыць яна і ад эмацыянальнага, вядома, крытычнага, напалу ў аповесці «Да сустрэчы...».