Нават пісьменнікі, якія выступілі ў літаратуры намнога раней за Караткевіча, у сваіх пазнейшых творах аказваюцца сугучнымі яму. Гэта, у прыватнасці, стасуецца да знакамітага яшчэ з часоў «Глыбокай плыні» І. Шамякіна. У капітальнай па сваёй грунтоўнасці акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» (чатыры велічэзных тамы, апошні ў дзвюх кнігах) сцвярджаецца, што раманам «Вялікая княгіня» пісьменнік працягваў традыцыі «той прозы, падмурак якой быў закладзены яшчэ У. Караткевічам» (Мінск, 2001. Т. 3. С. 633).
Прыгадаўшы гістарычна дакладны вобраз Чарвякова ў быкаўскім «Знаку бяды» (1984), я падумаў, ці не паўплываў Караткевіч у гэтым кірунку і на Быкава. Бо Васіль Уладзіміравіч вельмі паважліва ставіўся да твораў Караткевіча і яго самога, называў рыцарам чалавечага духу, найвыдатнейшым нашым пісьменнікам, у якога «ёсць чаму павучыцца», але пра сваю вучобу ў маладзейшага сябра нічога не казаў. Быкаў звычайна аддаваў перавагу жорстка рэалістычнаму «пяру аналітыка», ён не любіў расквечваць сваё блізкае да графікі пісьмо прыгожымі фарбамі. У Караткевіча ж у найбольшай пашане было слова яркае, узнёсла-квяцістае, рамантычна-ўзвышанае. Ён, як адзначыў Быкаў, рамантызаваў і нашу гісторыю ў духу Майна Рыда, Вальтэра Скота і Генрыка Сянкевіча.
Рамантызацыя па-свойму ўзвышала мінулае. Такі падыход да гісторыі тыповы для нацый, якім трэба зноў і зноў даказваць сваё права на існаванне. Але і самая яркая рамантызацыя ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» не перашкодзіла Караткевічу дасягнуць вялікага поспеху ў паказе Каліноўскага і яго часу. «Такой шырыні ахопу гістарычнай эпохі і такога пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе», — падкрэсліваў В. Быкаў.
Раман «Каласы пад сярпом тваім» і ва ўласна мастацкіх адносінах атрымаўся вельмі прывабным. Караткевіч заўсёды пісаў займальна, так выбудоўваў свае творы, каб яны захоплівалі чытача, але пры гэтым не збіваўся на голае пацяшальніцтва. Вострая інтрыга ў яго звычайна спалучалася з падтэкставай глыбінёй і ёмістасцю, вынаходлівы вясёлы гумар набываў з’едлівасць, калі трэба было выкрываць крывадушнасць хцівых уладароў.
Арыентацыя, калі не свядомая, дык міжвольная, на традыцыі Караткевічавай гістарычнай прозы бачыцца мне і ў рамане «Літоўскі воўк». У добрай гістарычнай прозе ў нас цяпер без гэтага ўвогуле наўрад ці можна абысціся. А ў Наварыча і гістарычны перыяд узяты той жа, што і ў «Каласах пад сярпом тваім», — часы паўстання Кастуся Каліноўскага.
Праўда, і ў Караткевіча вобраз Кастуся Каліноўскага не стаў галоўным. Яго вельмі істотна пацясніў вымышлены паплечнік Кастуся Алесь Загорскі. Можа, таму, што аўтару «Каласоў» цяжка было паэтызаваць уласцівую Каліноўскаму дыктатарскую ўладарнасць і жорсткасць яго натуры.
У рамане «Літоўскі воўк» Каліноўскі паяўляецца толькі эпізадычна, пераапрануты ў англічаніна, і гаворыць некалькі патрыятычных фраз. Ды яшчэ, паказваючы сваю мужчынскую сілу, «бярэ» фанабэрыстую, прагную да ўцех кахання польку. Іншыя першарадныя кіраўнікі ўвогуле адно згадваюцца. Але гістарычныя акалічнасці, у якіх паўстанне разгортвалася, узноўлены з гістарычнай дакладнасцю і з выкарыстаннем шэрагу дакументальных матэрыялаў.
Такім чынам, асноўная ўвага раманіста скіроўваецца на мастакоўскі аналіз самой грамадскай атмасферы ў тых асяродках, дзе разгортвалася паўстанне (узята заходняе Палессе, пераважна самыя блізкія пісьменніку рэгіёны). Добра паказана таксама бязладдзе ў шэрагах паўстанцаў і стаўленне да іх розных пластоў насельніцтва. Адлюстраванне атрымалася грунтоўнае і пераканальнае ў сваёй рэалістычнасці, глыбокае па тых высновах, якія з яго вынікаюць.
Алесь Наварыч умее ствараць змястоўныя чалавечыя характары, няспрошчана паказаць псіхалогію сваіх персанажаў, іх часам супярэчлівыя, а то і парадаксальныя ўчынкі.
Добрая псіхалагічная змястоўнасць бясспрэчная ў абмалёўцы каларытнай фігуры Яся Кавальца. Ён напалову шляхціц, напалову селянін. І ўжо гэта вызначае яго адметнасць. Ясь блізкі да прыроды, памяркоўны па натуры, не любіць сядзець без справы. Ён таксама сім-тым дапамагае паўстанцам, але робіць гэта вымушана, бо арганічна не прымае кровапраліцця, непазбежнага ва ўзброенай барацьбе. Не па душы яму жорсткасць, якую кіраўнікі паўстання праяўляюць не ў меншай меры, чым урадавыя войскі, кінутыя на яго падаўленне.